Вучоныя БДУ выявілі геадэзічныя пункты Цэнтральнаеўрапейскай дугі ўзростам больш за 180 гадоў. Даследчая работа вялася на працягу 2018—2019 гадоў пры ўдзеле супрацоўнікаў кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і вядучых спецыялістаў Белгеадэзіі і кампаніі «Крэда-Дыялог», паведамляе прэс-служба вядучай айчыннай ВНУ.
Перад пачаткам работ былі вывучаны навуковыя справаздачы і картаграфічныя матэрыялы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Палявыя даследаванні па адшуканні цэнтраў геадэзічных пунктаў праводзіліся на тэрыторыі Капыльскага, Любанскага, Старадарожскага і Клецкага раёнаў. Усяго ўстаноўлена дакладнае месцазнаходжанне шасці пунктаў. Цэнтры, якія захаваліся, закладзены на 50 сантыметраў ніжэй узроўню зямлі і ўяўляюць сабой каменны мур у форме куба з даўжынёй рабра адзін метр. У цэнтры мура ўстанаўлівалася цагліна, і на ёй адзначаліся каардынаты.
Усяго на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў перыяд з 1827 да 1866 года закладзена 52 пункты, якія ўваходзяць у Градуснае вымярэнне паралелі. Правядзенне астранамічных і геадэзічных вымярэнняў патрабавалася для ўстанаўлення формы і памераў зямнога эліпсоіда.
Геадэзічныя пабудовы пазамінулага стагоддзя з'яўляюцца гістарычнай спадчынай айчыннай навукі. Пошукавыя работы навукоўцаў, геадэзістаў і картографаў неабходныя для захавання ўнікальных аб'ектаў і ўключэння іх у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Падобныя даследаванні дазваляюць правесці параўнальны аналіз геадэзічных работ у разрэзе розных эпох. Сучасныя вызначэнні з выкарыстаннем спадарожнікавых сістэм пацвярджаюць высокую дакладнасць правядзення астранамічных і геадэзічных работ ХІХ стагоддзя.
Падрабязныя вынікі палявых экспедыцый навукоўцы прадставяць на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Геаматыка: адукацыя, тэорыя і практыка», якая адбудзецца 20—22 лістапада на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ ў Мінску.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: gki.gov.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[5] https://zviazda.by/be/tags/vuchonyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/centralnaeurapeyskaya-duga
[7] https://zviazda.by/be/tags/dasledvanni