Мікіта Бялько з Мінска стаў пераможцам музычнага шоу «Бітва талентаў», якое ладзіць расійская Акадэмія папулярнай музыкі Ігара Крутога. Трэці сезон тэлевізійнага праекта ішоў у эфіры тэлеканала СТС Love.
У праекце ўдзельнічалі 60 вакалістаў ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў, якія прайшлі папярэдні адбор і ўключыліся ў тэлевізійны конкурс за галоўны прыз — 1 мільён расійскіх рублёў на далейшае прасоўванне. Адметнасць праекта «Бітва талентаў» у тым, што ўсіх удзельнікаў дзеляць на дзве каманды (так званыя Ордэн Вады і Ордэн Агню), прадстаўнікі якіх пад кіраўніцтвам вопытных артыстаў спаборнічаюць паміж сабой, пакуль не застануцца толькі два фіналісты. Акрамя таго, на кожным этапе канкурсантаў ацэньвае не адно і тое ж прафесійнае журы, а розныя суддзі.
У музычным шоу прымалі ўдзел і іншыя юныя артысты з Беларусі, але да фіналу дайшоў толькі Мікіта Бялько, якога суддзі, у тым ліку папулярная расійская спявачка Валерыя, ухвалілі за прафесіяналізм і артыстычную пераканаўчасць. Свой выйгрыш у 1 мільён рублёў (у эквіваленце гэта больш як 15 тысяч долараў) выканаўца плануе выдаткаваць на вучобу.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з афіцыйнай старонкі праекта ў сацсетках
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[5] https://zviazda.by/be/tags/spyavak