Як адзначыла начальнік упраўлення гуманітарнай дзейнасці Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі Інга Гарбунцова, вынікам усёй дзейнасці ў гэтым кірунку стала супрацоўніцтва Беларусі з 51 краінай па выніках 2018 года.
«Амаль 70 мільёнаў долараў фінансавых рэсурсаў у эквіваленце паступіла на рэалізацыю розных сацыяльных праектаў», — падкрэсліла спецыяліст.
Назіраецца станоўчая дынаміка — у 2017 годзе сума дапамогі склала 59,8 млн долараў.
Яна звярнула ўвагу, што прыярытэты рэалізацыі сродкаў застаюцца ранейшымі — гэта ахова здароўя, абарона дзяцей, састарэлых грамадзян, навакольнага асяроддзя, укараненне рэсурсазберагальных тэхналогій.
Інга Гарбунцова таксама адзначыла, што ўся праца па дамоўленасцях, якія былі дасягнуты ў 2018 годзе, ужо дае вынік. Напрыклад, літаральна некалькі дзён таму прыбыў першы груз лекавых сродкаў на суму 2,2 млн долараў з ЗША. Паводле яе слоў, гэта доўгатэрміновы праект, звязаны з пастаўкамі найбольш запатрабаваных лекаў у Беларусь.
Дарэчы, на сёння пры ўдзеле беларускага пасольства ў ЗША наладжваюцца сувязі з больш чым дзесяццю найбуйнейшымі дабрачыннымі арганізацыямі Злучаных Штатаў Амерыкі. Спецыяліст выказала надзею, што дадатковыя аб'ёмы дапамогі з ЗША па выніках 2019 года могуць перавысіць паказчыкі апошніх гадоў (10—12 млн долараў) і перасягнуць бар'ер у 15 млн долараў.
...На той жа прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Аляксей Іофэ расказаў пра тое, якім краінам Беларусь аказала гуманітарную дапамогу ў 2018 годзе.
Так, у студзені мінулага года груз быў накіраваны пацярпелым ад трапічных тайфунаў і разбуральных паводак у В'етнам. Гэта прадукты харчавання, палаткі, коўдры, генератары энергіі, ложкі-раскладанкі.
Аўтамабільным транспартам быў дастаўлены груз ва Украіну. Былі накіраваны два грузавыя аўтамабілі, а таксама аўтамабілі з халадзільнікамі і школьнай мэбляй.
Яшчэ ў мінулым годзе Беларусь адправіла свой верталёт для тушэння пажараў у Латвію.
Акрамя таго, у 2018 годзе чарговы раз было прынята рашэнне аб аказанні гуманітарнай дапамогі Сірыі. Дарэчы, быў прапрацаваны новы маршрут дастаўкі — з дапамогай чыгуначнага, а потым марскога транспарту. «Цяпер дадзены груз ужо, скажам так, фактычна дастаўлены ў Сірыйскую Арабскую Рэспубліку. Кантэйнеры дастаўлены, і грузавы транспарт айчыннай вытворчасці — самазвал і аўтобус МАЗ, яны ідуць іншым паромам — будзе перададзены ва ўстаноўленым парадку», — дадаў ён.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gumanitarnaya-dapamoga