Дзень падпісчыка ладзіцца ў Гродне кожны квартал. Чарговае мерапрыемства завяршае год і падводзіць вынікі падпісной кампаніі.
Кожнае выданне зацікаўлена ў тым, каб павялічыць колькасць сваіх падпісчыкаў. Таму мерапрыемства ладзіцца сумеснымі намаганнямі — пошты і рэдакцыяй газет. Звычайна для правядзення выбіраюцца найбольш ажыўленыя месцы. Як расказаў вядучы інжынер аддзела эксплуатацыі паштовай сувязі і распаўсюджвання друку Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Ігар ПАВАЙБА, дзень падпісчыка быў арганізаваны на буйных прадпрыемствах, у школах, на цэнтральных плошчах, нават на самым папулярным рынку. Апошнім часам свята праходзіць падчас фестывалю пошты. Гэта новы фармат узаемадзеяння пошты і СМІ.
Сёлетні дзень падпісчыка адбыўся ў будынку цэнтральнага аддзялення паштовай сувязі, а напярэдадні ладзілася мерапрыемства ў музеі пошты. Гэтая ўстанова адкрылася зусім нядаўна і адлюстроўвае гісторыю паштовай сувязі ў рэгіёне. Дарэчы, нядаўна каля цэнтральнага аддзялення з'явілася фігура паштальёна разам з катом. Няцяжка здагадацца, што гэта за персанажы.
Падчас дня падпісчыка ў «Звязды» знайшліся новыя прыхільнікі, якія аформілі падпіску на квартал. Таксама наведвальнікі цікавіліся і шматлікімі іншымі выданнямі Выдавецкага дома «Звязда» — напрыклад, часопісамі «Вожык», «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Алеся», «Родная прырода».
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/padpiska