Дзякуючы чаму ў гарадах людзі могуць адчуваць сябе камфортна, паспяхова з эканамічнага пункту погляду можа развівацца бізнес? Што рабіць, каб захоўвалася спрыяльным экалагічнае становішча? Усё гэта дапаможа зрабіць распрацаваная прасторавая стратэгія развіцця.
— Нельга мець устойлівую дэмаграфію, устойлівае эканамічнае працвітанне, калі ў нас у горадзе няўстойлівая прастора, інфраструктура, — кажа кансультант праекта «Зялёныя гарады» па зялёным горадабудаўніцтве Вера СЫСОЕВА. — Пытанні транспарту, энергетыкі, добраўпарадкавання і азелянення, землекарыстання, прыярытэтаў эканамічнай актыўнасці не могуць вырашацца па адным, трэба рабіць гэта ў комплексе.
Як жа пачаць выконваць гэту вельмі складаную работу? Па словах эксперта, перш за ўсё гарадской адміністрацыі важна не толькі ўмець аналізаваць сучасны стан развіцця горада, але і ацэньваць свае магчымасці, а затым планаваць дзеянні ва ўвязцы з іншымі службамі горада, каб адно мерапрыемства дапамагала выканаць некалькі мэт у розных сферах. Такі інтэграваны падыход выкарыстоўваецца за мяжой, і найлепшыя яго практыкі знайшлі сваё адлюстраванне ў праекце «Зялёныя гарады».
Для трох пілотных гарадоў — Полацка, Наваполацка і Навагрудка — распрацаваныя Планы зялёнага горадабудаўніцтва да 2040 года. Яны былі зацверджаныя мясцовымі Саветамі дэпутатаў.
План зялёнага горадабудаўніцтва — гэта мясцовая стратэгія ўстойлівага развіцця, распрацаваная з улікам асаблівасцяў гарадской прасторы і з удзелам насельніцтва, прадстаўнікоў бізнесу і грамадскіх арганізацый на ўсіх стадыях планавання. У яе ўваходзіць не толькі агульны погляд на будучыню горада, але і канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на дасягненне Мэт устойлівага развіцця, а таксама прыярытэтныя задачы, увязаныя з існуючымі ў горада рэсурсамі, і распрацоўваюцца ўзгодненыя дзеянні, аснашчаныя індыкатарамі для маніторынгу і крыніцамі для фінансавання.
У кожнага горада планы маюць сваю спецыфіку.
Каб на справе паказаць, як можа палепшыцца жыццё гараджан, каманда разам з зацікаўленымі бакамі ў кожным пілотным горадзе выбрала раёны, якія плануецца ў хуткім часе трансфармаваць згодна з прынцыпамі зялёнага горадабудаўніцтва. Гэта цэнтральная частка Навагрудка (раён вуліц Міцкевіча і Гродзенскай), мікрараён № 9 у Наваполацку і полацкі раён Грамы.
— Ужо прайшлі праектныя кансультацыі ў кожным горадзе, — расказала Вера Сысоева. — На сустрэчы з праекціроўшчыкамі запрашаліся жыхары і карыстальнікі раёнаў, каб даведацца, якія праблемы трэба вырашыць, што для іх важна і каштоўна. Да канца года плануецца атрымаць зацверджаныя эскізныя рашэнні для кожнага з раёнаў.
Акрамя Полацка, Наваполацка і Навагрудка, свае планы зялёнага горадабудаўніцтва ствараюць Карма, Зэльва, Гарадок і Крычаў.
Вераніка КОЛАСАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/biznes