Грамадскі цэнтр сацыяльных паслуг «Асаблівае сэрца» адкрыўся ў Мазыры ў пачатку чэрвеня. Гэта бацькоўская арганізацыя, членамі якой з'яўляюцца 49 сем'яў, дзе жывуць дзеці-інваліды ці маладыя людзі з інваліднасцю.
Першапачаткова Мазырская арганізацыя «БелАДДзІіМІ» была сямейным клубам і трымалася на шасці ініцыятыўных матулях. Цяпер тут рэалізоўваюцца два міжнародныя праекты. Дзякуючы дабрачыннаму фонду «Дзікія гусі» з Нідэрландаў бацькі вывучаюць канцэпцыі кінестэтыкс і эргатэрапію, каб авалодаць прафесійнымі навыкамі дагляду за ляжачымі. А праект «Сямейны клуб «Адкрытае асаблівае сэрца», падтрыманы пасольствам ЗША па праграме малых грантаў, прапануе шматлікія паслугі сацыяльна неабароненым групам насельніцтва, у тым ліку тым, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта псіхатрэнінгі, няня на гадзіну, работа з сіблінгамі — здаровымі дзеткамі з сем'яў, дзе ёсць інваліды.
Абодва праекты аб'ядноўвае ў грамадскі цэнтр сацыяльных паслуг «Асаблівае сэрца» ініцыятыва ў межах праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю», які быў падтрыманы Агенцтвам па міжнародным развіцці ЗША (USАІD).
— Мы працуем на ўсіх членаў сям'і, — тлумачыць Валянціна БІЧЫКАВА, старшыня цэнтра сацыяльных паслуг «Асаблівае сэрца». — Ведаючы, як функцыянуе цела, ты можаш лепш дапамагчы свайму дзіцяці і такім чынам зрабіць яго больш мабільным. Гэта таксама і псіхалагічная перадышка, бо найчасцей мамы з дзецьмі-інвалідамі застаюцца адны. Яшчэ — навучанне камп'ютарнай грамаце больш сталых бацькоў, дамаводства, кулінарыя, рукадзелле і шмат іншых заняткаў і паслуг. А часам бацькам проста трэба пагаварыць...
Падобны цэнтр у Беларусі першы, і ён ставіць перад сабой максімальна амбіцыйныя планы дапамогі.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/gramadski-centr-sacyyalnyh-paslug
[5] https://zviazda.by/be/tags/asablivae-serca
[6] https://zviazda.by/be/tags/mazyr
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzeci-invalidy