Міжнародны алімпійскі камітэт выступіў з ініцыятывай перанесці спаборніцтвы па марафоне і спартыўнай хадзе на доўгія дыстанцыі падчас XXXІІ летніх Алімпійскіх гульняў, паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт.
МАК праінфармаваў Міжнародную федэрацыю лёгкай атлетыкі аб меркаваных зменах.
Гэтыя змены звязаныя, перш за ўсё, з клопатам пра здароўе атлетаў, суддзяў спаборніцтваў і балельшчыкаў. Падчас Алімпіяды ў Токіа чакаецца гарачае надвор'е.
На тэставых спаборніцтвах у Японіі летам 2019-га многія нюансы надвор'я былі вывучаны і будуць улічаныя падчас правядзення Гульняў. Ініцыятыва з пераносам марафону і стартаў па спартыўнай хадзе з Токіа ў Сапара, дзе ў 1972 годзе адбыліся зімовыя Алімпійскія гульні, будзе абмеркавана ў сталіцы Японіі Каардынацыйнай камісіяй МАК на чале з Джонам Коутсам 30 кастрычніка і 1 лістапада.
«Здароўе і дабрабыт спартсменаў заўсёды знаходзяцца ў ліку прыярытэтаў МАК. Шэраг мер па абароне спартсменаў ад спёкі ў Токіа будзе прыняты. Новыя прапановы па правядзенні марафону і спаборніцтваў па спартыўнай хадзе паказваюць, наколькі сур'ёзна МАК ставіцца да такіх праблем. Алімпійскія гульні для многіх атлетаў — вяршыня іх кар'еры, на гэтых спаборніцтвах ім неабходна забяспечыць умовы для дасягнення найлепшых вынікаў. Сумесна з Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі пастараемся рэалізаваць гэтыя планы», — заявіў прэс-службе МАК прэзідэнт гэтай арганізацыі Томас Бах.
Жаночы марафон на Алімпіядзе адбудзецца 2 жніўня, мужчынскі — 9 жніўня. Найлепшых спартменаў у хадзе на 20 км у мужчын вызначаць 31 ліпеня, а ў жаночай хадзе на 20 км — 7 жніўня, мужчынская хада на 50 км адбудзецца 8 жніўня. Таксама спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы (дыстанцыі 5000 м і больш) перанесены на вячэрнія сесіі. Ранішнія матчы па рэгбі павінны заканчвацца не пазней 12 гадзін, а горныя этапы велагонак пачнуцца не раней 15 гадзін.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/marafon
[4] https://zviazda.by/be/tags/legkaya-atletyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport