13 і 14 верасня ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту пройдуць IV міжнародныя спаборніцтвы "Наймацнейшы пажарны-ратавальнік". У чацвёрты раз самыя моцныя ратавальнікі з усіх куткоў нашай краіны паспаборнічаюць за званне лепшых, у тым ліку і з ратавальнікамі з Бельгіі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі і Эстоніі.
Міжнародныя спаборніцтвы "Наймацнейшы пажарны-выратавальнік" (Firefighter combat challenge) уяўляюць сабой комплекс камбінаваных сілавых і хуткасных нагрузак, якія ўдзельнікі спаборніцтваў выконваюць за мінімальны час у поўным рыштунку ратавальніка. Важыць такі камплект каля 40 кілаграмаў, паведамляе сайт МНС.
Нашу краіну будуць прадстаўляць 9 каманд: абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў МНС, Універсітэта грамадзянскай абароны і Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння. Асабістыя забегі пройдуць 13 верасня з 14.00. А ўжо 14 верасня з 10 раніцы пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ратавальнікі абяцаюць захапляльную барацьбу ў катэгорыях "Камандная эстафета", "Тандэм" і "Тандэм-мікс".
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/pazharnik
[2] https://zviazda.by/be/tags/ratavalnik
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns