Надышло лета, а разам з ім — дачны сезон. Гэта значыць, што хутка ва ўсіх куточках краіны ўдзень будуць працаваць на зямлі, а ўвечары смажыць шашлыкі. Калі ў вас на гэты момант няма ўласнага лецішча і вы пакуль не збіраецеся яго купіць, але жадаеце апынуцца ў спякотныя летнія дні ў загараднай цішы, дом ці дачу можна арандаваць. «Звязда» паспрабавала разабрацца ва ўмовах здыму і высветліць, якія раёны сёння карыстаюцца ў беларусаў найбольшай папулярнасцю.
Тэма арэнды хаты на сезон вельмі актуальная апошнім часам. Пастаянная дача патрабуе шмат часу, увагі і сіл. Да таго ж, гэта вельмі дорага (сярэдні кошт куплі складае каля 15 000$), таму купіць хату, а тым больш з усімі ўмовамі і ў добрым месцы, многія не могуць, а вось зняць на час — цалкам.
— Перавагу куплі аддаюць людзі ў больш сталым узросце: ім хочацца стабільнасці, — расказвае заснавальнік агенцтва нерухомасці «Прэстыж» Андрэй Варынічэнка. — Найбольш папулярная арэнда дачы сярод маладых сем'яў, кампаній сяброў. Гэта зразумела, бо дача каштуе немалых грошай, у той момант як арэнда ў сярэднім складае 150$ за месяц.
Канешне, гаворка ідзе пра больш-менш добраўпарадкаваныя дачы з тыпавымі ўмовамі і зручным месцазнаходжаннем. Як, напрыклад, дом у Ждановічах, які знаходзіцца побач з лесам. Ён здаецца на лета па цане 315 рублёў у месяц з перадаплатай у 50 працэнтаў. На ўчастку ёсць лазня, альтанка, месца для шашлыкоў. Дом абсталяваны мэбляй, ёсць халадзільнік.
Можна знайсці дачы і па больш нізкіх цэнах, але з зусім іншымі ўмовамі. Напрыклад, у Пухавіцкім напрамку здаецца дамок у 28 «квадратаў» усяго за 50$ у месяц + аплата электраэнергіі, і належнае ўтрыманне дома і тэрыторыі (касіць траву, парадак, уборка смецця і іншае на ўчастку плошчай 4 соткі). З парніком, але без лазні і мэблі. Затое ўладальнік прапаноўвае магчымасць выкупу за невялікую суму (усяго 2500$). А вось у Жодзіне можна знайсці хату ўсяго толькі на 50$ даражэйшую, але абсталяваную і з лазняй, што, безумоўна, асабліва прываблівае арандатараў.
Ёсць варыянты і больш дарагія. У Ратамцы здаюць дачу за 225$ з выдатнымі ўмовамі для жыцця: лазняй, альтанкай, пляцоўкай для барбекю і роварамі. Ці, напрыклад, у раёне Раўбіч прапаноўваецца хата коштам каля 400$ у месяц, але добраўпарадкаваная і нават з тэлевізарам.
А вось прапановы з нашых, можна сказаць, курортных мясцін. Вёска Вусце Браслаўскага раёна. Тут здаецца на лета невялічкая двухузроўневая дача. «Лес побач, вадаём побач, возера побач, рака побач, маляўнічае месца, лазня, ландшафтный дызайн, еўра-аздабленне, аздабленне дрэвам, у вясковым стылі, месца для шашлыкоў, мэбля, тэлевізар, халадзільнік». Санвузел на вуліцы, праўда. Цана пытання — 32 рублі ў месяц.
На Браслаўшчыне, як і на Мядзельшчыне, дарэчы найбольш папулярны варыянт здачы жылля — пасутачны. Два-тры дні адпачынку з сям'ёй ці з сябрамі абыдуцца ў 20—150 рублёў за суткі. Вось, напрыклад, дом «у ціхім, утульным, маляўнічым месцы, на беразе возера Бярэжжа, за 2 км ад Браслава. Да 12 спальных месцаў. На ўчастку размешчаны: дом, лазня, домік для інвентару, альтанка, арэлі, батут для дзяцей. У доме ёсць водаправод, душ, гарачая і халодная вада. Туалет абсталяваны на вуліцы. Дом з лазняй злучаны вялікай тэрасай. Месца ідэальна падыходзіць для ціхага сямейнага адпачынку, з трох бакоў акружана лесам, на ўчастку ёсць сажалка, ручаёк, які агінае астравок, дзе стаіць альтанка, ёсць калодзеж з чыстай крынічнай вадой, абсталявана месца для вогнішча, мангал. Першая берагавая лінія дазваляе спакойна і нязмушана пасля лазні астудзіцца ў возеры або пачаць і скончыць гарачы летні дзень воднымі працэдурамі, бо выхад да возера за 50 метраў ад дома. У наяўнасці тры ровары і лодка за асобную плату...» За ўсё гэта гаспадары просяць па 100 рублёў у суткі.
— Цэніцца ў нас вельмі Лагойскі напрамак, бо лічыцца самым зялёным у Беларусі, — падкрэслівае Андрэй Варынічэнка. — Таксама часта выбіраюць дачы ў Брэсцкім раёне і ў ваколіцах Гродна.
І сапраўды, менавіта ў Лагойскім раёне здаецца вялікая колькасць дач. Кошт, у асноўным, залежыць больш ад якасці жытла, чым ад яго месцазнаходжання ці нават аддаленасці ад мегаполіса.
Карацей, як вы зразумелі, зняць часовае жыллё на прыродзе на пару месяцаў, справа не такая простая, як здаецца на першы погляд. Больш за тое, невялічкая недагледжаная дробязь можа сапсаваць і настрой, і адпачынак на некалькі месяцаў наперад. Таму:
Парады бывалых
Найперш выберыце сабе напрамак. Калі вам трэба будзе часта ездзіць у Мінск ці любы іншы горад, дзе вы працуеце (на работу або па справах), шукайце адпаведныя зручныя напрамкі. Нават калі вы збіраецеся ездзіць на дачу на машыне, не забывайце пра чыгунку. Па-першае, на электрычцы няма затораў, па-другое, у вас жа ёсць бабулі і госці без машыны, якія захочуць калі-небудзь наведаць вас.
Вызначце максімальную адлегласць ад свайго горада. Як далёка вы згодныя ездзіць? Ад гэтага будзе залежаць кошт дачы — чым далей, скажам, ад Мінска, тым танней. Але занадта далёка — таксама не варыянт, асабліва калі вы працуеце. Ацаніце сваю сітуацыю рэальна. Падумайце, наколькі загружаны патрэбны вам напрамак. Прыкіньце, колькі часу вы гатовыя марнаваць на дарогу. Не падманвайце сябе — 120 км ад Мінска, з Малінаўкі, па Брэсцкай, напрыклад, трасе — як часта вы будзеце ездзіць на гэтую дачу?
Часта гаспадары прапануюць у арэнду не ўвесь дом, а толькі частку. Напрыклад, першы паверх здаюць, а на другім жывуць самі. Ці яны пабудавалі на ўчастку другі дом — у адным жывуць, а іншы для дачнікаў. Такія варыянты каштуюць значна танней, чым пражыванне без гаспадароў. Але зразумела, што выйсці з раніцы на ганак, каб спакойна, атрымліваючы асалоду ад цішыні і адзіноты, выпіць кавы, таксама не атрымаецца.
Калі вы знайшлі выдатную дачу, у выдатным месцы, але для вас гэта занадта дорага, можна паспрабаваць зняць напалову з сям'ёй сяброў. Ідэальны варыянт. Хоць бываюць і нюансы. Наяўнасць дадатковых пунктаў можа моцна ўскладніць сумеснае пражыванне — сабакі, кошкі, бабулі, старэйшыя дзеці і гэтак далей. На ката можа быць алергія, старэйшыя дзеці не пасябруюць, бабуля будзе ўвесь час глядзець «Давай пажэнімся», ды яшчэ стануць лезці да вас з парадамі. Ну ці калі вас шасцёра, а іншая сям'я ўтраіх, уключаючы дзіця — наўрад ці будзе справядліва плаціць напалову. Увогуле, трэба сто разоў падумаць, перш чым рашыцца на гэты варыянт. Былі выпадкі, калі сябры пасля такой вось сумеснай арэнды пераставалі быць сябрамі.
