Больш чым 4000 спартсменаў з 50 краін-удзельніц, якія разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду‑2020 у Токіа, больш чым 1000 акрэдытаваных журналістаў, 8000 валанцёраў і больш за 200 тэлевізійных камер для арганізацыі міжнародных трансляцый — такімі будуць II Еўрапейскія гульні. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам, бо да спаборніцтваў застаецца зусім няшмат часу.
Нагадаем чытачу: права правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе па выніках галасавання на 45‑м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), якое праходзіла ў Мінску 21 кастрычніка 2016 года, атрымала Беларусь.
І неўзабаве, у цесным супрацоўніцтве з адпаведнымі камісіямі ЕАК, быў створаны арганізацыйны камітэт, які і склаў планы па падрыхтоўцы спартыўнай падзеі. СМІ, у прыватнасці БелТА, тады паведамілі: Беларусь гатова правесці на самым высокім узроўні ІІ Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Спасылаліся на заяву Аляксандра Лукашэнкі, — Прэзідэнта Беларусі, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, — які зрабіў такую заяву на 45‑м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцэнт пры правядзенні гэтых маштабных міжнародных спаборніцтваў будзе зроблены на душэўнасці і стварэнні камфортных умоваў для спартсменаў і балельшчыкаў:
«Трэба зрабіць так, каб спартсмены адчувалі сябе ідэальна і паказвалі або імкнуліся паказаць самыя высокія вынікі. Каб фанаты і заўзятары адчувалі, што гэта свята, каб гэтыя спаборніцтвы аб’ядноўвалі ўсіх не толькі ў краіне правядзення, але і ў свеце ў цэлым». Прэзідэнт падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных: «Беларусь усё зробіць для таго, каб спаборніцтвы былі добрымі, душэўнымі, і каб вы ніколі не пашкадавалі аб прынятым рашэнні правесці Еўрапейскую алімпіяду ў Беларусі».
Беларусь атрымала права на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў 2019 года пры актыўным удзеле Янэза Качыанчыча. Ён прыязджаў у Мінск на 45‑ю Генеральную асамблею Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) у 2016 годзе, як выканаўца абавязкаў прэзідэнта гэтай спартыўнай арганізацыі. А ў канцы лістапада 2017‑га гэты адзін з самых уплывовых спартыўных чыноўнікаў Еўропы быў абраны прэзідэнтам ЕАК і свой першы візіт у новай якасці здзейсніў у Беларусь.
Ён застаўся вельмі задаволены, як вядзецца падрыхтоўка да ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама сустрэчамі з Прэзідэнтам Беларусі, прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандрам Лукашэнкам, Прэм’ер-міністрам краіны, тагачасным старшынёй рэспубліканскага аргкамітэта па правядзенні Еўрапейскіх гульняў Андрэем Кабяковым. Вось што ён сказаў:
«Без сумневу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы выразна даў зразумець, што Беларусь можа і гатова правесці Еўрапейскія гульні на вельмі высокім узроўні. ЕАК, паўтаруся, не бачыць сур’ёзных праблем у арганізацыі гэтага мультыспартыўнага форуму…
Тут дробязяў не бывае. Калі будуць нейкія недахопы, то свята атрымаецца не такім яркім. Адразу адзначу, што многае ўжо зроблена…
ЕАК задаволены тымі тэмпамі, якія задаў беларускі бок у ходзе падрыхтоўкі. Мы ідзем па графіку. Вядома, не абыходзіцца без пытанняў, але яны не такія глабальныя і вырашаюцца ў рабочым парадку. У нас у аргкамітэце вельмі добрая каманда. У дырэкцыі фонду Еўрапейскіх гульняў працуюць прафесіяналы. У ЕАК з дырэктарам фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгіем Катуліным поўнае паразуменне, цесна супрацоўнічаем і з першым віцэ-прэзідэнтам НАК Андрэем Асташэвічам…
На першых Еўрапейскіх гульнях у Баку была праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы. У Мінску іншая сітуацыя. Тут ужо адбылося вельмі шмат міжнародных спартыўных падзей: чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, Кубкі свету па розных відах спорту, еўрапейскія першынствы. Гэты досвед неацэнны і дапамагае пры арганізацыі такой буйной падзеі. У арганізацыі Еўрапейскіх гульняў у нас усё пад кантролем і адпаведна з планам, таму вялікіх нараканняў у ЕАК не ўзнікае…
У Старым Свеце сур’ёзныя традыцыі ў спорце. У ЕАК не аднойчы падкрэслівалі, што еўрапейскія атлеты заваявалі вялікую частку медалёў на самых буйных спаборніцтвах. Папулярнасць спорту сярод насельніцтва толькі расце, таму ў мяне няма ніякіх сумневаў: Еўрапейскія гульні ў Мінску будуць цікавыя і заўзятарам, і спартсменам…
