Кожны беларус мае ўнікальную магчымасць унесці сваю грашовую лепту ў праслаўленне айчыннай гісторыі. Навагрудскі райвыканкам робіць рэальныя крокі на шляху ўстанаўлення ў горадзе помніка Міндоўгу. І толькі нам вырашаць, завісне гэтая справа ў паветры на доўгія гады ці найбліжэйшым часам стане рэальнасцю.
Навагрудак чакае манумент Міндоўга ўжо гадоў 10. Летась правялі мастацка-экспертныя саветы па гэтым пытанні. Скульптар Сяргей Бандарэнка перамог у суперніцтве за стварэнне доўгачаканага манумента.
Цяпер бачныя вынікі першага этапу працы, які каштаваў 10 тысяч рублёў: эскізны праект помніка, пластылінавая 35-сантыметровая мініяцюра, візуалізацыя праекта на мясцовасці, а таксама падрабязны план размяшчэння будучай скульптуры на плошчы.
Помнік вырашана ўстанавіць за пазабюджэтныя грошы. 26 тысяч рублёў — менавіта ў столькі ацанілі манумент Міндоўга. На 4 чэрвеня дабрачынны рахунак папоўніўся 4285 рублямі. Гэта 15 % ад патрэбнай сумы.
А пакуль работа замарожана, бо другі этап патрабуе стварэння рабочай мадэлі помніка. Актыўныя будаўнічыя дзеянні і мантаж манумента пачнуцца пасля склікання наступнага Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета.
Нагадаем, легендарны князь — стваральнік адзінай цэнтралізаванай раннефеадальнай дзяржавы (Літвы Міндоўга), вядомы ваенным талентам і ваяўнічым характарам. Яму ж прыпісваюць і пераадоленне раздробленасці сваёй дзяржавы. І менавіта Міндоўгу Навагрудак удзячны за сваё велічнае мінулае. Горад быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, бачыў дзяржаўныя сеймы, пасяджэнні найвышэйшага суда. У 1253 годзе Міндоўга каранавалі ад імя папы рымскага менавіта ў Навагрудку. Як мяркуецца, тут жа кароль і пахаваны.
На працягу апошніх 30 гадоў старажытны горад праводзіць фестываль сярэднявечнай культуры. І галоўная плошча Навагрудка — ідэальнае месца для манумента першага караля ВКЛ, які меў тут рэзідэнцыю.
Рэквізіты для ахвяраванняў
Маргарыта САДОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-sadouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/pomnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/navagrudak
[5] https://zviazda.by/be/tags/mindoug