У канцы лістапада беларуская зона адчужэння — а дакладней, пэўныя тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ) — афіцыйна адкрылася для турыстаў. Новыя для Беларусі турыстычныя маршруты ўжо апрабавалі шаснаццаць экскурсійных груп, кожная — ад пяці чалавек.
Карэспандэнты «Звязды» таксама адправіліся ў зону адчужэння, каб на свае вочы пабачыць, чым прывабліваюць гэтыя тэрыторыі, а таксама даведацца, ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць.
Пасля катастрофы на ЧАЭС больш як 22 тысячы жыхароў найбліжэйшых беларускіх вёсак пакінулі свае дамы. Тут можна паразважаць пра тое, як адна страшная падзея можа спыніць час. Практычна ў кожным закінутым будынку засталіся некранутымі бытавыя прадметы, карты, музычныя інструменты. Напрыклад, у сэрцы запаведніка — вёсцы Пагоннае — мёртва стаяць Дом культуры з лозунгам «Няхай жыве камунізм — светлая будучыня чалавецтва!», школа, крама і інш.
— Цікавасць да наведвання зоны існавала заўсёды. І забаронамі мы гэтага не вырашым. Тым больш ва Украіне ўжо з дзясятак гадоў праводзяць экскурсіі. Усё роўна, канешне, залазяць так званыя сталкеры (тыя, хто наведвае і даследуе [4] закінутыя месцы. — Рэд.). Гэта хавае ў сабе небяспеку. Па-першае, можна напаткаць дзікіх звяроў, а па-другое, гэтыя людзі не ведаюць, дзе які ўзровень радыяцыі. А ёсць і законапаслухмяныя людзі, якія хацелі паглядзець, але не маглі. На радаўнічныя выхадныя трапіць у зону адчужэння можна без спецыяльнага пропуска, толькі адзначыўшыся на КПП. Летась да нас прыехала каля чатырнаццаці тысяч чалавек. Таму мы вырашылі ўзаконіць наведванне і наладзіць бяспечныя маршруты, — расказаў Пётр Нікалаенка, намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Дарэчы. Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — гэта вялікая гаспадарка з асаблівым парадкам. Адказнасць за незаконнае пранікненне сюды імгненна можа перарасці з адміністрацыйнай у крымінальную.
Паводле слоў спецыяліста, першапачаткова ў запаведніку намечаны з дзясятак маршрутаў, але цяпер абкатаныя два. Першы праходзіць праз вёскі Дронькі і Пагоннае. Другі — праз Выграбную Слабаду і пасёлак Сонечны. Маршруты, дзякуючы пажаданням турыстаў, пастаянна дапрацоўваюцца. Падчас экскурсіі гід расказвае пра мясціны, людзі могуць паглядзець на адселеныя вёскі, зайсці ў пустыя хаты.
Наша экскурсія пачынаецца з праходжання КПП «Бабчын». Тут мы сядаем у спецыяльны аўтобус (допуск свайго транспарту забаронены), дзе супрацоўнік запаведніка праз гучную сувязь паведамляе пра мясцовасць.
Па дарозе ў Дронькі наведваем спецыяльную ферму, дзе разводзяць коней. Тут можна пагладзіць маленькіх жарабят і адчуць сябе ў жывой сельскай мясцовасці.
Маршрут да выселенай вёскі пралягае праз густы лес. Нам пашчасціла пабачыць з аўтобуса лася і зайца — тую маленькую частку біяразнастайнасці, якая існуе ў запаведніку. Дарэчы, у зімовы час тут можна наведаць і зубрагадавальнік.
Першы пункт маршруту — вёска Дронькі — згадваецца ў пісьмовых крыніцах з ХVІІІ стагоддзя! Да катастрофы тут жылі 232 чалавекі, якія вымушаныя былі пакінуць свае хаты 4 мая 1986 года.
Тут захаваліся будынкі былых жылых дамоў, школы і крамы. Унутры кожнага збудавання — свае напаміны пра мінулае: старыя вучнёўскія сшыткі, абрыўкі часопісаў і газет, туфлікі і раскіданы посуд. Мёртвая цішыня і пустата гэтых мясцін мімаволі навявае экзістэнцыяльныя думкі і выклікае ўзрушальныя пачуцці: усяго адзін дзень можа кардынальна і назаўсёды змяніць тысячы жыццяў.
Другая вёска — Пагоннае — перажыла спачатку адну трагедыю: падчас Вялікай Айчыннай вайны яна была цалкам спаленая. Жыхары пабудавалі хаты, Дом культуры, школу, дзіцячы садок, бібліятэку, бальніцу і г. д., але не на доўгі век. Вёска была цэнтрам саўгаса «Перамога сацыялізму». Да чарнобыльскай катастрофы тут жылі і працавалі 1053 чалавекі.
На дошцы для аб'яў каля Дома культуры вісіць падыржавелы партрэт Пушкіна. З якога часу — невядома. Унутры будынка, дзе ў аглушальнай цішыні раз-пораз чуеш, як падаюць паслядажджавыя кропелькі з дзіравай столі, на велізарнай для сельскай мясцовасці сцэне валяюцца расцяжкі, што віншуюць з Першамаем і прадказваюць вялікую камуністычную будучыню...
Пасля Пагоннага турысты першага маршруту едуць у вёску Краснаселле, дзе з вышкі могуць убачыць чацвёрты энергаблок, а завяршаецца экскурсія ў выселеных Аравічах.
Другі маршрут ідзе праз вёскі Выграбная Слабада, Пучын і закранае пасёлак Сонечны, дзе нават захаваліся шматпавярховікі.
Экскурсавод і знаўца закінутых мясцін Пётр Філон раіць таксама наведаць вёску Жэрднае, бо там добра захаваліся хаты са спрадвечна палескім побытам. Але ж потым дадае: «Там вельмі шмат радыяцыі, гэта ўжо для аматараў!» Дарэчы, Філон арганізуе экскурсіі для турыстаў са снежня. Гаворыць, беларусаў яшчэ не вазіў.
— Найбольшы попыт — сярод замежнікаў, асабліва цікавяцца палякі, — пацвярджае словы экскурсавода Пётр Нікалаенка — Зараз плануецца візіт васямнаццаці чалавек з Нідэрландаў, адзінкава цікавяцца амерыканцы, расіяне і немцы.
Падчас праходжання маршруту мы і напаткалі групу польскіх турыстаў. Студэнт-электратэхнік Адам гаворыць, што ў беларускай зоне адчужэння яго прываблівае некранутая прырода і самабытнасць.
— Я не баюся радыяцыі, бо яна ёсць паўсюль, але тут яе трошкі больш, — падзяліўся паляк, які аддаў за двухдзённую экскурсію (віза ўключана ў кошт) 1700 злотых — каля 930 беларускіх рублёў.
Беларусы могуць наведаць «зону» значна танней: адна экскурсія на групу ад пяці чалавек каштуе каля 340—350 рублёў. Можна прыехаць і аднаму, але ж сума такая, як і на групу.
Як заказаць экскурсію? Спачатку трэба патэлефанаваць у запаведнік і даведацца пра вольныя даты. Арганізаваць экскурсію можна за тры-чатыры дні, калі дзень не заняты. Трэба пазначыць пашпартныя даныя, потым прыехаць і падпісаць дагавор, узяць пропуск і заплаціць. Суму можна ўнесці з адтэрміноўкай на тры дні. Замежнікі павінны атрымаць яшчэ і пропуск у памежным камітэце. Ён выдаецца цягам пяці дзён — трэба звяртацца загадзя. Таму людзі з іншых краін у асноўным звяртаюцца да тураператараў.
Спецыялісты запаведніка расказваюць, што на самыя забруджаныя ўчасткі турысты не дапускаюцца. Паводле слоў супрацоўнікаў, доза радыяцыі за дзень экскурсіі (7-8 гадзін) супастаўляецца з адным авіяпералётам. Але работнікі нагадваюць, што самастойна наведваць зону адчужэння ўсё ж не варта.
— Нягледзячы на тое, што прайшоў перыяд паўраспаду радыенуклідаў, на сёння радыяцыйная абстаноўка ў запаведніку застаецца складанай. Зона адчужэння мае высокую мазаічнасць, тут няма сярэдніх паказчыкаў. То-бок у адным месцы можа быць павышаны фон, у другім — амаль «чысты», — расказаў Максім Кудзін, намеснік дырэктара Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка па навуковай частцы.
Ён адзначае, што пры пад'ёме пылу радыяцыяй можна надыхацца больш, чым у спакойнае надвор'е. Але ў арганізм інгаляцыйным спосабам яны паступаюць «у тысячу разоў меншымі дозамі, чым пры ўжыванні забруджаных прадуктаў харчавання».
— Самая забруджаная частка запаведніка — навуковая станцыя «Масаны» за 12 кіламетраў ад энергаблока. Па колькасці цэзію забруджанасць у 1 кюры ўжо ўлічваецца як радыяцыйная небяспека, а там пры максімальнай шчыльнасці — да 470 кюры на кіламетр квадратны. Там людзі працуюць у асноўным вахтавым метадам. Але ёсць абсалютна чыстыя паводле гамапатоку ўчасткі. Усё мазаічна, — расказаў спецыяліст.
На працягу экскурсіі супрацоўнікі запаведніка клапоцяцца пра тое, каб арганізаваць максімальную бяспеку для кожнага турыста. Тут выдаюцца сродкі засцярогі, дазіметры, спецадзенне (для тых, хто сабраўся падняцца на раней згаданую вышку). Пасля наведвання зоны адчужэння кожнага турыста правяраюць на паверхневае забруджванне (абутак, адзенне, рукі).
Тым не менш кожны сам павінен клапаціцца пра сябе і выконваць у радыяцыйнай зоне элементарныя правілы.
Дар'я СПЕВАК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[2] https://zviazda.by/be/author/darya-spevak
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] http://zviazda.by/be/news/20170913/1505313962-chym-zony-adchuzhennya-vabyac-stalkerau
[5] https://zviazda.by/be/tags/avaryya-na-chaes
[6] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-katastrofa
[7] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-zona
[8] https://zviazda.by/be/tags/zona-adchuzhennya