Апошнія дні кастрычніка прынясуць нам значнае пахаладанне, дзённыя тэмпературы не будуць перавышаць плюс 10 градусаў, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Вось так, адным махам, цяпло пакідае тэрыторыю нашай краіны. На гэтым тыдні пад уплывам малаактыўных атмасферных франтоў і паветраных мас, якія паступаюць з паўночных шырот, усталюецца халоднае надвор'е, калі месцамі пройдуць дажджы і мокры снег. У сераду, 30 кастрычніка, працягне паступаць халоднае паветра з поўначы Еўропы, і пахаладанне ўзмоцніцца. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад нуля да мінус 5 градусаў, удзень будзе ад нуля да плюс 5 градусаў, па паўднёвым захадзе краіны — да 7 цяпла. Уначы месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег, у асобных раёнах чакаюцца туман, слабы галалёд. Удзень будзе пераважна без ападкаў.
Чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу ды дажджу і ў чацвер. Мокры снег будзе ісці месцамі пераважна па паўночнай палове краіны. Уначы і раніцай у асобных раёнах туман, слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы — ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла, але месцамі паветра астудзіцца да 6 градусаў марозу. Удзень сонца будзе прыграваць і прагназуецца ад 1 да 7 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу, у першы дзень лістапада, месцамі, пераважна па паўночна-ўсходняй палове краіны, таксама пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 3 градусаў да 2 цяпла, пры праясненнях яна панізіцца да мінус 6 градусаў. Удзень чакаецца ад мінус 1 па паўночным усходзе да плюс 7 градусаў па паўднёвым захадзе краіны.
Цяпло скончылася.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/holad