Больш за 25 маштабных кітайскіх светлавых кампазіцый запаліліся ў Дзень усіх закаханых у Цэнтральным батанічным садзе ў Мінску.
Шоу “Фестываль гіганцкіх кітайскіх ліхтароў” было створана на аснове старажытных традыцый Кітая і сучасных тэхналогій. Каля двух тыдняў спецыялісты кітайскай кампаніі “Haitian Culture” ўпрыгожвалі алеі саду да фестывалю разнастайнымі кампазіцыямі ў выглядзе герояў з фальклорных твораў усходняй культуры. Кожная светлавая фігура - гэта вынік працы дзясяткаў майстроў і міні-шэдэўр.
Трывалы стылёвы каркас майстэрскі накрыты рознакаляровай тканінай і па-майстэрску падсвечаны ўнутры, дзякуючы чаму, нягледзячы на свой немаленькі памер, экспанаты здаюцца абсалютна бязважкімі. Каб сабраць кожную з такіх светлавых скульптур, 14 майстрам спатрэбілася каля 500 дэталяў. Многія з кампазіцый маюць гукавое суправаджэнне, якое дадае рэалістычнасці таму ці іншаму матыву.
Каардынатар праекта Чжан Вэй адзначыла, што ўся тканіна, канструкцыі былі прывезены з Кітая, каб арганізаваць гэта цудоўнае свята фарбаў.
Такое ўнікальнае для беларускіх рэалій шоу - свайго роду аналаг старадаўняга свята ліхтароў, які адзначаюць у апошні дзень святкавання кітайскага Новага года. А для мінчукоў гэта не толькі экзатычная атмасфера, напоўненая рамантыкай, але і знаёмства са старажытнай традыцыяй, якой больш за 2 тысяч год. Хоць арганізатары свята адзначаюць, што ў наш час гэтая традыцыя мадэрнізавалася. Старажытныя кітайскія ліхтары ў асноўным былі чырвонага колеру, упрыгожваліся іерогліфамі.
Таццяна ТКАЧОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-zakahanyh
[4] https://zviazda.by/be/tags/batanichny-sad
[5] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[6] https://zviazda.by/be/tags/lihtary