У Гомелі прафілактычная акцыя «Бяспечная дарога ў школу!» стартавала на плошчы Паўстання. Там інспектары ДАІ ўручалі школьнікам — пасажырам транспартных сродкаў канцылярскія прылады. Пеналы, наборы алоўкаў, альбомы, а таксама святлоадбівальныя элементы і тэматычныя памяткі пра бяспеку дарожнага руху абавязкова спатрэбяцца дзецям на працягу навучальнага года. Адначасова з малымі і дарослымі праводзіліся прафілактычныя гутаркі аб правілах паводзін на дарозе.
Інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскай вобласці Дар'я Смаляк расказала, што каля адной з вялікіх крамаў у абласным цэнтры прайшла сумесная акцыя Дзяржаўтаінспекцыі, Савецкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і навучэнцаў школы № 43:
— Падчас правядзення інфармацыйна-прафілактычнай акцыі «Па дарозе ў школу» школьнікі не толькі ўручалі мінакам памятку пра асновы бяспекі на дарозе, але і прапаноўвалі адказаць на некалькі пытанняў віктарыны. Усе, хто хацеў, маглі пакінуць на стэндзе свае пажаданні ўдзельнікам дарожнага руху. Дарэчы, і тут былі падарункі: шарыкі з парадамі і флікеры.
Цяпер у абласным цэнтры праходзіць акцыя Дзяржаўтаінспекцыі «Бяспечная дарога ў школу!». На працягу тыдня супрацоўнікі ДАІ кантралююць перавозку дзяцей у аўтамабілях. Тым кіроўцам, што перавозяць дзяцей без парушэнняў і з выкарыстаннем утрымліваючых прылад, дораць сувенірную прадукцыю, а маленькім пасажырам — канцылярскія прылады да школы.
Між тым супрацоўнікі ДАІ Гомельшчыны на патэнцыйна небяспечных пешаходных пераходах, а таксама каля ўстаноў адукацыі ініцыявалі нанясенне дарожнай разметкі, якая павінна садзейнічаць псіхалагічнаму стрымліванню хуткасці руху транспартных сродкаў.
Цяпер каля школы № 72 па вуліцы Галавацкага ў Гомелі і побач з Азершчынскай школай № 1 у Рэчыцкім раёне праезная частка візуальна звужаецца. Такая мера таксама змяншае верагоднасць несанкцыянаванай паркоўкі транспартных сродкаў бліжэй чым за 15 метраў ад пешаходных пераходаў. Хутка аналагічная разметка з'явіцца і на вуліцы Карповіча, каля сярэдняй школы № 11 у Гомелі, а таксама побач з некаторымі школамі ў Мазыры.
Акцыя «Бяспечная дарога ў школу!» падоўжыцца да 31 жніўня, а ўжо 2 верасня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, прысвечаных новаму навучальнаму году. Вядома ж, яны не толькі павіншуюць школьнікаў са святам, але і нагадаюць пра самыя галоўныя правілы бяспекі на дарозе.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота атрымана ад прэс-службы УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dai
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuchalny-god
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pdr