Геніяльны майстар псіхалагічнага і мастацкага партрэта, фатограф савецкай культурнай эліты, аўтар першага афіцыйнага фотаздымка Леніна... Усё гэта пра яго, ураджэнца Мінска Майсея Напельбаума, які пакінуў значны след у гісторыі сусветнай фатаграфіі і вялізную творчую спадчыну, раскіданую сёння па музейных і прыватных калекцыях.
Да 150-годдзя з нараджэння майстра ў Нацыянальным гістарычным музеі сабралі работы Напельбаума, а таксама яго асабістую камеру — тую самую, што ў 1918-м «бачыла» правадыра рэвалюцыі, а потым доўгі час захоўвалася ў рэдакцыі часопіса «Савецкае фота».
Першую сваю фотастудыю Майсей Напельбаум адкрыў у родным Мінску, а вось набірацца практычнага вопыту і новых ведаў ездзіў па розных гарадах і краінах: Смаленск, Масква, Адэса, Пецярбург, Варшава, Нью-Йорк... Яго аб'ектыў зафіксаваў для нашчадкаў абліччы легендарных палітыкаў, навукоўцаў, культурных і грамадскіх дзеячаў: Ганны Ахматавай, Аляксандра Блока, Герберта Уэлса, Барыса Пастарнака, Усевалада Меерхольда, Ота Шміта, Льва Ландау, Сяргея Эйзенштэйна, Галіны Уланавай, Якава Свярдлова, Фелікса Дзяржынскага, Сямёна Будзённага і многіх, многіх іншых. У 1935 годзе Напельбаум нават атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста БССР — і, магчыма, менавіта гэтае прызнанне, як і аўтарства партрэта Леніна, у часы рэпрэсій выратавала...
У цяперашнюю экспазіцыю ўвайшло больш за 100 фотапартрэтаў — большасць з іх зрабіў сам фатограф, але некаторыя работы былі надрукаваны з негатываў пазней, пасля смерці майстра. Акрамя таго, тут сабраныя раннія фотаработы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнага архіва Беларусі, якія дазваляюць убачыць гарадскія ландшафты дарэвалюцыйнага Мінска.
У Беларусі праект «Майсей Напельбаум. Партрэт эпохі» (а гэта не толькі выстаўка, але і цыкл адукацыйных лекцый па гісторыі беларускай фатаграфіі, экскурсіі па яўрэйскіх вуліцах Мінска) будзе доўжыцца да 15 кастрычніка, а потым адправіцца ў падарожжа ў Швейцарыю (Цюрых) і Расію (Санкт-Пецярбург).
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/fatagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystava