Наш сённяшні матэрыял мы прысвячаем светлай памяці аднаго з самых таленавітых савецкіх палкаводцаў, двойчы Героя Савецкага Саюза, генерала арміі Паўла Іванавіча Батава. Аўтар гэтых радкоў ганарыцца, што яму ў свой час удалося сустрэцца ў Мінску з праслаўленым палкаводцам і ўзяць у яго інтэрв'ю.
Мы акцэнтуем увагу на ўдзеле 65-й арміі і яе камандуючага ў вызваленні Беларусі ў 1943—1944 гадах.
Удалы манеўр на Дняпры
...Восенню 1943 года пад магутным націскам часцей Цэнтральнага фронту войскі вермахта адкочваліся да так званага Усходняга вала. На гэтым рубяжы, які працягнуўся па Дняпры і Сожы да Гомеля і далей на поўнач, Гітлер разлічваў стабілізаваць фронт і перайсці да пазіцыйнай вайны.
65-я армія ва ўзаемадзеянні з 48-й арміяй пасля фарсіравання Дзясны вяла баі на гомельскім напрамку. Наяўнасць лясных масіваў і мноства балот прывялі да таго, што злучэнні Цэнтральнага фронту аказаліся заціснутыя ў вузкім калідоры і былі пазбаўленыя магчымасцяў манеўру. Тэмп наступлення пачаў зніжацца. Толькі да канца верасня 1943 года войскі выйшлі да ракі Сож на поўдзень ад Гомеля на рубяжы населеных пунктаў Фёдараўка—Шарпілаўка—Суслаўка. Увечары 28 верасня 19-ы стралковы корпус 65-й арміі з ходу пачаў фарсіраванне ракі каля вёскі Нова-Цярэшкавічы. На процілеглым беразе абаранялася 6-я нямецкая дывізія, якая мела вялікія сродкі ўзмацнення.
У кастрычніку 1943 года 65-я армія ва ўзаемадзеянні з 61-й арміяй генерала Бялова фарсіравала раку Днепр і захапіла плацдарм у раёне Лоева. Сам гарадскі пасёлак Лоеў быў вызвалены 17 кастрычніка 1943 года.
За ўмелае кіраўніцтва войскамі 65-й арміі пры фарсіраванні Дняпра, захоп і ўтрыманне плацдарма на яго правым беразе і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу на беларускай зямлі 30 кастрычніка 1943 года генерал-лейтэнанту Батаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі войскі 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з 1-м гвардзейскім танкавым корпусам і 48-й арміяй у снежні 1943 года вызвалілі Рэчыцу і Рэчыцкі раён. У разгар баёў — 20 кастрычніка 1943 года — Цэнтральны фронт быў перайменаваны ў Беларускі фронт, што, па словах П. І. Батава, азначала, што Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання нацэліла воінскія часці гэтага фронту на вызваленне Беларускай ССР. Цікава, што Рэчыца не ўваходзіла ў паласу наступлення 65-й арміі. Але стварылася спрыяльнае становішча для глыбокага манеўру і ўдару па горадзе з тылу, бо корпус Самарскага здолеў ужо перавесці праз Днепр усе свае дывізіі. Упусціць такую магчымасць было б недаравальна.
«Усе сілы былі кінутыя, каб ліквідаваць эпідэмію»
У студзені-лютым 1944 года цягам Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі воіны 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з 61-й арміяй нанеслі паражэнне саперніку ў раёне Азарыч і палепшылі сваё аператыўнае становішча.
Аўтар гэтага матэрыялу давялося неаднаразова сустракацца з вязнямі Азарыцкіх лагераў смерці, якія цудам выжылі. У размове яны з удзячнасцю ўспаміналі сваіх вызваліцеляў і выратавальнікаў — воінаў 65-й арміі і яе камандуючага — генерала Паўла Батава.
Сёння ёсць магчымасць азнаёміцца з матэрыялам «Азарыцкія лагеры смерці ў Вялікую Айчынную вайну», змешчаным у першым томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Мінск, 1993). У ім ёсць такія радкі:
«Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў пач. 1944 у былым Даманавіцкім р-не. Пад выглядам эвакуацыі больш за 50 тыс. непрацаздольных сав. грамадзян былі прывезены ў 3 лагеры смерці, створаныя недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г. п. Азарычы, в. Дзерць і Падасіннік. Зняволеных трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, без пабудоў. Вакол тэрыторыі, абгароджанай калючым дротам, былі пастаўлены кулямётныя вышкі, падыходы замініраваны. Гітлераўцы размясцілі сярод вязняў сыпнатыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырвонай Арміі. Вязняў марылі голадам, забаранялі раскладаць агонь, яны вымушаны былі піць балотную ваду. За пратэст — расстрэльвалі. Да вызвалення 18—19.03.1944 у жывых засталося 33 480 чал, з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448».
