Месцы, дзе сёння адбываецца галасаванне за тых, хто будзе прадстаўляць гомельскі рэгіён у Палаце прадстаўнікоў, можна заўважыць здалёк. Яшчэ на вуліцы перад многімі выбарчымі ўчасткамі разгорнуты розныя пляцоўкі з выставамі, гульнямі, канцэртамі і прэзентацыямі. Унутры памяшканняў — буфеты са смачнай прадукцыяй мясцовых прадпрыемстваў.
Дарэчы, перад уваходам ва ўніверсітэцкі будынак, дзе размешчаны ўчастак № 17 Гомельскай-Цэнтральнай акругі № 33, грае духавы аркестр. Сюды прыйшоў галасаваць старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Кіраўнік вобласці нагадвае, што грамадзянскі абавязак кожнага беларуса — выказаць сваю пазіцыю і падтрымаць таго ці іншага кандыдата:
— Я галасую за разумны баланс стабільнасці і прагрэсу. За мудрасць дасведчаных прафесіяналаў, за дасягненні калектываў і прадпрыемстваў. За апошнія 25 гадоў стабільна развіваецца эканоміка нашай дзяржавы. Надаецца ўвага як рэальнаму сектару эканомікі, так і сацыяльным накірункам. У Гомельскай вобласці ёсць уласны брэнд — комплекснае добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Гэта работа будзе працягвацца. Сёння я галасую і за арганічнае ўзаемадзеянне парламента і мясцовых органаў улады.
Генадзь Салавей выказаў ўдзячнасць дэпутатам шостага склікання — за іх падтрымку Гомельшчыны ў дэпутацкім корпусе.
Кіраўнік Гомельшчыны ўручыў падарункі тым маладым людзям, якія ўпершыню сталі выбаршчыкамі, падрабязна пазнаёміўся з навуковымі напрацоўкамі, якія былі прадстаўлены на стэндах маладымі вучонымі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Галасаваць на ўчастку № 17 у Гомелі ёсць магчымасць у 1784 выбаршчыкаў — менавіта столькі прозвішчаў значыцца ў спісах участковай камісіі. Дарэчы, 523 чалавекі прагаласавалі тут датэрмінова.
Усяго ў Гомельскай вобласці адкрыты 1009 участкаў. На 17 месцаў у Палаце прадстаўнікоў у рэгіёне прэтэндуюць 72 кандыдаты.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2019
[5] https://zviazda.by/be/tags/genadz-salavey-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-gomelskaga-ablvykankama