Прэзентацыю работ пераможцаў Міжнароднага конкурсу сацыяльнага плаката "Зараз!" можна будзе ўбачыць 3 красавіка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Гэты праект прысвечаны валанцёрству і дабрачыннасці.
У конкурсе прынялі ўдзел плакаты з 24 краін свету. Сярод 250 работ было адабрана 60 лепшых і тры пераможцы. Менавіта яны і будуць прадстаўлены на заяўленым мерапрыемстве. Многія аўтары — знакамітыя прафесіяналы ў сваіх краінах. Яны пагадзіліся на выкарыстанне сваіх работ у некамерцыйных мэтах. Плакаты ацэньвала міжнароднае журы.
Першае і другое месца ў дызайнераў з Польшчы, трэцяе — у беларускага ўдзельніка. Цікава, што сертыфікаты пераможцам будуць уручаць праз пасольства той краіны, дзе жыве ўдзельнік конкурсу.
— Гэта дапаможа яшчэ больш папулярызаваць праект, — лічыць куратар "Зараз!" Таццяна КУПАВА. — Тэма дабрачыннасці актуальная заўсёды. Нам, арганізатарам праекта, хацелася зрабіць нешта карыснае, што будзе фарміраваць у грамадства актыўную жыццёвую пазіцыю. Для рэалізацыі задумы было важна, каб праект ажыццяўляўся добраахвотнымі намаганнямі — валанцёрамі. Менавіта яны рассылалі аб’явы ў розныя краіны свету, звязваліся з іншымі валанцёрскія групамі, з пасольствамі і консульствамі. Такім чынам удалося сабраць работы вядомых мастакоў, ілюстратараў, дызайнераў і запрасіць міжнароднае журы.
Дар’я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/plakaty
[4] https://zviazda.by/be/tags/valancyorstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnasc