«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. А вось супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі называюць яе нядрэннай у плане выпраўлення альтэрнатывай апошняй. Чалавек знаходзіцца дома, а не ў месцах пазбаўлення волі, працуе, дапамагае сям'і — і адначасова адбывае пакаранне. Адметна, што большая частка такіх асуджаных сапраўды становіцца на шлях выпраўлення. Для іншых жа гэта ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне, дзе немагчыма супрацьстаяць усім спакусам, у прыватнасці алкаголю. І пасля шэрагу парушэнняў яны ўсё ж адпраўляюцца ў месцы пазбаўлення волі. Пра тое, як жывуць і працуюць (а таксама парушаюць рэжым) асуджаныя да «хатняй хіміі», што прымушае ўзяцца за розум і без прыгод не толькі адбыць прызначаны судом тэрмін, але нават і вызваліцца датэрмінова, даведаліся карэспандэнты «Звязды», наведаўшы такіх людзей разам з супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі Савецкага РУУС сталіцы — старшым інспектарам Сяргеем Журко і інспектарам Кірылам Міцько.
«Хатняя хімія», або абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, як від пакарання з'явілася ў нас некалькі гадоў таму. Яе суд прызначае за менш цяжкія злачынствы і тыя, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. У прыватнасці, за ўхіленне ад выплаты аліментаў, падаткаў, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, дробныя крадзяжы. Асуджаны мае шэраг абмежаванняў, што дазваляе яго цалкам кантраляваць. У прыватнасці, ён абавязаны працаваць, да яго ў любы час сутак могуць прыйсці з праверкай дадому ці на работу. Пасля апошняй асуджаны павінен знаходзіцца па месцы свайго жыхарства, у нерабочыя дні і святы яму ўвогуле забаронена пакідаць жыллё. Таксама нельга ўжываць спіртное, нават піва, наведваць масавыя забаўляльныя мерапрыемствы і ўстановы, хадзіць у госці. За парушэнні гэтых патрабаванняў больш трох разоў асуджанага прыцягваюць да крымінальнай адказнасці і пазбаўляюць волі.
* * *
...Увечары наш аўтамабіль пад'язджае да аднаго з дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі. Падымаемся ў кватэру на апошнім паверсе, дзверы адчыняе сімпатычная стройная жанчына. Сустрэўшы яе на вуліцы, ніколі б не падумаў, што яна злоў-жывае алкаголем і мае праблемы з законам.
— Як справы, Святлана Пятроўна? — пытае Кірыл Міцько.
Святлана мітусліва запрашае нас прайсці ў акуратна прыбраны пакой і адказвае, што дома нашмат лепш, чым было ў Жодзіне. Там, у следчай турме № 8 у чаканні суда жанчына правяла 61 дзень. Гэтаму папярэднічаў амаль дэтэктыўны сюжэт. Пасля таго як на жанчыну і яе мужа Яраслава завялі крымінальную справу за нявыплату аліментаў на ўтрыманне дзяцей (яны абавязаныя па Дэкрэце № 18), сям'я знікла. Іх аб'явілі ў вышук, і толькі праз два месяцы знайшлі і затрымалі ў Мінскай вобласці. Цяпер абое асуджаныя, Святлана — на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Нядаўна яна стала на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю, расказвае, што працуе дворнікам у ЖЭСе.
— Як Яраслаў? — працягвае распытваць міліцыянер.
— На «сутках». Возяць іх на работу — на звалку. Мне, дарэчы, днямі трэба будзе адлучыцца з работы, цыгарэт яму закінуць, я адпрасілася ў майстра, — папярэджвае жанчына.
У 37-гадовага Яраслава працяглая гісторыя супрацьстаяння са спіртным: ён перажыў некалькі алкагольных ком, зараз за злоўжыванне і прагулы на рабоце адбывае так званую дысцыплінарную ізаляцыю — арыштаваны на 15 сутак.
— Сёння да мяне прыязджала дачка, мне было весялей, — пры ўспаміне пра дзяцей 41-гадовая жанчына ўсміхаецца. І ахвотна расказвае, што іх у яе трое. У старэйшага сына (яму 24) ужо свая сям'я і двое дзетак. Сярэдняй дачцэ 19, малодшай — 14, і яна пад апекай сястры жанчыны. Пра тое, што ў дачыненні да ўсіх Святлана была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, яна лічыць за лепшае не гаварыць. — У выхадныя ўсе дзеці да мяне збіраюцца прыехаць.
— Ты ж толькі не ўздумай адзначыць сустрэчу, — нагадваюць жанчыне.
— Ну што вы, дзеці мне не дазволяць...
— Святлана Пятроўна! Мы вас папярэдзілі, — міліцыянеры не надта вераць у абяцанні, бо не раз бачылі, чым яны заканчваюцца. А за дзвярыма кватэры распавядаюць, што з алкаголем Святлана забываецца і пра дзяцей, і пра ўсё астатняе. І калі сустрэча з імі і абыдзецца без чаркі, то хутка з «сутак» вернецца Яраслаў — тады магчыма ўсё. Як бы там ні было, сёння жанчыну няма ў чым папракнуць — рэжым яна не парушыла.
Дарэчы, ужыванне алкаголю лічыцца грубым і даволі распаўсюджаным парушэннем для такіх асуджаных, гэтак жа, як і няяўка ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю на рэгістрацыю, а таксама адсутнасць па месцы жыхарства.
* * *
Мы тым часам едзем на вуліцу Крамскога, да 43-гадовага Андрэя. Ён асуджаны па тым жа, што і Святлана, артыкуле — за нявыплату аліментаў на дзяцей. Былі ў яго біяграфіі і калонія-пасяленне, і лячэнне ад алкагалізму ў ЛПП. Гэтым разам суд вырашыў прызначыць пакаранне без накіравання ў папраўчую ўстанову. Але за першы тыдзень мужчына двойчы парушыў рэжым. Добра выпіўшы, ён адключыў газ усяму дому і лёг спаць. Калі да яго прыехалі міліцыянеры, засталі ў двары не толькі ўсхваляваных суседзяў, але і пажарных, і аварыйную службу газу, якія высвятлялі прычыну знікнення блакітнага паліва.
У тым самым двары, з трох бакоў акружаным старымі двухпавярховікамі, мы... сустракаем Андрэя — у тапках на босыя ногі і з кубкам кавы ў руках. Пры гэтым пакідаць кватэру з сямі гадзін вечара да шасці раніцы яму нельга.
— Я толькі выйшаў пакурыць. Ну дзе там на першым паверсе дома пакурыш? — пачынае ён.
— Табе пасля сямі вечара нельга пакідаць кватэру — папярэджвалі ж.
— Ну вось хацеў дапамагчы брату парамантаваць машыну. Куды я далёка пайду ў тапках? — працягвае апраўдвацца мужчына.
— Чаму не праінфармаваў аб гэтым інспекцыю?
— Ды я заўтра збіраўся сам да вас прыйсці — адпрасіцца на выхадныя ў Азярышча, каб дапамагчы маці ўскапаць на лецішчы градкі, — працягвае заклікаць да літасці Андрэй.
— Ты загадзя павінен быў папярэдзіць нас! Відавочна, што літасці сёння ён не дачакаецца.
— Ён жа толькі дапамагчы хацеў, мы рамантавалі машыну, — умешваецца брат.
— Дапамога — не падстава парушаць рэжым. Заўтра прыйдзеш да нас у 10 гадзін, за два тыдні ў цябе тры парушэнні, будзем выносіць афіцыйнае папярэджанне.
Мужчына яўна расстроены: калі папярэднія парушэнні рэжыму былі звязаны са злоўжываннем алкаголем, то сёння ён цвярозы і папаўся на глупстве. Тым часам правілы ёсць правілы, і асуджаны не павінен іх парушаць.
