Людзі і падзеі, архітэктурныя помнікі і маляўнічыя краявіды, прыгажосць урбаністычная і запаведная, рэпартажныя кадры, макраздымкі, «мабільныя фота» і відовішчныя панарамы... Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы падвялі вынікі маштабнага фотапраекта «Я сэрцам бачу», прысвечанага Году малой радзімы. Фінальны этап аб'яднаў трыццаць фатаграфій, выкананых у розных тэхніках і жанрах.
Экспазіцыя, што размясцілася ў галерэі «Атрыум» галоўнай бібліятэкі краіны, аб'яднала работы як аматараў і пачаткоўцаў, так і майстроў, чые імёны вядомыя далёка за межамі нашай краіны: Сяргея Плыткевіча, які больш за 40 гадоў занатоўвае прыгажосць беларускай прыроды, «летапісца глыбінкі» Сяргея Гапона, удзельніка Саюза фотамастакоў Расіі Улада Сакалоўскага, чые пейзажныя работы друкуюцца ў сусветных СМІ, прызёра міжнародных фотаконкурсаў SONY World Photography Awards, 35 Аwards Арсенія Семянкова, які ўмее бачыць творы мастацтва нават у знаёмых многім збудаваннях Мінска, ды іншых. Наведаць яе можна цягам трох месяцаў, а выбіраць сярод фіналістаў найлепшага, расказаў кіраўнік міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала «Беларусь 24» Аляксандр Мартыненка, будуць з дапамогай саміх гледачоў і наведвальнікаў выстаўкі: прагаласаваць за ўпадабаныя здымкі можна на сайце belarus24.by і ў афіцыйных групах у сацсетках. Пакуль жа ўзнагароды атрымалі пераможцы папярэдніх этапаў.
Нагадаем, фотапраект «Я сэрцам бачу», зладжаны міжнародным спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24» сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай, стартаваў мінулай вясной. Выстаўкі, арганізаваныя на папярэдніх этапах праекта, убачылі і ацанілі больш як 80 тысяч наведвальнікаў.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[4] https://zviazda.by/be/tags/fotakonkurs