Афіцыйна купальны сезон пачнецца першага мая. Каб паменшыць колькасць патанулых, Таварыства ратавання на водах штогод інфармуе пра рызыкі, заклікае да выканання правілаў паводзін на вадаёмах.
— Чым бліжэй лета, тым больш людзей цягне да водных аб'ектаў, бо адпачынак на іх не толькі прыемны, але і карысны. Адначасова ён хавае ў сабе не толькі радасць, але і пэўную ступень небяспекі, — адзначыў Алег Баразна, вядучы спецыяліст аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы Таварыства ратавання на водах.
Галоўнымі праблемамі з'яўляюцца плаванне на адкрытай вадзе, у непрызначаных для гэтага месцах і гібель непаўналетніх. Летась пры купанні загінула 118 чалавек, з іх — 13 непаўналетніх. Пры гэтым выратавалі яшчэ 107 ахвяр вады.
Па статыстыцы, найбольшая колькасць здарэнняў адбываецца ў гарачае надвор'е. Асноўная прычына гібелі — знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення: колькасць такіх выпадкаў нязменна складае 70 %. Адной з распаўсюджаных праблем з'яўляецца і купанне людзей з захворваннямі. Знаходзячыся ў вадзе, яны могуць адчуць рэзкі спазм сасудаў галаўнога мозга, пераахаладжэнне. Таксама нярэдкія выпадкі падзенняў.
Сярод патанулых аказваюцца і рыбакі — карыстальнікі маламерных суднаў. За мінулы год такіх налічваецца 11 чалавек, з іх адзін непаўналетні.
— Самае галоўнае — сачыць за сабой самім, — упэўнены Алег Баразна. — Калі людзі не выконваюць элементарныя правілы паводзін на водах, рызыка няшчаснага выпадку павялічваецца ў некалькі разоў. Як бы чалавек ні ўмеў добра плаваць, як бы добра сябе ні адчуваў, — ніхто не застрахаваны.
Калі гаварыць пра непаўналетніх, то яны дзеляцца на дзве катэгорыі: дзеці да 10 гадоў, якія ацаніць небяспеку самі не могуць, і 11—18-гадовыя, што любяць забаўляцца не зважаючы на небяспеку. Адказнасць павінна ляжаць на дарослых.
...Зараз мясцовымі ўладамі вядзецца работа па вызначэнні месцаў, дзе будзе дазволена плаваць. У мінулым сезоне іх было адкрыта 456. Ужо вядома, што сёлета гэтая колькасць паменшыцца, паколькі выканкамы пераглядаюць свае рашэнні. «Некаторыя ранейшыя месцы ў гэтым годзе закрыюць таму, што яны ўжо зараслі або не адпавядаюць сучасным нормам», — растлумачыў спецыяліст.
Юлія АДАМОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/plyazh
[4] https://zviazda.by/be/tags/leta
[5] https://zviazda.by/be/tags/kupanne