Тэлефонныя ашуканцы выманілі ў пенсіянеркі з Гродна 3 тысячы долараў.
Як паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, у канцы снежня 86-гадовай жыхарцы абласнога цэнтра патэлефанаваў мужчына, прадставіўся яе сынам і расказаў, што трапіў у непрыемную сітуацыю. Затым тэлефонную трубку ў «сына» ўзяў нібыта супрацоўнік праваахоўных органаў, які заявіў, што інцыдэнт можна ўладзіць за 6 тысяч долараў.
Ён даў рэквізіты банка, куды трэба перавесці грошы, і нумар, па якім трэба патэлефанаваць пасля грашовага пераводу. Дарэчы, гэты нумар быў зарэгістраваны на тэрыторыі Літвы. У пенсіянеркі патрабаванай сумы не знайшлося, мелася толькі 3 тысячы долараў, іх яна і перавяла на рахунак. Пазней высветлілася, што яе сын знаходзіцца ў Беларусі і ніякіх «інцыдэнтаў» з ім не адбывалася. Жанчына стала ахвярай махляроў. Даведаўшыся пра гэта, яна звярнулася ў праваахоўныя органы. Па гэтым факце ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 209 КК Рэспублікі Беларусь (махлярства).
Падобныя злачынствы ўжо адбываліся на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў 2017—2018 гадах. Работнікі міліцыі звяртаюць увагу на неабходнасць папярэджваць сваіх сваякоў (найперш — пажылых) аб магчымасці здзяйснення ў дачыненні да іх такога роду махлярства.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni