У далёкім 1974 годзе беларускі вакальна-інструментальны ансамбль «Верасы» выступіў на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады (а ў намінацыі «Ансамблі» было каля 40 удзельнікаў!) і не толькі імгненна стаў папулярным, але і пераканаўча пацвердзіў, што не толькі «Песняры» могуць задаць і трымаць самую высокую творчую планку. Манеру распеву і чысціню інтанацыі беларусаў ужо ў першым туры адзначыў не хто-небудзь, а мэтр савецкай эстрады Юрый Сіланцьеў. «Так прыемна, што і сёння, напрыклад, зорка сусветнай оперы Любоў Казарноўская згадала пра гэты факт на адным з тэлеконкурсаў», — гаворыць Ядвіга Паплаўская, чыё імя слухачы дагэтуль атаясамліваюць са знакамітым калектывам.
Сёння народная артыстка Беларусі ўжо сама дае пуцёўкі на вялікую сцэну маладым выканаўцам — яе часта запрашаюць у журы беларускіх і міжнародных конкурсаў. Яна можа бясконца і з захапленнем расказваць, якія таленавітыя ў нашай краіне дзеці, якія самаадданыя і творчыя педагогі, а галоўнае — чаму так важна ўдзельнічаць у конкурсах, каб прабіць сабе дарогу «на прастор, на шырокі прастор»...
— Ядвіга Канстанцінаўна, сёлета вы былі сустаршынёй на прэстыжным вакальным конкурсе «Маладзічок». Што «чапляе», бярэ за душу вас у сучасных юных артыстах, а чаго ім, магчыма, бракуе?
— Залогам поспеху, перамогі на конкурсах з'яўляюцца працалюбства і вялікае жаданне выступаць на сцэне — не толькі з боку бацькоў і педагогаў, але і з боку самога юнага выканаўцы. Скажам, што датычыцца «Маладзічка», мне гэты конкурс прынёс неверагоднае задавальненне — настолькі душэўнай і цёплай была атмасфера, настолькі высокі ўзровень таленту і падрыхтоўкі паказвалі ўдзельнікі, а гэта дзеці і моладзь ад 6 да 19 гадоў. У кожным выхадзе канкурсантаў былі відаць вялікая праца і майстэрства нашых цудоўных педагогаў і творчая самааддача дзяцей. Выдатныя вакальныя даныя, патэнцыял — гэта ўсё адчуваецца, але найбольш моцнае ўражанне, канешне, пакінулі тыя дзеці, у якіх ёсць, акрамя таго, пэўная артыстычная харызма...
Наогул, конкурсы — рэч абсалютна неабходная для артыста. Бо сёння, як і ў мінулы час, яны выяўляюць найлепшых, раскрываюць магчымасці і ўдасканальваюць здольнасці ўдзельнікаў. Гэта штуршок для таго, каб ісці наперад. На тым жа «Маладзічку» ў дзецях, якіх я бачу на розных конкурсах не першы год, быў відавочны не толькі прафесійны рост, але і разуменне, ці твая гэта справа. Бо, паверце, прафесіяналы бачаць, з якой прычыны юны выканаўца стаіць на сцэне: ці гэта патрэбна яму, ці гэта рэалізацыя бацькоўскіх амбіцый альбо педагогаў.
І ўстаноўка «Ты самы лепшы, ты зорка», якую даюць сваім дзецям многія бацькі, на мой погляд, толькі нашкодзіць — яна перашкаджае аб'ектыўна ацаніць сябе.
— Часта даводзілася чуць ад арганізатараў дзіцячых конкурсаў, што многія юныя артысты ці іх педагогі памыляюцца з выбарам рэпертуару і бяруць песню не па ўзросце, што таксама псуе ўражанне...
— Так, гэта сапраўды распаўсюджаная праблема. Педагог можа ўзяць занадта складаны твор, які дзіця не разумее. Але ж кожнае слова, якое гучыць са сцэны, мусіць прайсці праз галаву, праз душу, праз сэрца. А калі яно праходзіць міма, то ўражанне губляецца, артыст спявае бездакорна, але не знаходзіць водгуку ў слухачоў. Нават калі ты добра спяваеш, але не маеш артыстычнай жылкі, адухаўлёнасці, — такое выкананне не кранае, якія б ні былі тэхнічныя вакальныя магчымасці, правільнае інтанаванне, абсалютны слых і гэтак далей. Бывае наадварот: харызматычнае дзіця, ёсць дыяпазон, ёсць даныя і тэмбр сімпатычны, — а спявае фальшыва, інтанацыя кульгае. Бывае, ёсць і тое, і другое — і вакальныя магчымасці, і артыстызм, — але перашкаджае выбар рэпертуару альбо няправільна падабраная аранжыроўка. Яркі прыклад — «Малітва» Алега Молчана на вершы Янкі Купалы, якую выконваў на конкурсе Ваня Ларчанка. Ён атрымаў першую прэмію — нягледзячы на тое, што аранжыроўка песні была няўдалая, бо не ўлічвала неабходныя для зручнага вакальнага выканання моманты, не было нават дзе ўдыхнуць; але пры гэтым у яго голасе, у падачы «Малітвы» было самае галоўнае: ён разумеў і адчуваў, пра што і для чаго спявае, ён сапраўды маліўся.
А што датычыцца ўвогуле самых распаўсюджаных памылак, такіх як пэўныя хібы ў інтанацыі, некаторая заціснутасць на сцэне, — гэта ўсё выпраўляецца з часам, з набыццём вопыту публічных выступленняў, падчас чаго, уласна, артыст і становіцца артыстам.
— А калі конкурсны вопыт доўгі час адмоўны, адкуль набрацца сіл ісці далей?
— Каб не схіліцца пад грузам няўдач, а развівацца і самаўдасканальвацца, патрэбны правільны настрой. Паўтаруся, самае горшае, што можна зрабіць, — укласці дзіцяці ў галаву перакананне «Ты «зорка», ты найлепшы». Так, трэба верыць у свае сілы — але нельга сябе пераацэньваць. Калі потым выяўляецца, што ты не самы лепшы, — каб вы ведалі, колькі ў вачах дзяцей расчаравання! Але нават калі ты не атрымаў гэтую прэмію і той дыплом, у цябе засталося самае галоўнае — вопыт удзелу ў конкурсах, разуменне сваіх памылак. Трэба прымаць любыя вынікі, і прымаць іх з радасцю, бо гэта неацэнная сцэнічная школа. У рэшце рэшт, у час зразумець, што, мабыць, табе варта ісці па іншым шляху, — таксама каштоўна. Напрыклад, калі ў цябе ёсць артыстычныя здольнасці, але кульгае інтанацыя, можна адысці ад эстраднага вакалу, а паспрабаваць сябе ў тэатры — сёння выбар даволі разнастайны. І канешне, не трэба прымушаць, калі дзіця не жыве сцэнай, — гэта не прынясе плёну, хутчэй, наадварот. Помню, бачыла ў восьмым класе музычнай школы хлопчыка-інструменталіста — не скажу зараз дакладна, граў ён на домбры ці балалайцы, але так класна граў! І ні ў якую не пагаджаўся ісці вучыцца далей, бо лічыў, што музыка нічога не дасць у матэрыяльным плане, і выбраў іншы шлях, насуперак просьбам бацькоў і педагога.
...Калі вярнуцца зноў на 45 гадоў таму, то ў савецкі час перамога на прэстыжных конкурсах была сапраўды лёсавызначальнай. Стаў лаўрэатам — атрымаеш «зялёнае святло» на тэлебачанні (у прыватнасці, «Верасоў» па-сяброўску падтрымлівалі знакаміты спявак Віктар Вуячыч і кампазітар Яўген Глебаў, калектыў стаў заўсёднікам перадач «Блакітны агеньчык» і «Песня года» — па сутнасці, галоўнага хіт-парада СССР), табе дапамогуць запісаць першую пласцінку, над тваім рэпертуарам будуць працаваць вопытныя кампазітары і паэты-песеннікі, адшліфоўваючы кожную фразу, — словам, уся індустрыя тагачаснай эстрады працавала на раскрутку маладых талентаў... Магчыма, гэта тое, чаго не хапае сучаснаму шоу-бізнесу, каб нашы юныя таленты не раствараліся ў замежных калідорах або, адвучыўшыся ці набраўшыся працоўнага вопыту, усё ж вярталіся працаваць на радзіму — ведаючы, што іх тут чакаюць і гатовыя падтрымаць на творчым шляху?
...Мабыць, каб захаваць і працягнуць гэту традыцыю — дапамагаць маладым выканаўцам прабіцца на вялікую сцэну, як некалі дапамаглі вопытныя калегі ім самім, — у 1989 годзе Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч заснавалі Тэатр песні, які з цягам часу ператварыўся ў прадзюсарскі цэнтр. Менавіта тут пачыналі свой творчы шлях заслужаныя артысты Беларусі Іна Афанасьева, Уладзімір Радзівілаў, Аляксандр Саладуха, артыст тэатра, кіно і эстрады Георгій Волчак і многія іншыя. Новыя імёны на эстрадзе з'явіліся і дзякуючы праектам прадзюсарскага цэнтра на тэлебачанні — «Поп-ТВ», «Беларусь збірае сяброў», «Зорны дыліжанс», «Хіт-момант», «ЕўраФэст». Прадзюсарскі цэнтр дзейнічае і сёння: акрамя прафесійнай студыі гуказапісу, тут працуе дзіцячая вакальная школа «Белы парус», навучэнцы якой удзельнічаюць у розных канцэртах і конкурсах.
Ці ведаеце вы, што...
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з асабістага архіва спявачкі
Р. S. Так сталася, што гэта інтэрв'ю выходзіць у дні, калі Ядвіга Паплаўская адзначае [4] юбілей, хоць мы адмыслова не «прывязваліся» да гэтай даты і не гаварылі з народнай артысткай пра ўзрост, творчыя вехі і далейшыя планы. Але ў такім выпадку грэх не скарыстацца нагодай. «Звязда» шчыра зычыць толькі самага найлепшага, моцнага здароўя, творчага плёну, удзячнай публікі і чалавечага шчасця Ядвізе Канстанцінаўне — голасу нашай любімай «Калыханкі», «Жанчыне года — 2018» у намінацыі «Духоўнасць і культура», вытанчанай і адначасова моцнай жанчыне, якая стала без перабольшання сімвалам беларускай эстрады. Хіба хто дасць веры, што ёй 70?
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] http://zviazda.by/be/news/20190501/1556700889-yadviga-paplauskaya-syonnya-svyatkue-70-goddze
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[7] https://zviazda.by/be/tags/scena-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/spyavachka
[9] https://zviazda.by/be/tags/yadviga-paplauskaya