«Звязда» адправілася на Лунінеччыну, каб высветліць, што і за якія грошы здаюць мясцовыя жыхары нарыхтоўшчыкам, а ў выніку сутыкнулася з цікавай праявай вясковай культуры.
— Чуеце, віном пахне? — кажуць мне, запрашаючы ў змрок і прахалоду складскіх памяшканняў.
На гадзінніку — 7:45, працоўны дзень яшчэ не пачаўся. У паветры сапраўды лунае хмельны водар, але, як толькі вочы прызвычайваюцца да цемры, бачу не скрыні са звонкімі бутэлькамі, а вялізныя кантэйнеры з яблыкамі. Гэта сёлетні апад, які прымаюць у нарыхтоўча-прамысловым камбінаце «Палессе» па 12 капеек за кіло. Ужо заўтра зялёнае дабро адправіцца на вінаробчыя заводы Брэстчыны.
Першых здатчыкаў доўга чакаць не прыходзіцца. Яблыкі вязуць на веласіпедах, аўтамабілях і нават нясуць у пакеціках (першы заробак у многіх школьнікаў на канікулах выглядае менавіта так). Цікавасць выклікаюць мужчына з матуляй пенсійнага ўзросту. Яны прывезлі ў багажніку легкавушкі два мяхі яблыкаў, атрымалі за іх 7 рублёў. І тут жа ўзялі камбікорму на 40. Абмен, мякка кажучы, не самы выгадны. Але як не ўзяць, калі проста перад шалямі стаіць дзясятак варыяцый кармоў для свойскай жывёлы — парсючкоў, курэй і трусоў. На любы густ, што называецца.
Следам за маці і сынам у дзвярах пункта прыёму з'явіўся сухенькі дзядуля ў кепцы. На старэнькім «Аисте» ён прыцягнуў мех і вядро, шчыльна набітыя чырвонай рабінай. Ягада лёгкая — усяго 29 кілаграмаў. Аплата — 11 рублёў.
— Не так ужо і мала, ўлічваючы, што кіроўца ў раёне за дзень зарабляе 13. Але ж то трэба з 8 да 17 у душнай кабіне круціцца, а тут раз-два — і гатова! — разважаюць мужыкі, якія стаяць у чарзе за дзедам.
Больш сур'ёзныя грошы можна зарабіць на здачы металалому. Моладзь, дарослыя, пенсіянеры вязуць яго на задні дворык пункта прыёму прычэпамі. Калі зірнуць у рабочы сшытак прыёмшчыцы Кацярыны Гусціновіч, то бачна, што толькі за некалькі ранішніх гадзін лунінчане паспелі здаць і звычайны чорны лом, і алюміній, і медзь.
— Метал прымаем толькі па пашпарце, усякае можа быць. Ёсць нядобрасумленныя таварышы, якія прыносяць скрадзеныя рэчы. Тады з імі ўжо міліцыя разбіраецца. Аднойчы крыжы з могілак былі, а сёння — некалькі дзясяткаў адстраляных гільзаў. Такое мы не маем права браць, канешне, — расказвае Каця. — Але ў цэлым, калі кожны пакапаецца на ўласным двары, у гаражы, на дачы, то сапраўды можна сабраць цэлы прычэп. Ёсць у некаторых спартыўны інтарэс да пошукаў непатрэбнага лому, які валяецца паўсюль. Двое вясковых мужчын сярэдняга ўзросту рэгулярна яго прывозяць: у іх мэта — назбіраць на аўтамабіль. Не тое каб патрэба вялікая, проста цікава.
Дарэчы, каб здаць тыя ж яблыкі, не абавязкова ехаць у нарыхтоўчы пункт. Прадукты і другасную сыравіну прымаюць усе крамы райспажыўтаварыства. Толькі нясі! Калі гаворка ідзе пра вялікія аб'емы, можна бясплатна выклікаць машыну з камбіната. Напрыклад, школы, якія традыцыйна займаюцца зборам пластыку і макулатуры, у канцы навучальнага года так і робяць. Таксама магчымасцю карыстаюцца тыя, у каго дома шмат металалому.
Дзе купляць беларускае?
— Наш камбінат — не проста «купі-прадай». Паколькі ён нарыхтоўча-прамысловы, дзейнасць у яго развіваецца па некалькіх кірунках. Па-першае, гэта, канешне, нарыхтоўкі — ад насельніцтва і гаспадарак, як сельгаспрадукцыі, так і другаснай сыравіны. Па-другое, мы займаемся вытворчасцю: што купілі, тое і перарабляем. Таму структура камбіната, апрача пунктаў прыёму, складоў і халадзільнікаў, уключае хлебныя, каўбасны і швейны цэхі. Маецца свая бойня, — расказвае дырэктар прадпрыемства Іван Соц.
Асаблівую ўвагу аддаюць перапрацоўцы другаснай сыравіны. У раёне толькі два прадпрыемствы, якія займаюцца яе прыёмам, — НПК «Палессе» і жыллёва-камунальная гаспадарка.
— Нашы партнёры — напрыклад, кампанія «Белавежскія віны» — зацікаўленыя ў тым, каб да іх вярталі цэлыя шкляныя бутэлькі, і гатовыя за гэта плаціць значна больш, чым каштуе шклабой, — зазначае Іван Іванавіч. — Ды і мы самі можам ганарыцца тым, што з'яўляемся поўнасцю безадходнай прамысловасцю. У нас на перапрацоўку ідуць нават косткі жывел (з іх робяць муку).
Па словах кіраўніка, вёска ўжо зусім не тая, што 70-50 гадоў таму. Калі не браць у разлік ягада (Лунінеччына, як вядома, — клубнічная сталіца Беларусі), то народ не асабліва імкнецца зарабіць грошай на лішках сельгаспрадукцыі.
— Ды і ці ёсць тыя лішкі? Гароды зусім не такія, як калісьці былі. З другога боку, набываць памідоры і гуркі ў крамах у сезон нашы людзі яшчэ не прызвычаіліся. Нават у кожнага гараджаніна ёсць невялічкі ўчастак, дзе расце ўсё неабходнае для летняй салаты і кансервацыі на зіму. Але не больш, — разважае Іван Іванавіч. — Прайшлі і тыя часы, калі на ўласных падвор'ях гадавалі свіней. За паўгода ў найлепшым выпадку нам могуць здаць усяго 5-6 кабанчыкаў з раёна. Справа нават не ў тым, што камерсанты перабілі цэны. Відавочны факт: вясковы люд перастаў трымаць скаціну. Нават калі ў каго і засталіся свінні ці карова, то выключна для асабістых патрэб. Таму нарыхтоўшчыкам цяпер давялося пераключыцца на больш цеснае супрацоўніцтва з фермамі. У прыватнасці, мы трымаем сувязь са свінакомплексамі на Піншчыне і Пружаншчыне.
Сёння склады камбіната толькі рыхтуюцца да будучага ўраджаю і пакуль амаль пустыя. Акрамя яблыкаў, якія пойдуць на перапрацоўку, тут 2,5 тоны салёных гуркоў, крыху свежай капусты і морквы. У сетках заўважаю бульбу: вялікая, цвёрдая, жоўтая. Пра такую кажуць «адна ў адну». Прызнацца, падобны тавар мне ў сталічных крамах амаль не трапляецца. Там «беларускі скарб» звычайна маленькі, белы і ў выніку нясмачны. Часта ўвогуле нават не беларускі, а егіпецкі ці расійскі. Узнікае пытанне: куды ідзе айчынны якасны прадукт?
— Што датычыцца менавіта бульбы, то камбінат пастаўляе яе і гародніну ў бальніцу і дзіцячыя садкі. Мы выйгралі гэтае права праз тэндар. Яшчэ адна важная задача нарыхтоўшчыкаў Лунінеччыны — стабілізацыйны фонд раёна. Фактычна яны адказваюць за тое, каб у кожнай краме райспажыўтаварыства да вясны была свежая бульба і гародніна. І не чужая па вялізных коштах, а свая. Ёсць план: нарыхтаваць да 1 лістапада 80 тон капусты, 40 — цыбулі, 20 — буракоў, 10 — морквы і 100 — бульбы. Каб з сярэдзіны восені і да наступнага лета магазінныя прылаўкі не пуставалі. Як паказвае практыка, нават у вяскоўцаў можа раптоўна скончыцца цыбуля ці капуста, а вітамінаў хочацца, асабліва вясной, — дзеліцца Іван Іванавіч. — Працуем з айчыннымі кампаніямі — «Белавежскія віны», Пінскі вінаробны завод, Маларыцкі кансервава-гароднінасушыльны камбінат, Гарынскі агракамбінат, Маладзечанскі харчовы камбінат. Нарыхтоўвалі для іх ягады — клубніцы і вішні. Цяпер пайшла чырвоная рабіна, якая больш запатрабаваная ў Польшчы, таму яе адправім на экспарт.
Прабіцца ў сеткавыя крамы, якія цяпер распаўсюджаны па краіне, няпроста. У іх свае пастаўшчыкі і, як у любога бізнесу, мэта — максімальна выгадныя па грашах дамовы. Якасць і смак — рэч другасная.
Хто задае трэнды?
Пасля дня, праведзенага з лунінецкімі нарыхтоўшчыкамі, напрошваецца выснова: сёння камбінаты для беларусаў у рэгіёнах — гэта хутчэй не спосаб зарабіць грошай. Не будзем браць у разлік тых, каму не хапае на «апахмяліцца з ранку» (такія сапраўды ёсць паўсюль, але іх няшмат). Склалася ўражанне, што сельгаспрадукцыю нясуць здаваць па добрай старой звычцы: «Абы не прапала!» Дбайны гаспадар ніколі не пакіне ў садзе ці на гародзе загніваць ураджай, нават калі ён яму не трэба. Ён замарочыцца, патраціць час і сілы, але аддасць яблыкі ці рабіны туды, дзе яны пойдуць на карысць. У гэтым адчуваецца пэўны элемент вясковай культуры, у тым ліку экалагічнай.
На інтэрнэт-прасторы былых савецкіх рэспублік гуляюць думкі пра тое, што «гэта савок» і «пара нам ужо пазбаўляцца ад ментальнасці беднякоў», якія гатовыя збіраць і здаваць за капейкі тое, што прасцей выкінуць на сметнік. Дзіўна. Улічваючы, што на Захадзе (на які так любяць раўняцца многія) даўно перанасыціліся ідэямі бескантрольнага спажывання, «наеліся» ва ўсіх сэнсах пластыку і экзатычных прадуктаў. Новая мода заклікае да мінімізацыі адходаў, да харчавання прадуктамі, якія выраслі ў тым самым рэгіёне, дзе жыве спажывец, да перапрацоўкі ўсяго, што можна выкарыстаць паўторна. Адным словам, да таго ладу жыцця, да якога нашы людзі ў рэгіёнах і так прызвычаіліся.
Капейка рубель беражэ, або Як фарміруюцца закупачныя кошты
Пытанне, якое хвалюе многіх: чаму так танна прымаюць сельгаспрадукцыю? Сёння цыбулю можна здаць па 70 капеек за кіло, капусту, бульбу — па 50, моркву — па 45. Праз месяц, калі пойдзе масавая ўборка бульбянога ўраджаю, кошт знізіцца да 20—30 капеек. Мала? Спецыялісты камбіната падказваюць: а прыкіньце, што на дэнамінаваныя грошы гэта было некалькі тысяч. Зроду такіх коштаў не было! Больш за тое, тона бульбы заўжды каштавала каля 100 долараў. А цяпер — 250.
— Лічбы са столі ніхто не бярэ, ёсць сярэднія па рынку — на іх і арыентуемся. Акрамя таго, я час ад часу заглядваю ва ўсе крамы Лунінца і гляджу, пачым там тая ж морква ці капуста прадаецца. Калі канкрэтны прадукт (напрыклад, клубніцы) закупляецца для заводаў, то яны самі выстаўляюць кошты. Мы на іх ніякім чынам паўплываць не можам, — кажа эканаміст па коштах ЗПК «Палессе» Валянціна Савянок. — Разам з тым нельга забываць пра попыт і прапанову. Так, першую бульбу ў ліпені мы закуплялі па 1,3 рубля, майскую капусту бралі па 2.
Ганна КУРАК, фота аўтара
г. Лунінец
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka
[5] https://zviazda.by/be/tags/selgaspradukcyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/luninecki-rayon