Адну з найважнейшых у нашай гісторыі падзей — уз'яднанне Беларусі 17 верасня 1939 года — Нацыянальная бібліятэка прапануе пазнаць праз архіўныя дакументы, фотаздымкі, перадавыя артыкулы газет, паэзію і графіку. Набыткі з фондаў бібліятэкі, Нацыянальнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў аб'ядналіся пад ёмістымі радкамі з верша Янкі Купалы «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі» ў галерэі «Атрыум».
Выстаўка адкрылася ў дзень 80-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. «У партнёрстве з іншымі ўстановамі, што захоўваюць нашу нацыянальную памяць, мы змаглі не толькі паказаць факты і падзеі, што адбываліся на Беларусі ў гэты час, але і перадаць настрой, які панаваў сярод беларускай інтэлігенцыі ў сувязі з узнаўленнем тэрыторыі нашай краіны», — каментуе першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алена Даўгаполава.
«К вам ідзе непабедзімая Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія, каб назаўсёды пазбавіць вас ад кабалы паноў, памешчыкаў і капіталістаў, — гаворыцца ў прадстаўленай у экспазіцыі адозве камандуючага Беларускім фронтам Міхаіла Кавалёва, — каб выратаваць вас і вашы сем'і ад пагрозы знішчэння з боку врагоў беларускага народа».
Па экспанатах можна ўбачыць, як Заходняя Беларусь станавілася савецкай — праз вітанне Чырвонай Арміі, стварэнне абласных выканаўчых камітэтаў, нарады старшынь сялянскіх камітэтаў, выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, мітынгі і так далей. У пастанове Саўнаркама БССР і Цэнтральнага камітэта КП(б)Б пішацца аб адсяленні жыхароў з пагранічнай паласы і ачыстцы яе ад пабудоў, а таксама аб адвядзенні адселеным жыхарам участкаў і надзелаў зямлі.
У тэлеграме Іосіфу Сталіну, дзе паведамляецца аб стане спраў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, між іншым расказваецца, што ў кожным горадзе створаны часовыя ўпраўленні, куды штодня прыходзяць з пытаннямі аб тым, што рабіць з маёмасцю памешчыкаў ці хлебам, забраным палякамі на патрэбы арміі. «Многіх асаднікаў і памешчыкаў сяляне знішчаюць (вешаюць, расстрэльваюць, забіваюць)», — дакладваецца Сталіну.
Не менш паказальнай у кантэксце стаўлення да падзей з'яўляецца частка выстаўкі, што ўключае ў сябе старонкі газет «Звязда» і «Советская Белоруссия». «Працоўныя Заходняй Беларусі аднадушна выказваюцца за ўстанаўленне савецкай улады і далучэнне да Савецкай Беларусі», — паведамляе «Звязда» на першай паласе і піша пра «небывалы энтузіязм», з якім сустракаюць зварот аб скліканні Народнага Сабрання Заходняй Беларусі, і «адзіную ўладу, што клапоціцца аб інтарэсах народа, — савецкую».
Дапаўняюць выстаўку фотаздымкі, дзе паказваецца, як жыхары сустракаюць воінаў Чырвонай Арміі ці мітынгуюць з расцяжкай «Няхай жыве аб'яднаная Савецкая Беларусь», альбо пісьмовы зварот жыхаркі Мінска да сакратара ЦК КП(б)Б з просьбай накіраваць яе на работу ў Заходнюю Беларусь.
Якім бачыўся верасень 1939-га, выстаўка дакументамі з грыфам «Рассакрэчана», газетнымі палосамі ды вершамі Максіма Танка, Янкі Купалы і Пятруся Броўкі будзе расказваць да 7 лістапада.
Вольга МІЦКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/zahodnyaya-belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystava