Урачыстае адкрыццё XVI Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ-2019” адбудзецца 19 лістапада ў Ліцэі БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 17.00.
Мерапрыемства распачнецца з перформансу артыстаў народнага студэнцкага тэатра БДУ “На балконе Іх выступленне перагукаецца з канцэпцыяй фестывалю “Парушаем раўнавагу”. Арганізатары фэсту вырашылі адысці ад традыцыйных тэатральных жанраў і падрыхтавалі для гледачоў унікальныя пластычныя пастаноўкі.
Працягнецца цырымонія адкрыцця “Куфара” конкурсным спектаклем “Прабелы” тэатра танца “Адлюстраванне” з БДУІР. Праз танец артысты “раскажуць” пра часовую пустату ў жыцці чалавека, якую ён спрабуе запоўніць сяброўствам, любоўю, лідарствам або мастацтвам.
Праграма “Тэатральнага куфара, БДУ-2019” уключае паказ 12 аматарскіх і прафесійных спектакляў. Дэманстрацыя пастановак пройдзе ў рамках васьмі тэматычных праектаў. Напрыклад, “Куфар-in-Motion” арыентаваны на стварэнне сцэнічнай выявы праз акцёрскую пластыку, эсты і эмоцыі. У рамках фестывалю пройдуць таксама тры майстар-класа прафесійных рэжысёраў і педагогаў. Ключавымі тэмамі стануць праца з гукам і аўдыёвізуальным матэрыялам падчас пастаноўкі спектакляў, а таксама выкарыстанне ў тэатральнай творчасці Юнгаўскай тэорыі архетыпаў.
Усяго ў пастаноўках будзе задзейнічана больш як 150 артыстаў з 9 краін.
Пераможцу “Тэатральнага куфара, БДУ-2019” па традыцыі вызначыць глядач. Прафесійную ацэнку дасць журы. Уваход на адкрыццё “Тэатральнага куфара” бясплатны.
Праграма фестывалю размешчана тут [1].
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв'ю: sarmatian91.livejournal.com
Спасылкі
[1] http://tkufar.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatralny-kufar-bdu-2019
[3] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/spektakli