Заўсёды майце на ўвазе некалькі варыянтаў. Нават калі вы знайшлі тое, што шукалі, працягвайце актыўныя пошукі. Прынамсі, да поўнага завяршэння справы — калі дагавор падпісаны, грошы выплачаны, а ключы атрыманы. Памятайце, што ў гаспадароў няма мэты здаць лецішча менавіта вам. Часта здзелкі зрываюцца проста перад фіналам з самых розных прычын — з'явіўся хтосьці, хто прыехаў раней, заплаціў больш або проста чыста па-чалавечы спадабаўся больш за вас.
Таму памятайце, што дамоўленасць на словах гаспадара нічым не звязвае. Вы, напрыклад, дамовіліся стэлефанавацца ў маі і спакойна чакаеце гэтай даты. А ў патрэбны час званка ўсё няма, і гаспадар не бярэ трубку. Пакуль вы чакалі, прайшоў месяц, і гэты, і многія іншыя добрыя варыянты ўжо сышлі.
Таму, знайшоўшы варыянт, якія задавальняе вас на першы погляд, імкніцеся даведацца аб ім загадзя максімум патрэбнага. Так вы моцна сэканоміце свой час і адкінеце непатрэбныя варыянты ўжо на этапе тэлефанавання. Не трэба саромецца, задавайце канкрэтныя пытанні і дабівайцеся ясных і дакладных адказаў. Часам гаспадары даюць неканкрэтныя адказы, як бы ўхіляюцца ад нейкіх момантаў — значыць, неабходна высветліць усё да канца. На што трэба асабліва звярнуць увагу.
І нарэшце — не цягніце час. Добрыя дачы ляцяць хутка! Не адкладайце сустрэчу, згаджайцеся на месца і час, прапанаванае гаспадарамі. Дапусцім, ім зручна сустрэцца ў будні, а вы можаце толькі ў выхадныя. Лепш усё-такі вазьміце адгул і едзьце ў панядзелак — у выхадны такіх, як вы, будзе яшчэ пяць сем'яў. Дарэчы, лепш адразу ўзяць з сабой нейкую колькасць грошай. Калі варыянт вельмі падабаецца, адразу пакідайце заклад. Памятайце, што за добрымі дачамі ў прыгожым месцы ідзе паляванне, а гаспадары асабіста вам нічым не абавязаныя.
Асабістая сустрэча пасля тэлефонных перамоў — якраз той момант, калі трэба чэсна расказаць пра сябе. Колькі чалавек будзе рэальна жыць на здымаемым лецішчы, ці ёсць у вас хатнія жывёлы (адна такса, два каты, сава і папугай у клетцы, напрыклад), любіце вы цішыню або шумныя вечарынкі і ўсё такое. Але без фанатызму. Калі вы аматар загараць галышом — то, у прынцыпе, якая гаспадыні да гэтага справа? Паважайце гаспадароў і будзьце з імі максімальна адкрытыя, тады вы зможаце чакаць да сябе такога ж стаўлення.
А калі адмовяць? Што ж, шукайце іншы варыянт.
І нарэшце. Дача, як вы ўжо зразумелі, — справа сур'ёзная. Па-першае, гэта чужая маёмасць, і каштуе яна дорага. Падумайце, ці захочаце вы несці адказнасць у выпадку пажару або рабавання? Таму, дагавор — гэта гарантыя ад непрыемных сюрпрызаў. Напрыклад, гаспадары могуць дазволіць вам карыстацца мангалам або хлеўчуком, лодкай ці роварам, а потым забудуць пра гэта і пачнуцца прэтэнзіі. Так што праверце дакументы на ўласнасць і пашпарт гаспадароў. Лепш зняць копію.
Абавязкова складзіце дагавор. Можна захапіць з сабой стандартны варыянт дамовы арэнды (у двух экзэмплярах!) і потым упісаць туды дадатковыя пункты.
Арэнда дачы — добры выбар для тых, хто не можа доўга сядзець на адным месцы. Таму рашайцеся — і на шашлыкі!
Маргарыта ГАЙДАРЖЫ
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-gaydarzhy
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/dachy
[5] https://zviazda.by/be/tags/arenda