Думаю, колькасць (аматараў спорту — Аўт.) пойдзе на тысячы. Для вашай краіны гэта выдатная нагода паказаць свае магчымасці ў турызме. А пра гасціннасць беларусаў ужо добра ведаюць у Еўропе…
Восем відаў спорту будуць кваліфікацыйнымі да Гульняў-2020 у Токіа. Атлеты не ўпусцяць магчымасць прыехаць у Мінск і выканаць алімпійскія нарматывы. Упэўнены, у 2019 годзе ў Беларусі будзе шмат спартсменаў топ-узроўню, для іх гэта яшчэ і шанец праверыць свае магчымасці за год да Алімпіяды. Мы імкнуліся, каб адзін з самых відовішчных відаў спорту быў прадстаўлены на Еўрапейскіх гульнях. Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя таксама была зацікаўленая ў гэтым. Выпрацаваны спецыяльны фармат камандных спаборніцтваў, які ўпершыню будзе апрабаваны ў Мінску ў 2019 годзе. Думаю, турнір па лёгкай атлетыцы спадабаецца і стане адным з самых відовішчных на Еўрапейскіх гульнях…
Гісторыя нашай краіны — гэта гісторыя барацьбы: за сваю зямлю, незалежнасць. Гэтыя якасці ўласцівыя і людзям, якія жывуць у Славеніі. Імкненне да барацьбы і канкурэнцыі ў нас ужо ў крыві. Мы зрабілі ўпор на развіццё адукацыі, культуры і, вядома, спорту. Вось чаму ў футбол, гандбол, баскетбол і валейбол у Славеніі гуляюць не горш, а часта і лепш, чым у іншых буйнейшых краінах.»
Добра памятаецца і Вітальнае слова дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгія Катуліна, з якім ён выступіў за 100 дзён да старту:
«Да пачатку адной з самых грандыёзных падзей у сусветным спартыўным календары 2019 года — II Еўрапейскіх гульняў — засталося роўна 100 дзён. Гэты праект носіць па-сапраўднаму агульнанацыянальны характар, бо па сваім маштабе старты ў Мінску стануць найбуйнейшымі ў сучаснай гісторыі Беларусі.
II Еўрапейскія гульні — гэта 10 спаборніцкіх дзён па 15 відах спорту, на працягу якіх будзе разыграна 200 камплектаў узнагарод. Гульні — гэта 50 краін Еўропы, каля 4000 атлетаў, больш чым 1000 акрэдытаваных журналістаў і больш чым 200 тэлевізійных камер для арганізацыі міжнародных трансляцый. У выніку агульны аб’ём вяшчання са спартыўных арэн перавысіць 500 гадзін. Неацэнны ўклад у рэалізацыю такога праекта, як Еўрапейскія гульні, унясуць больш чым 8000 валанцёраў з усяго свету, пры тым сваё жаданне далучыцца да каманды добраахвотнікаў выказалі больш за 24000 зацікаўленых. Зразумела, Гульні — гэта дзясяткі тысяч замежных гасцей, якія прыедуць у Мінск нацешыцца не толькі спартыўнай, але і культурнай праграмай форуму, пазнаёміцца з нашай краінай або нанава адкрыць яе для сябе.
Але што яшчэ больш важна: II Еўрапейскія гульні — гэта магчымасць для кожнага беларуса стаць часткай маштабнай падзеі кантынентальнага ўзроўню. Гэта магчымасць расказаць і пра нашу краіну не толькі Еўропе, але і ўсяму свету, бо мільёны заўзятараў на планеце будуць з цікавасцю назіраць за баталіямі, якія разгорнуцца ў Мінску ў чэрвені 2019-га.
Сёння мы ўступаем у новы этап падрыхтоўкі да мультыспартыўнага форуму. Сотні прафесіяналаў з розных галін ужо шмат зрабілі па падрыхтоўцы да Гульняў. І важна, што гэты праект не пройдзе бясследна, будзе сфарміравана значная матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына: мадэрнізавана вулічна-дарожная і транспартная сеткі, абноўлены рухомы састаў, палепшаны спартыўная і гарадская інфраструктуры, палепшана сістэма аказання хуткай медыцынскай дапамогі, узмоцнены кадравы патэнцыял, наладжана ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях улады, што можа быць у далейшым выкарыстана пры рэалізацыі іншых маштабных праектаў. Мы плануем прыцягнуць грамадскую ўвагу да стварэння безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, да развіцця валанцёрскага руху ў Беларусі, а таксама да пытанняў экалогіі, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця. У нашых сілах зрабіць гэты час па-сапраўднаму часам яркіх перамог не толькі для шматлікіх спартсменаў, якія прыбудуць у нашу краіну, але і для кожнага яе жыхара.»
Адраджэннем Алімпійскіх гульняў мы абавязаны французкаму энтузіясту, вялікаму прыхільніку спорту П’еру дэ Кубертэну, дзякуючы шматгадовым намаганням якога 23 чэрвеня 1894 года быў утвораны Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК). Гэтая арганізацыя і цяпер з’яўляецца вышэйшым кіруючым органам алімпійскага руху. Таксама барон П’ер дэ Кубертэн заснаваў сучасныя прынцыпы алімпізму.
Пра тое чытаем у інтэрнэце: алімпізм — філасофія жыцця, якая ўзвышае і аб’ядноўвае ў збалансаванае цэлае годнасць цела, волі і розуму. Алімпізм, які злучае спорт з культурай і адукацыяй, імкнецца да стварэння ладу жыцця, заснаванага на радасці ад намаганняў, на выхаваўчых каштоўнасцях добрага прыкладу і на павазе ўсеагульных асноўных этычных прынцыпаў.
Мэтай алімпізму з’яўляецца паўсюднае станаўленне спорту на службу гарманічнаму развіццю чалавека з тым, каб спрыяць стварэнню мірнага грамадства, клапаціцца пра захаванне чалавечай годнасці.
Алімпійскі рух уяўляе з сябе канцэнтраваную, арганізаваную, універсальную і пастаянную дзейнасць усіх асоб і арганізацый, натхнёных каштоўнасцю алімпізму, якая ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам МАК. Яна ахоплівае пяць кантынентаў. Вяршыня яе — аб’яднанне спартсменаў усяго свету на вялікім спартыўным свяце: Алімпійскіх гульнях. Яе сімвал — пяць пераплеценых кольцаў.
Займацца спортам — адно з правоў чалавека. Кожны павінен мець магчымасць займацца спортам, не падвяргаючыся дыскрымінацыі, у духу алімпізму, узаемаразумення, дружбы, салідарнасці і сумленнай гульні. Арганізацыя, кіраўніцтва і кіраванне спортам павінны кантралявацца незалежнымі спартыўнымі арганізацыямі.
Любая форма дыскрымінацыі ў дачыненні да краіны ці асобы расавага, рэлігійнага, палітычнага характару, або па прыкмеце полу — несумяшчальныя з прыналежнасцю да Алімпійскага руху.
Час, як вядома, мае дзіўную здольнасць: ляцець хутка. І таму сёння мы падрабязна не засяроджваемся на гісторыі алімпійскага руху, на яго філасофіі і на планах падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў, а гаворым пра іх увасабленне на ўсіх узроўнях, якія адлюстроўваюць ступень гатоўнасці краіны да гэтага маштабнага спартыўнага форуму.
І вось ён, знакавы момент, які наблізіў дзень старту! 3 мая, у музейным комплексе Ara Pacis у сталіцы Італіі, адбылася ўрачыстая цырымонія запальвання агню ІІ Еўрапейскіх гульняў. Удзел у ёй прынялі алімпійскія чэмпіёны Алена Бялова, Юлія Несцярэнка і Уладзіслаў Ганчароў, а таксама міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук, кіраўнік фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін і прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янэз Качыянчыч. А праз некалькі дзён нашым альпіністам на чале з Аляксандрам Гадлеўскім удалося падняцца на вышэйшую ў Еўропе гару Манблан! «Полымя міру», запаленае ў Рыме, аказалася на той вышыні, нягледзячы на снежны шторм, з якім давялося сутыкнуцца адважным альпіністам. Іх імкненне ўзнесці агонь маючых адбыцца Гульняў над усім еўрапейскім кантынентам аказалася мацней за ўмовы надвор’я і абставіны. 5 мая каля 20:00 па беларускім часе альпіністы спусціліся з вяршыні. Гаворыць Дзяніс Жыдкоў, альпініст:
— Больш за ўсё сюрпрызаў пры ўзыходжанні нам прынесла надвор’е. Вельмі моцны вецер сур’ёзна запавольваў хаду. З ім даводзілася змагацца. Падобныя парывы ветру на вышыні моцна вымотваюць. На імгненне страціў канцэнтрацыю — і ўжо няма часткі экіпіроўкі. У цэлым, нам давялося сутыкнуцца са складанасцямі рознага плана, мабыць, выключаючы тэхнічныя. Маршрут намі ўжо быў добра разведаны, таму абышлося без нечаканасцяў. Калі мы запалілі факел на самым версе — адразу адчулі пачуццё гонару за II Еўрапейскія гульні, за нашу краіну і за сябе. Не ўтойваю, было і пачуццё радасці — нарэшце можна спускацца ўніз.
Адразу пасля спуску «Полымя міру» было дастаўлена да мэрыі горада Курмаёр. Там беларускую дэлегацыю зноў сустракаў мэр горада Стэфана Мізэрокі. Здаецца, калі б не такі высокі грамадскі статус, мэр з задавальненнем бы далучыўся да групы нашых альпіністаў і разам з імі падаўся на ўзыходжанне.
Нягледзячы на буйства стыхіі, «Полымя міру» ацалела. Лампада надзейна засцерагала яго ад падобнага роду складанасцяў. Неўзабаве пасля ўрачыстай цырымоніі сустрэчы альпіністаў лампада зноў была давераная байкерам, якія павезлі яе ў новы пункт маршруту эстафеты: сталіцу Славеніі — Любляну.