Асноўным недахопам гэтага матэрыялу з'яўляецца адсутнасць згадкі пра тое, што вязні Азарыцкіх лагераў смерці выратаваліся дзякуючы воінам 37-й гвардзейскай дывізіі пад камандаваннем генерала Ушакова з 65-й арміі пад камандаваннем генерала Батава.
Праз шмат гадоў Павел Іванавіч успамінаў:
«Усе сілы былі кінутыя, каб ліквідаваць эпідэмію. Радзецкі (член Ваеннага савета 65-й армии — Э. І.) цалкам узяў справу ў свае рукі. 25 шпіталяў аддадзена пад хворых на тыф. Трэба аддаць належнае ўрачам. Яны сустрэлі ворага ў поўным узбраенні, хоць практыкі барацьбы з эпідэміяй сыпняку не было — наша краіна даўно ліквідавала сыпняк, халеру і іншыя хваробы, якія калісьці «касілі» народ.
У штаб фронту паслана дэпеша. Адказ: у раён бедства выязджае прадстаўнік урада Беларускай ССР Н. Р. Грэкава з задачай арганізаваць дапамогу грамадзянскаму насельніцтву. З Надзеяй Рыгораўнай мне даводзілася сустракацца, бо яна была жонкай начальніка штаба фронту (Малініна. — Э. І.). Энергічная, самаахвярная жанчына. Пад яе кіраўніцтвам знаходзілася эвакуацыя вызваленых з лагераў, арганізаваная медыцынская дапамога ў раёне...
Корпус Самарскага з прычыны эпідэміі давялося вывесці часова ў другі эшалон. Хваробу спынілі».
7 красавіка 1944 года ўрад і ЦК Кампартыі Беларусі звярнуліся да камандзіраў 65-й арміі з такімі словамі: «Урад Беларускай ССР і ЦК КП(б) Беларусі ў Вашай асобе выносяць падзяку радавому, сяржанцкаму, афіцэрскаму складу і генералам 65-й арміі за вызваленне 33 тысяч чалавек мірнага беларускага насельніцтва з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў і выратавання іх ад смерці. Ваша дапамога вызваленаму насельніцтву харчаваннем, абмундзіраваннем, клопат па размяшчэнні і медыцынскім абслугоўванні сведчаць пра глыбокую і непарыўную сувязь гераічнай Чырвонай Арміі з савецкім народам».
Ад Бярэзіны да Віслы
У чэрвені—жніўні 1944 года 65-я армія ў складзе 1-га Беларускага фронту ўдзельнічала ў аперацыі «Баграціён». У Бабруйскай аперацыі яе злучэнні сумесна з 48-й і іншымі арміямі фронту акружылі і разграмілі 40-тысячную групоўку 9-й нямецкай арміі, вызвалілі гарады Асіповічы і Бабруйск.
У дзень вызвалення Бабруйска ад нямецкіх акупантаў — 29 чэрвеня 1944 года — Паўлу Іванавічу было прысвоена званне генерал-палкоўніка.
З імем камандарма-65 Батава звязана таксама вызваленне Слуцка — 30 чэрвеня і Нясвіжа — 2 ліпеня 1944 года.
Упершыню ўжыўшы для артылерыйскай падтрымкі пяхоты і танкаў двайны агнявы вал, развіваючы наступленне на баранавіцкім напрамку, 65-я армія ва ўзаемадзеянні з 48-й і 28-й арміямі нанесла паражэнне часцям групы армій «Цэнтр» і вызваліла 8 ліпеня 1944 года горад Баранавічы.
У ходзе наступлення часці 65-й арміі фарсіравалі раку Шчара. Ва ўзаемадзеянні з 1-м гвардзейскім танкавым корпусам і франтавой конна-механізаванай групай яны занялі горад Слонім і ў сярэдзіне ліпеня 1944 года выйшлі на рубеж Свіслач — Пружаны. У Люблін-Брэсцкай аперацыі 65-я армія сумесна з 48-й і 28-й арміямі разбіла асноўныя сілы 2-й нямецкай арміі на поўнач ад горада Брэста і ў жніўні фарсіравала раку Заходні Буг.
За ўзорнае кіраўніцтва войскамі 65-й арміі ў Беларускай наступальнай аперацыі, пры фарсіраванні ракі Вісла, за паспяховы штурм горада Данцыга і авалоданне горадам Штэцін Павел Іванавіч Батаў 2 чэрвеня 1945 года быў узнагароджаны другім медалём «Залатая Зорка».
Цікава, што баявыя поспехі 65-й арміі пад камандаваннем П. І. Батава 23 разы адзначаліся ў загадах Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Сталіна.
Рука аб руку з партызанамі
Не буду пераказваць усё інтэрв'ю аўтара гэтых радкоў з Паўлам Батавым. Мяне, у прыватнасці, цікавіла ўзаемадзеянне камандавання 65-й арміі з беларускімі партызанамі ў ходзе вызвалення Беларусі ў 1943—1944 гадах.
Вось што адказаў Павел Іванавіч на маё пытанне:
«Не магу забыць, што з пачатку снежня 1943 г. паміж нямецкімі апорнымі пунктамі Парычы і Азарычы існавалі так званыя «партызанскія вароты». Менавіта праз гэты пралом мы перакідалі партызанам зброю, боепрыпасы, радыёапаратуру і нават пошту, а з акупаванай немцамі тэрыторыі ў нашу армію прыбывала людское папаўненне.
У снежні 1943 года па ініцыятыве Мінскага падпольнага абкама партыі на працягу некалькіх дзён у нашу армію ўступіла больш за дзесяць тысяч добраахвотнікаў з Любанскага, Старадарожскага, Слуцкага, Капыльскага, Старобінскага і Чырвонаслабодскага раёнаў.
Амаль тры месяцы ў нямецкім тыле разам з беларускімі партызанамі дзейнічаў зводны атрад нашага войска, створаны на базе 1-га батальёна 1281-га палка, які трапіў у акружэнне 20 снежня 1943 года, або, як яго часам называлі, «зводны полк» 65-й арміі на чале з будучым палкоўнікам Навумам Язэпавічам Фрэнкелем. Ён удзельнічаў у партызанскіх рэйдах, нападах на нямецкія гарнізоны і апорныя пункты сумесна з беларускімі партызанскімі брыгадамі.
Падчас аперацыі «Баграціён» воінам нашай арміі давялося неаднаразова дзейнічаць разам з Мінскім партызанскім злучэннем пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Васіля Казлова. Партызаны брыгад Міншчыны забяспечвалі нас інфармацыяй аб нямецкіх часцях, здзяйснялі дыверсіі ў іх тыле і такім чынам палягчалі выкананне задач часцей 65-й арміі.
Калі вызваленне Беларусі ад нямецкіх акупантаў падыходзіла да канца, у нашу 65-ю армію ўлілося некалькі тысяч беларускіх партызан. Гэта былі смелыя і адважныя воіны. Многія з іх прайшлі разам з намі шлях да Вялікай Перамогі і прымножылі славу нашай арміі».
Памяць пра героя
Пасля вайны П. І. Батаў паспяхова працягнуў ваенную кар'еру.
У 1955 годзе Паўлу Іванавічу прысвоілі званне генерала арміі.
Ваенны талент Паўла Батава высока ацэньвалі многія выбітныя савецкія палкаводцы, у тым ліку маршалы Жукаў, Ракасоўскі, Васілеўскі.
Сярод урадавых узнагарод Паўла Іванавіча — пяць палкаводніцкіх ордэнаў (тры ордэны Суворава 1-й ступені, ордэны Кутузава 1-й ступені і Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені), восем ордэнаў Леніна, тры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені, іншыя ордэны, шматлікія медалі, 11 замежных ордэнаў.
Павел Батаў быў ганаровым грамадзянінам Бабруйска, Лоева, Рэчыцы, Калінкавіч, Светлагорска.
Паўла Іванавіча не стала 19 красавіка 1985 года — на 88-м годзе жыцця.
Беларускі народ захоўвае ўдзячную памяць пра аднаго з самых таленавітых савецкіх палкаводцаў і па праве называе яго адным з першых вызваліцеляў Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Бюст Паўла Батава ўстаноўлены ў Гомелі. Яго імем названы вуліцы ў Бабруйску, Калінкавічах, Светлагорску, сярэдняя школа № 4 у Слоніме.
Эмануіл Іофе, доктар гістарычных навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi