Увосень расліны падкормліваюць фосфарна-калійнымі ўгнаеннямі, якія павышаюць марозаўстойлівасць і дапамагаюць супрацьстаяць хваробам. Азотныя ўгнаенні ў гэты перыяд выкарыстоўваць не рэкамендуецца, бо яны правакуюць рост маладых парасткаў, якія часта не паспяваюць выспець да халадоў і ў выніку падмярзаюць, разам з тым наносячы страты ўсёй расліне.
Якое б угнаенне вы ні выбралі для свайго саду і агарода, важна памятаць, што ўраджай не будзе ў радасць, калі прынясе шкоду замест карысці. І нават арганічная падкормка ў значных колькасцях можа спрыяць назапашванню нітратаў ва ўраджаі. Таму пры ўнясенні ў глебу любых восеньскіх угнаенняў важна звярацца з інструкцыяй або рэкамендацыямі вопытных спецыялістаў, а таксама ні ў якім разе не перавышаць дазіровак.
Адным з самых папулярных фосфарных угнаенняў з'яўляецца суперфасфат. На паліцах крамаў можна сустрэць звычайны (20 % фосфару) або двайны суперфасфат (49 % фосфару), які змяшчае менш баластных рэчываў. Для падкормкі ягадных кустоў можна выкарыстоўваць 1—2 ст. л. суперфасфату пад адзін куст. Угнаенне рассыпаюць па ўсёй плошчы прыствольнага круга і закопваюць на глыбіню 7—10 см.
З калійных угнаенняў восенню можна выкарыстоўваць як сернакіслы, так і хлорысты калій (15—20 г на 1 кв. м). Хлор, які змяшчаецца ў апошнім угнаенні, да пачатку новага вегетацыйнага перыяду ўжо паспее выпарыцца і не прынясе ягадным кустам ніякай шкоды.
Мінеральныя ўгнаенні можна спалучаць з арганічнымі. Напрыклад, пад дарослы куст агрэсту можна ўнесці 8—15 кг перагною і 40 г сульфату калію. Дасведчаныя садоўнікі часткова закопваюць перагной у глебу, а часткова выкарыстоўваюць як мульчу.
Пры падкормцы малін і парэчак 10—15 кг перагною сумяшчаюць з 60 г суперфасфату і 40 г калійнай солі пад кожны куст. Для найлепшага пранікнення ўгнаенняў, іх уносяць у баразёнкі глыбінёй 20 см, якія выкопваюць за 30 см ад куста.
Ягадныя кусты нядрэнна адклікаюцца на падкормку курыным памётам. Сухі памёт уносяць пад перакопку з разліку 0,8 кг на 1 кв. м, не дапускаючы кантакту ўгнаення з каранямі раслін. Некаторыя садоўнікі аддаюць перавагу паліву міжраддзяў растворам курынага памёту (1:15).
З арганічных угнаенняў, якія падыходзяць для падкормкі ягадных кустоў, можна таксама адзначыць драўняны попел, які асабліва падабаецца малінам. Аднак гэтае ўгнаенне непажадана выкарыстоўваць часцей, чым раз у тры-чатыры гады.
Яблыню і грушу таксама можна падкормліваць двайным суперфасфатам (30 г на 1 кв. м прыствольнага круга). Штогод у верасні рэкамендуецца выкарыстоўваць сернакіслы калій (30 г на 1 кв. м) або раствораны ў вадзе монафасфат калію (10—15 г на 10 л вады з разліку 10 л раствору на 1 кв. м).
Дасведчаныя агароднікі лічаць, што сліву, вішню і абрыкос можна падкормліваць двайным суперфасфатам і сернакіслым каліем у тых жа дазіроўках. Але пры гэтым, каб нармалізаваць кіслотнасць глебы, кожныя пяць гадоў пажадана ўносіць 300 г вапны на 1 кв. м.
З арганічных угнаенняў восенню пладовым дрэвам прыйдзецца даспадобы перагной. Дрэвы да 8 гадоў патрабуюць каля 30 кг перагною, больш дарослыя расліны — каля 50 кг гэтага арганічнага ўгнаення.
У якасці альтэрнатывы можна выкарыстоўваць перапрэлы (два-тры гады) гной. 4—5 кг угнаення ўносяць у прыствольныя кругі фруктовых дрэў пад перакопку.
Восеньская падкормка трускалак магчымая з верасня да кастрычніка. Расліны нядрэнна адклікаюцца на арганічныя ўгнаенні, у прыватнасці, на птушыны памёт, разведзены вадой 1:15—20 і настоены на працягу двух дзён. Гэтым растворам праліваюць баразёнкі паміж кусцікаў, асцярожна абыходзячы разетку лісця.
Таксама можна выкарыстоўваць каравяк, разведзены вадой 1:10, або гнаявую жыжку, разведзеную ў суадносінах 1:8 і пакінутую настойвацца на працягу двух дзён. Пад адзін куст можна выкарыстоўваць не больш за 1 л угнаення.
З мінеральных угнаенняў добрым варыянтам можа стаць сумесь нітрафоскі (2 ст. л.) і калійнай солі (20 г), разведзеная 10 л вады. Максімальна дапушчальная порцыя ўгнаення для аднаго куста — 1 л.
Калі вы сабраліся перасаджваць садовыя суніцы, то ў кожную лунку таксама можна дадаць каля 40 г нітрафоскі. Аднак трэба прасачыць, каб карані раслін не датыкаліся да ўгнаення, бо яны могуць атрымаць апёк.
Выдатным варыянтам восеньскага ўгнаення пры перасадцы трускалак можа стаць драўняны попел (1 шклянка на 1 кв. м).
Папулярнымі восеньскімі ўгнаеннямі для газона з'яўляюцца касцяная мука (дзве-тры шклянкі на 1 кв. м), а таксама суперфасфат (50—70 г на 1 кв. м).
Акрамя таго, каб зялёны газон цешыў вас налета, восенню можна развеяць над ім попел, які да таго ж з'яўляецца нядрэнным абсарбентам для шкодных рэчываў, здольных нанесці ўрон знешняму выгляду вашага лужка. Гэтую працэдуру можна паўтарыць вясной пасля сходу снегу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/krynichka
[3] https://zviazda.by/be/tags/agarod