А вось што потым казаў Сяргей Хоміч, начальнік упраўлення па цырымоніях і культурнай праграме фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года»:
— Завяршыўся 4‑ы дзень эстафеты «Полымя міру». І завяршыўся на высокай ноце. Адбылася адна з галоўных падзей замежнага этапу эстафеты. Агонь II Еўрапейскіх гульняў пабываў на Манблане. Гэта вельмі натхняе. Прайшло не так шмат часу, а былі ўжо праведзены дзве вялікія цырымоніі, якія падарылі многім людзям радасць. Адчуваецца, што нашы старанні не праходзяць дарма. «Полымя міру» — выдатная эстафета. Яна падкрэслівае статус II Еўрапейскіх гульняў і дае магчымасць многім людзям за межамі нашай краіны бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю.
Услед за байкерамі адправілася і рабочая група Дырэкцыі. Наперадзе было больш чым 700 км шляху і больш чым 10 гадзін у дарозе.
І нарэшце 12 мая эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў «Полымя міру» апынулася ў Беларусі. Цырымонія сустрэчы адбылася на беларуска-польскай мяжы ў міжнародным пункце пропуску «Варшаўскі мост». Караван эстафеты агню прыбыў у краіну пасля завяршэння замежнага этапу. На мяжы адбылася цырымонія запальвання факелу — для далейшага руху «Полымя міру» па Беларусі. Гэтую місію выканала алімпійская чэмпіёнка-2004 у бегу на 100 метраў Юлія Несцярэнка. Брэст — першы горад Беларусі, у якім пабывала «Полымя міру».
«Урачыстая цырымонія запальвання агню сведчыла пра тое, што наша краіна гатовая да правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Мы падрыхтавалі інфраструктуру, на заключнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка спартсменаў, актыўна працуюць у гэтым кірунку ўсе федэрацыі. Нашы спартсмены настроены на тое, каб дома як мага лепш выступіць», — падкрэсліў намеснік Прэм’ер-міністра, намеснік старшыні рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў Ігар Петрышэнка. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што мультыспартыўны форум — гэта сур’ёзны іспыт. «Стымул прадэманстраваць свае лепшыя магчымасці і дадатковы этап, каб мы маглі заяўляць яшчэ пра больш буйныя мерапрыемствы і спаборніцтвы», — сказаў ён.
У Брэсце агонь II Еўрапейскіх гульняў прабыў 12–13 мая. Факел пранеслі па цэнтральных вуліцах абласнога цэнтра, каб пазнаёміць жыхароў і гасцей з гэтым маштабным форумам. У ролі факеланосцаў выступілі вядомыя беларусы, у тым ліку выхадцы з Брэсцкай вобласці. Эстафета прайшла яшчэ па пяці гарадах рэгіёна. Агонь гульняў сустракалі таксама ў Камянцы, Пінску, Мікашэвічах, Баранавічах і Косаве, а 18 мая яго перадалі ў Гродзенскую вобласць. «Брэсцкая вобласць — заходнія вароты краіны. Мы ўсведамляем усю адказнасць за тое, што ўдзельнікі і госці II Еўрапейскіх гульняў з першых хвілін знаходжання на беларускай зямлі павінны адчуць яе асаблівы каларыт, прыгажосць, гасціннасць і адкрытасць беларусаў. Упэўнены, што «Полымя міру» натхніць беларускіх спартсменаў на высокія вынікі», — сказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк.
Нагадаем, эстафета «Полымя міру» завершыцца 21 чэрвеня ўрачыстым запальваннем чашы алімпійскага агню на цэнтральнай арэне II Еўрапейскіх гульняў — Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Усяго агонь гульняў праносяць праз 55 населеных пунктаў на тэрыторыі 8 краін (Італія, Славакія, Славенія, Венгрыя, Аўстрыя, Чэхія, Польшча і Беларусь), а працягласць маршрута складае 7700 км. У эстафеце прымаюць удзел 450 факеланосцаў, 100 валанцёраў і 10 захавальнікаў агню.
Культурныя мерапрыемствы ў часе II Еўрапейскіх гульняў — гэта ўвага да брэндаў беларускага мастацтва. Пра тое казала начальніца ўпраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі Марыя Нецвятаева ў часе прэс-канферэнцыі «Еўрапейскія гульні — Еўрапейскае мастацтва», якая адбылася ў сталічным Доме прэсы.
— Усе культурныя мерапрыемствы, якія пройдуць у часе II Еўрапейскіх гульняў, павінны паказаць брэнды беларускага мастацтва незалежна ад таго, ці будуць гэта культурна-масавыя мерапрыемствы, мастацкія выставы ці музейныя экспазіцыі, прымеркаваныя да мультыспартыўнага форуму. Любое буйное мерапрыемства, якое прыводзіць да вялікага прытоку турыстаў у Беларусь, заўсёды ставіць перад яго арганізатарамі і перад мастацкай супольнасцю задачу прадэманстраваць мінулае, сучаснасць і будучыню нацыянальнага мастацтва ў плыні агульнасусветных тэндэнцый, — падкрэсліла яна.
Увага ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі была акцэнтавана на тым, што II Еўрапейскія гульні — гэта не толькі захапляльныя старты, але і магчымасць для Беларусі паказаць сваю ўнікальнасць, культуру і традыцыі. Фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» сумесна з Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам рыхтуюць шырокую праграму, якая ўключае шэраг цікавых мерапрыемстваў.
— Адны з найбольш важных культурных падзей у часе II Еўрапейскіх гульняў — гэта цырымоніі адкрыцця і закрыцця, — нагадала кіраўніца аддзела арганізацыі і правядзення культурнай праграмы ўпраўлення па цырымоніях і культурнай праграме фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 году» Вольга Грыгор’ева. — Арганізатары гэтых цырымоній рыхтуюць яркія шоу, якія стануць унікальнымі для Беларусі. Культурная праграма Гульняў — гэта яшчэ і мерапрыемствы на фан-зонах. Плануецца праца мінімум 10 фан-зон: трох — у Мінску, і яшчэ сямі — у абласных цэнтрах і рэгіёнах. У сталіцы яны размесцяцца ў месцах збору балельшчыкаў і турыстаў каля такіх спартыўных аб’ектаў, як Палац спорту, «Мінск-арэна» і «Чыжоўка-арэна».
Прадстаўніца Дырэкцыі канкрэтызавала, што ў сталіцы Гульняў на трох фан-зонах рыхтуецца шырокая культурна-забаўляльная праграма. Многія амбасады еўрапейскіх дзяржаў пацвердзілі свой намер удзельнічаць у праграме фан-зон. І адбудуцца Дні культуры тых краін, прычым графік іх правядзення будзе ўзгадняцца з арганізатарам усёй праграмы на фан-зонах — «Мінскканцэртам», каб пазбегнуць перасячэння з Днямі нацыянальных культур, якія, па існуючай традыцыі, таксама ў гэтым годзе пройдуць ў Верхнім горадзе беларускай сталіцы. Кожная з фан-зон будзе мець свой фармат: нацыянальны, спартыўны, моладзевы, сямейны. Прадугледжана вялікая колькасць забаваў і мерапрыемстваў са спартыўным складнікам, у тым ліку паказальныя выступленні па відах спорту, якія не ўваходзяць у асноўную праграму. Па-асабліваму яркімі і захапляльнымі стануць выступленні па гістарычным фехтаванні 22–23 чэрвеня ў Верхнім горадзе.
Першай пачне дзейнічаць фан-зона ля Палаца спорту — з 19 чэрвеня. Астатнія — з дня адкрыцця Гульняў — 21 чэрвеня. У рэгіёнах фан-зоны запрацуюць таксама з 21 чэрвеня. Асноўная маса мерапрыемстваў культурнай праграмы адбудзецца па 30 чэрвеня. Раней (з канца красавіка) у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава па тэматыцы гістарычнага фехтавання, якая будзе працаваць да пачатку верасня.
Установы адукацыі, культуры таксама рыхтуюць спецыяльныя праекты да II Еўрапейскіх гульняў. Так, напрыклад, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў распрацаваў канцэпцыю міжнароднага выставачнага праекта «Еўрапейскія гульні — Еўрапейскае мастацтва», які аб’ядноўвае выставачную і адукацыйную праграмы. Як расказаў дырэктар цэнтра Сяргей Крыштаповіч, старт праекту дасць выстава сучаснага мастацтва ў рэгіёнах Беларусі ў падтрымку Гульняў і эстафеты агню «Полымя міру». Далей у Мінску разгорнецца экспазіцыя беларускіх мастакоў «Казімір Малевіч і ХХІ стагоддзе» — будуць прадстаўлены работы тых, хто развівае традыцыю і філасофію выдатнага майстра пэндзля. Плануецца, што на выставе можна будзе ўбачыць і працу самога Казіміра Малевіча, дзякуючы Гродзенскаму дзяржаўнаму гістарычна-археалагічнаму музею.
Яшчэ адна выстава «Спорт — гэта высокае мастацтва» з 6 па 30 чэрвеня прадэманструе архіўныя і сучасныя фота, плакаты, выкананыя ў графіцы працы, скульптурныя кампазіцыі і іншае. У яе аснове — калекцыя архіўных фатаграфій і кінаматэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
У ходзе прэс-канферэнцыі была агучана разнастайная інфармацыя пра культурныя праекты, прысвечаныя II Еўрапейскім гульням. На думку старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, прынцыповая задача — прадстаўленне эксклюзіўнага культурнага прадукту, які пакажа гасцям мультыспартыўнага форуму беларускую ідэнтычнасць. У дыскусіі на гэтую тэму паўдзельнічаў старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітры Сурскі.
У мінскай мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачаў работу першы праект культурнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў-2019. Ён прысвечаны гістарычнаму фехтаванню. Там адкрылася выстава «Еўрапейскія баявыя мастацтвы: ад кузні Вулкана да мастацтва Марса». Выставачны праект прадоўжыцца да 15 верасня.
Да старту выставачнага праекта была прымеркавана прэс-канферэнцыя, на якой арганізатары расказалі, што ў экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 200 унікальных экспанатаў. Сярод іх прадметы ўзбраення, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, творы жывапісу і графікі XV–XX стагоддзяў з калекцыі прэзідэнта федэрацыі гістарычнага фехтавання Італіі, ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Брэшыі Рабэрта Гоці (Roberto Gotti).
— Беларусь, Мінск і Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў дапамагаюць нам ствараць гісторыю. Малады рух гістарычнага фехтавання, якому каля чвэрці стагоддзя, у Мінску знаходзіць пляцоўку такога маштабу. Навукоўцы, даследчыкі, атлеты — тыя, хто прысвячае сваё жыццё адраджэнню гэтага мастацтва, тут атрымліваюць магчымасць завяршыць вялікую працу, — сказаў Рабэрта Гоці.
Ён таксама нагадаў: 22 і 23 чэрвеня 160 лепшых майстроў гістарычнага фехтавання са ЗША, Кітая і краін Еўропы збяруцца ў Мінску на гала-турніры, і звярнуў увагу, што той падарунак, які зрабіла Беларусь усяму свету гэтага мастацтва, заслугоўвае вялікай удзячнасці.
Намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў асабліва адзначыў факт пачатку культурнай праграмы на мультыспартыўным форуме, які хутка стартуе, з гістарычнага фехтавання:
— Правядзенню першага мерапрыемства папярэднічала старанная падрыхтоўка практычна на працягу года. Рады, што творчы калектыў на чале з Рабэртам Гоці прапанаваў дапоўніць выставачны праект навукова-практычнай канферэнцыяй. Відавочна, што гэтая ініцыятыва становіцца выдатнай падзеяй культурнага жыцця горада Мінска і Беларусі. Што тычыцца выставы, яна, сапраўды, унікальная: такога багацця і такога сімбіёзу старажытных артэфактаў і сучасных тэхналогій Мінск, напэўна, даўно не прымаў. Неабходна падзякаваць калектыву Музея гісторыі Мінска за працу, якая была ўкладзена ў перамяшчэнне каштоўнасцяў з Італіі. Упэўнены, што за час працы выставу наведае вялікая колькасць людзей. Галоўнае — што тут можна паглядзець на выдатныя экспанаты, прычым некаторыя нават і ўзяць у рукі, а таксама азнаёміцца з пазнавальнымі відэаматэрыяламі пра нараджэнне артэфактаў у кузні Вулкана.
Удзельнікам прэс-канферэнцыі прадэманстравалі некалькі відэасюжэтаў, якія змогуць убачыць наведнікі выставы. Так, у адным з іх распавядаецца пра даследаванні, якія праводзяцца ва ўніверсітэце Ганконга, па вывучэнні рухаў і тэхнікі гістарычнага фехтавання. Наступны матэрыял прысвечаны старадаўняй кузні мінулых стагоддзяў, якая працуе і ў нашы дні, а таксама таму, як праводзяцца ў Брэшыі ўніверсітэцкія даследаванні ў адпаведнай галіне. Тут жа паказана праца над адным з прадстаўленых на выставе экспанатаў. Яшчэ два сюжэта прысвячаліся вынікам вывучэння тэхнікі гістарычнага фехтавання.
На ўрачыстым адкрыцці праекта прысутнічалі дырэктар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, прадстаўнікі Амбасады Італіі, а таксама беларуская чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Алена Бялова, якой належыць ідэя правядзення ў часе Гульняў у Мінску ўнікальнай выставы і паказальных выступленняў па гістарычным фехтаванні.
Арганізатарамі праекта, прысвечанага гістарычнаму фехтаванню, выступілі фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года», Мінгарвыканкам, Беларускае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белдзяржстрах», Амбасада Італіі ў Беларусі, Амбасада Беларусі ў Італіі, Федэрацыя гістарычнага фехтавання Італіі, Музей баявых мастацтваў (Італія).
Фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года», ТАА «Джэт Фэст» і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) правялі ў Мінску маштабны спартыўна-культурны фестываль Bright Festival.
Імпрэзу ладзілі на галоўнай арэне II Еўрапейскіх гульняў — Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» як адну з тых, што папярэднічаюць мультыспартыўнаму форуму. Арганізатары пастараліся зрабіць фестываль максімальна даступным і цікавым для ўсіх. Адной з галоўных яго задач стала праверка магчымасцяў спартыўнай арэны і тэставанне глядацкіх сэрвісаў.
У часе фестывалю аматарам актыўнага адпачынку было прапанавана выпрабаваць сябе на дзясятках інтэрактыўных пляцовак федэрацый па відах спорту і моладзевых арганізацый Белдзяржуніверсітэта. У рамках івэнту прайшло шоу маладзёжных субкультур, песенныя і танцавальныя батлы, а таксама прадстаўленне творчых маладзёжных праектаў. Конкурсы, фотазоны, зоны рэлаксацыі, майстар-класы, фудкорт — ад усяго гэтага таксама змаглі атрымаць асалоду тыя, хто сабраўся на Bright Festival. Гасцям, якіх было больш чым 20 тысяч, прапанаваліся выступленні папулярных эстрадных выканаўцаў, кавер-бэндаў, а таксама творчых калектываў.
Хэдлайнерамі канцэртнай праграмы сталі групы J:Морс, «Ляпис‑98», «Каста» і сольная выканаўца Святлана Лабада.
Яркай падзеяй у плыні Bright Festival стала прысваенне ганаровага звання «Зорны Амбасадар II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Аляксею Талаю. Вядомы грамадскі дзеяч і матывацыйны трэнер атрымаў адпаведны сертыфікат з рук намесніка дырэктара Дырэкцыі Анатоля Котава. Чалавек, які страціў усе канечнасці, пасля 30 гадоў стаў займацца спортам і за кароткі тэрмін здолеў дамагчыся неверагодных вынікаў. Ён быў уганараваны званнем майстра спорту, стаў членам нацыянальнай паралімпійскай зборнай Беларусі па плаванні. У якасці матывацыйнага трэнера Аляксей Талай выступіў у многіх краінах Еўропы, СНД, таксама ў ЗША, Індыі, і тыя імпрэзы сталі вельмі паспяховымі. Наваяўлены Зорны Амбасадар Гульняў займаецца дабрачыннасцю і выказаў жаданне інфармацыйна падтрымаць любыя актыўнасці аргкамітэта мультыспартыўнага форуму ў Мінску.
Дапамогу ў правядзенні фестывалю Bright Festival аказалі валанцёры з ліку студэнтаў БДУ. Інтэрактыўныя пляцоўкі і актыўнасці арганізавалі спонсары і партнёры II Еўрапейскіх гульняў.
Крыху пра валанцёраў — асаблівую касту на Еўрапейскіх гульнях. Будуць задзейнічаны 8000 чалавек у 34 розных напрамках: лагістыцы, працы са СМІ, медыцынскім абслугоўванні, дапамогі ў размяшчэнні спартсменаў і гасцей і многіх іншых.
Гэта праца, што называецца, на перадавой падзей. Таму валанцёры ўзмоцнена вывучалі карты Мінска, гісторыю і даведачную інфармацыю, замежную мову і спасцігалі азы першай дапамогі на практыцы. Дапамагалі ім у тым інструктары Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства «Чырвоны Крыж».
Валанцёрскія брыгады дапамогуць як турыстам, так і заўзятарам II Еўрапейскіх гульняў арыентавацца ў горадзе. Таксама яны будуць знаходзіцца на асноўных пасажырскіх тэрміналах. Шлях да спартыўных аб’ектаў пакажуць таксама білборды, прэзентаваны ўнікальны праграмны прадукт, які дазваляе праз прыкладанне атрымліцавь звесткі пра рух як гарадскога пасажырскага транспарту, так і спецыяльных аўтобусаў.
Самаму старэйшаму і дасведчанаму валанцёру, які будзе працаваць на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску, споўніўся 81 год. Гэта жанчына з Вялікабрытаніі. Ёй удалося пабываць на многіх спартыўных форумах, уключаючы Алімпійскія гульні. Начальніца ўпраўлення па працы з валанцёрамі фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Надзея Анісавец расказала: «Жаданне стаць валанцёрам на мультыспартыўным форуме ў Мінску выказалі больш чым 24 тысячы чалавек. Дырэкцыя набрала неабходныя 8 тысяч. А таксама 700 спецыялістаў рэзерву. Плануецца, што яны будуць працаваць больш чым па 34 функцыянальных напрамках у час Еўрапейскіх гульняў.
У Мінску на праспекце Пераможцаў, 103 пачаў працаваць Аператыўна-каардынацыйны цэнтр II Еўрапейскіх гульняў (АКЦ). Магчымасці Цэнтра нядаўна прадэманстравалі Прэм’ер-міністру Беларусі, старшыні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў Сяргею Румасу. Галоўная задача Цэнтра — каардынаваць дзеянні пры планавым развіцці падзей, а таксама выпрацоўваць меры рэагавання на няштатныя сітуацыі ў часе правядзення II Еўрапейскіх гульняў (за выключэннем інцыдэнтаў, якія адносяцца да кампетэнцыі сілавога блока).
З 19 чэрвеня па 2 ліпеня АКЦ будзе працаваць у кругласутачным рэжыме, у складзе адной змены задзейнічаюць каля 100 чалавек. Пры стварэнні АКЦ улічылі міжнародны досвед і прапановы Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Інфармацыя пра няштатныя сітуацыі ў часе гульняў адразу будзе трапляць у гэты цэнтр. Пытанні, якія ён будзе вырашаць ужо цяпер, да старту спаборніцтваў, адпрацоўваюцца на трэніроўках. Адну з іх паказалі кіраўніку Урада ў аператыўнай зале.
Такая трэніроўка штатнага персаналу — прыклад таго, як будзе прымаць рашэнні працоўная змена ў выпадку інцыдэнтаў у часе гульняў. У аператыўнай зале будуць знаходзіцца адказныя за розныя напрамкі: пратакол, арганізацыю харчавання, транспартных зносін, тэлетрансляцыі, работу валанцёраў, узаемадзеянне з Еўрапейскім алімпійскімі камітэтамі і іншае. Тут жа размешчаныя перагаворныя пакоі для аператыўнага вырашэння няштатных сітуацый.
Сяргею Румасу прадэманстравалі працу Цэнтра тэхнічных аперацый, які ў складзе АКЦ адказвае за рэагаванне на ўсе тэхнічныя інцыдэнты ў часе Гульняў. Спецыяльнае падраздзяленне будзе займацца кантролем усіх інфармацыйных сістэм, якія абслугоўваюць розныя падрадчыкі — «Белтэлекам» і іншыя аператары сувязі. Па выніках кожнага дня будуць збіраць статыстыку тэхнічных праблем, каб ліквідаваць «вузкія» месцы і папярэдзіць паўтор няштатных сітуацый. Магчымым інцыдэнтам будуць прысвойваць тры ўзроўні — «чырвоны», «жоўты» альбо «зялёны» ў залежнасці ад ступені іх сур’ёзнасці.
Як растлумачыў кіраўнік Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў Георгій Катулін, максімальную колькасць інцыдэнтаў неабходна перакладаць на «зялёны» ўзровень і вырашаць праблемныя пытанні на саміх аб’ектах, бо нізавое звяно кіравання арганізацыяй Гульняў — гэта каардынацыйны цэнтр непасрэдна на кожным з аб’ектаў спаборніцтваў. Для адпрацоўкі дзеянняў АКЦ ва ўмовах, максімальна набліжаных да маштабнага мультыспартыўнага форуму, Сяргей Румас прапанаваў да старту спаборніцтваў правесці комплекснае тэставанне ўсіх аб’ектаў Еўрапейскіх гульняў. Зрабіць тое плануецца ў першай дэкадзе чэрвеня. Асобныя аб’екты гульняў ужо апрабаваныя ў рэжыме тэставых спаборніцтваў. Прайшлі тэставыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на стадыёне «Дынама». Гэта ключавы аб’ект з улікам таго, што тут пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. Працу стадыёна правяралі ў часе спартыўна-культурнага фестывалю Bright Festival.
Сяргей Румас пацікавіўся ступенню гатоўнасці інфармацыйных сістэм для арганізатараў спаборніцтваў, а таксама мабільным дадаткам для гасцей і турыстаў. Для II Еўрапейскіх гульняў было распрацавана адмысловае праграмнае забеспячэнне, якое ў далейшым можа быць выкарыстанае на іншых буйных мерапрыемствах, не абавязкова спартыўных. Кіраўнік Урада пагадзіўся з тым, што гэты продукт у наступным можна камерцыялізаваць. Адна з прапановаў дзяржорганаў — стварыць спартыўную дырэкцыю, якая б дапамагала ў арганізацыі мерапрыемстваў, у тым ліку і за мяжой, з выкарыстаннем распрацаванага праграмнага забеспячэння. Прэм’ер-міністр прапанаваў комплексна прадумаць розныя варыянты пасля заканчэння Гульняў. Ключавыя ўмовы — такая дырэкцыя, калі яна будзе створана, павінна паўнавартасна функцыянаваць і зарабляць сродкі, а не існаваць на грошы з бюджэту.
На заключэнне: Беларусь у чаканні! Падобна гасціннай гаспадыні, да якой неўзабаве на вялікую ўрачыстасць прыбудуць госці, дадае, дзе неабходна, апошнія штрыхі: у эстэтыцы дома, інтэр’еры. Прадумвае меню і сервіроўку стала з тым, каб усім спадабалася і яе кухня, і магчымасць камфортнага адпачынку ў зарэзерваваным гатэлі…
Зрэшты, як і сама яна, святочная і прыгожая.
Міхаліна Чаркашына
Пры падрыхтоўцы тэксту выкарыстаны матэрыялы БелТА (belta.by), а таксама з сайта Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года (minsk2019.by).
Аўтар выказвае падзяку прэс-сакратару Дырэкцыі Яўгеніі Нікіцінай за супрацоўніцтва.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019