У рамках мінскага Кубка свету па скачках на батуце пройдуць і тэставыя спаборніцтвы да ІІ Еўрапейскіх гульняў. У турніры возьмуць удзел 170 спартсменаў з 36 краін, гэта значыць у беларускіх балельшчыкаў ёсць шанц убачыць усіх зорак гэтага віду спорту, у нас выступяць алімпійскія чэмпіёны, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў і этапаў Кубка свету. Таксама гэтыя спаборніцтвы з’яўляюцца адным з этапаў адбору на летнюю Алімпіяду-2020 у Токіа.
Сярод галоўных прэтэндэнтаў на медалі і беларускія батутысты, у мужчынскай камандзе добрыя шанцы на поспех у алімпійскага чэмпіёна Рыа-дэ-Жанэйра Уладзіслава Ганчарова, двухразовага чэмпіёна свету Алега Рабцава, аднаго з самых перспектыўных маладых спартсменаў свету Івана Літвіновіча. Прэтэндэнтамі на ўзнагароды ў сінхронных скачках стануць Мікіта Ільіных і Арцём Жук. У жаночай камандзе Беларусь прадставяць Марыя Махарынская, Ганна Ганчарова і Валянціна Багамолава, аднак дзяўчаты з-за праблем са здароўем зараз знаходзяцца не ў самай аптымальнай форме. Да таго ж з-за аперацыі не зможа выступіць у Мінску Ангеліна Хацян. Нагадаем, што ў фіналах этапу Кубка свету зможа выступіць толькі адзін прадстаўнік ад краіны, таму барацьба нават у кваліфікацыі абяцае быць гарачай. Адзначым, што беларуская зборная паспяхова пачала спаборніцкі год: на першым этапе Кубка свету ў Баку УладзіслаўГанчароў атрымаў «золата» ў індывідуальных скачках, а Валянціна Багамолава і Ангеліна Хацян перамаглі ў сінхронных скачках.
«Настрой у каманды добры, — расказвае галоўны трэнер зборнай Беларусі па скачках на батуце Вольга УЛАСАВА. — Нам падабаецца афармленне спаборніцкай арэны, батуты, прасторная зала. Хочацца сказаць, што да ІІ Еўрапейскіх гульняў мы падыходзім з энтузіязмам. На І Гульнях выступалі Мікалай Казак і Таццяна Пятрэня. Сёлета склад абнавіўся: прэтэндэнтамі на ўдзел у дамашнім форуме ў жанчын з’яўляюцца Ганчарова і Махарынская, у мужчын — Рабцаў і Ганчароў. Усе гэтыя спартсмены звязаны адзін з адным сінхроннымі скачкамі. Важна, што яны патэнцыйна здольныя на заваяванне медалёў у кожным відзе праграмы Гульняў».
Начальнік упраўлення нацыянальных камандаў Міністэрства спорту і турызму Дзмітрый МАЛОЧКА, адзначыў, што гэтыя спаборніцтвы з’яўляюцца важнымі не толькі для канкрэтнага віду спорту, але і для ўсёй спартыўнай галіны, таму што пры правядзенні спаборніцтваў будзе пратэставана работа арэны і ўсіх зацікаўленых службаў.
— На Еўрапейскіх гульнях за чатыры камплекты ўзнагарод — па два ў індывідуальных і сінхронных скачках сярод мужчын і жанчын — пазмагаюцца 48 наймацнейшых спартсменаў Еўропы, якія ўжо пацвердзілі свой удзел, — звярнуў увагу намеснік дырэктара Дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў Сяргей ШАБЛЫКА. — Беларускі бок звязвае са скачкамі на батуце медальныя чаканні на Гульнях. Спадзяёемся, што ў цэлым у гімнастычных відах нашым спартсменам удасца выступіць годна.
Нагадаем, што ўваход на Кубак свету ў Мінску свабодны.
Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/batuty
[4] https://zviazda.by/be/tags/batutny-sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-gancharou-0