— Андрэй сам прызнаваўся, што яму цяжка адбываць такое пакаранне: занадта шмат вакол спакус. Гэта толькі на першы погляд абмежаванне волі — мяккае пакаранне. У ім шмат патрабаванняў, якія дазваляюць трымаць чалавека ў рамках, і не кожны іх вытрымлівае. У дачыненні да некаторых асуджаных крымінальная справа па 415-м артыкуле заводзіцца цягам першага месяца, — каментуе Сяргей Журко. — Сацыяльны дабрабыт, падтрымка блізкіх, акружэнне ўплываюць на тое, ці стане чалавек на шлях выпраўлення. Калі вакол асуджанага пэўная субкультура: яго старыя знаёмыя, якія злоўжываюць спіртным, рана ці позна ён будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці з пазбаўленнем волі.
* * *
Пакуль едзем па наступным адрасе, афіцэры дзеляцца назіраннем, што блізкасць дома асуджанага да будынка РУУС ніяк не ўплывае на тое, парушае ён рэжым ці не. Можна жыць літаральна насупраць, ведаць, што ў дзверы ў любы момант можа пазваніць міліцыянер, і пры гэтым спраўна працягваць выпіваць. Нядаўна такі асуджаны за чатыры парушэнні адправіўся ў папраўчую ўстанову. Мы таксама едзем у дом непадалёк ад РУУС, на вуліцу Якуба Коласа. Тут у кватэры з мамай і братам жыве 47-гадовая Таццяна. Яе двое дзяцей паўналетнія, але яна павінна кампенсаваць дзяржаве сродкі за іх выхаванне. За нявыплату жанчына была асуджана і ўжо мае тры парушэнні — за прагулы на рабоце. Яшчэ адно скончыцца пазбаўленнем волі.
Дзверы адчыняе мініяцюрная жанчына, разгублена папраўляе валасы.
— Добры вечар, Таццяна! Цвярозая?
— Цвярозая, — ціхім голасам кажа гаспадыня.
У вітальні на вешалцы верхняе адзенне іншых членаў сям'і. Асобна вісіць фірменная куртка «Зелянбуда» — Таццяна працуе там рабочай. Нам яна расказвае, што двое яе дзяцей ужо дарослыя, дачка замужам, але сваіх заводзіць тая пакуль не жадае. Міліцыянераў папярэджвае, што ўсе суботы ў кастрычніку ў «Зелянбудзе» рабочыя. Таму па суботах дома яе не будзе.
— Глядзі, каб не было прагулаў, — нагадваюць жанчыне.
Чарговую праверку Таццяна прайшла паспяхова. І на вуліцы міліцыянеры прызнаюцца, што найбольшыя шанцы на выпраўленне з наведаных намі асуджаных мае менавіта яна. Пасля трох парушэнняў жанчына перастала злоўжываць алкаголем, пастаянна працуе, а пасля работы знаходзіцца дома.
— Большасць асуджаных да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ўсё ж становяцца на шлях выпраўлення. І на працягу 1,5—2 гадоў не маюць ніводнага парушэння, рэгулярна прыходзяць у інспекцыю на рэгістрацыю, працуюць. Дарэчы, пры такіх умовах магчымае ўмоўна-датэрміновае вызваленне пры адбыцці паловы ці 2/3 тэрміну ў залежнасці ад цяжкасці злачынства. Камісія пры РУУС ацэньвае ступень выпраўлення асуджанага і выносіць такое рашэнне, — кажа Сяргей Журко.
Дарэчы, на камісіі па датэрмінова-ўмоўным вызваленні запрашаюць і іншых асуджаных, каб яны бачылі станоўчыя прыклады. Гэтак жа, як запрашаюць іх і на выязныя суды, дзе парушальнікам прызначаюць так званую замену рэжыму — адпраўляюць у калонію. І замест 1,5 года абмежавання волі ён атрымлівае 2,5 года пазбаўлення волі. І тыя, і іншыя меры даюць свой вынік.
Зрэшты, наперадзе ў кожнага з асуджаных тэрмін у пару ці нават больш гадоў. Ёсць час падумаць і зрабіць выбар.
Алена КРАВЕЦ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[5] https://zviazda.by/be/tags/milicyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/asudzhanyya