Работа камісій хутка будзе завершана. З 1014 спраў разгледжана пераважная большасць — амаль 90 %. У Гродзенскай вобласці станоўча вырашана амаль кожная другая справа. Сорак чалавек пакінуць самую буйную на Гродзеншчыне спецкамендатуру. Кожны з іх вызначаны не толькі з месцам жыхарства, але і з работай. А некаторыя наогул мяркуюць змяніць прапіску.
Будынак спецкамендатуры амаль нічым не адрозніваецца ад шэрагу інтэрнатаў у Гродне. Аб тым, што тут месціцца папраўчая ўстанова адкрытага тыпу, сведчаць хіба толькі шыльда ды закрытыя кратамі вокны на першым паверсе. Сюды мы прыехалі разам з прадстаўніком упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў Юліяй Бокай. Зараз тут вядзецца капітальны рамонт фасада, у хуткім часе будынак атрымае цеплавую мадэрнізацыю і будзе пафарбаваны. Хол таксама не выглядае казённа — каля сцяны стаіць вялікі акварыум з рыбкамі, атмасфера нагадвае інтэрнат з той розніцай, што паўсюдна супрацоўнікі ў міліцэйскай форме.
Тут мы павінны сустрэцца з двума асуджанымі, якія ў хуткім часе пакінуць гэту ўстанову па амністыі. Дарэчы, сёлетняя амністыя, прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі, адрозніваецца ад папярэдняй, якая адбылася чатыры гады таму. Тэрмін дзеяння закона «Аб амністыі» доўжыцца не паўгода, як папярэдні, а дзевяць месяцаў — з 25 ліпеня 2019 года да 25 красавіка 2020-га. Гэта дазволіць не толькі разгледзець больш спраў, але, галоўнае, дасць магчымасць асуджаным разлічыцца па ісках.
— Такім чынам, на волю трапіць яшчэ больш асуджаных. Амністыя — гуманны акт дзяржавы, які дазволіць людзям хутчэй вярнуцца дамоў і не страціць сацыяльна карысныя сувязі, — канстатуе Юлія Бокая. — У першую чаргу разглядаюцца справы тых, хто падпадае пад артыкул 1 закона «Аб амністыі». Гэта непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, мужчыны і жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў, пенсіянеры, інваліды, анкахворыя, ветэраны баявых дзеянняў і іншыя.
Таксама на два гады скарочаны тэрмін пакарання непаўналетнім. На год альбо два зменшаны тэрмін для асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Затое назіраецца яскрава выражаная антыкарупцыйная накіраванасць.
Як расказала супрацоўнік дэпартамента, па-ранейшаму сёлетняя амністыя не распаўсюджваецца на асоб, якія раней падпадалі пад амністыю і зноў здзейснілі наўмысныя злачынствы. Таксама не будуць амніставаныя тыя, хто злосна парушае ўстаноўлены парадак падчас адбывання пакарання. Не падпадаюць пад закон асабліва небяспечныя рэцыдывісты, асуджаныя за злачынствы супраць жыцця і здароўя, палавой недатыкальнасці, за незаконны абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы, карупцыйныя злачынствы.
Андрэй і Арцём — з ліку асуджаных, чые злачынствы не маюць вялікай грамадскай небяспекі і не цягнуць за сабой вялікіх тэрмінаў пакарання. Абодва згадзіліся пагутарыць з карэспандэнтам «Звязды» пад сваімі сапраўднымі імёнамі. Стараюся прыняць нязмушаны тон, каб не засмучаць суразмоўнікаў. Але перасцярога аказалася лішняй: мужчыны і самі гатовы былі расказаць аб сабе і нават даць сваім дзеянням ацэнку.
Арцёму 26 гадоў, ён са Смаргоні. Працуе ў мясцовай камунальнай службе і нават мае сваю кватэру. Сацыяльнае жыллё атрымаў як сірата. Тут, у Смаргоні, жыве яго маці з айчымам. Менавіта з яго ўдзелам, па словах Арцёма, і адбылася гэта крымінальная гісторыя.
...Задумалі неяк мужчыны «наварыцца»: скралі з адной фірмы рухавік. І ўжо за агароджу выйшлі, як праз некалькі хвілін трапілі ў рукі міліцыі. Праваахоўнікаў выклікаў мясцовы вартаўнік. Так замест «навару» Арцём за крадзеж атрымаў год выпраўленчых работ. Дзякуючы амністыі, тэрмін скараціўся ажно на дзевяць месяцаў. І хоць перыяд знаходжання даволі кароткі, Арцём зрабіў усё, каб вярнуцца да нармальнага жыцця. А галоўнае, за ім засталася яго кватэра.
— Я даслаў у ЖЭС даведку з суда. Гэта дае магчымасць адтэрміноўкі квартплаты, запазычанасць за некалькі месяцаў буду паступова «пагашаць». За мной захавалі і рабочае месца, — паведаміў Арцём.
Не магу не запытацца, якія ў яго планы на будучыню. Аказалася, за гэтыя некалькі месяцаў хлопец многае абдумаў і прыйшоў да высновы, што хопіць выпрабоўваць лёс. Тут, па яго словах, прыйшло ўсведамленне, што жыццё складаецца са звычайнага чалавечага шчасця — мець сям'ю, дзяцей. Для гэтага трэба перагледзець і сваё кола зносін, нават сярод родных...
— Маці бывае калі вып'е — тэлефануе, але я ў такі момант стараюся з ёй не гаварыць. Кажу: звані, калі будзеш цвярозая, — расказвае Арцём.
Як зазначыла Юлія Бокая, амністыя прымяняецца толькі да асоб, якія маюць станоўчую характарыстыку і поўнасцю пакрылі шкоду. З пачаткам амністыі «пагашаны» памер склаў 72,5 тысячы рублёў. Разгледжана каля 900 спраў з 1014. Амаль 260 чалавек выйдуць ці ўжо выйшлі на волю. Астатнім альбо скарацілі тэрміны пакарання на год ці два, альбо наогул адмовілі ў амністыі.
— Прымяненне закона «Аб амністыі» ажыццяўляецца па пастанове начальніка выпраўленчай установы з зацвярджэннем пракурора. Рашэнні аб амністыі прымаюцца да кожнага асуджанага індывідуальна пасля дасканалага вывучэння матэрыялаў асабістай справы, — удакладняе Юлія Бокая.
У 40-гадовага Андрэя са Слоніма за плячыма не адна судзімасць. Цяпер адбывае тэрмін пакарання за растрату. Спакусіўся на маёмасць транспартнай кампаніі, калі падмяняў кіраўніка. Растрата хутка выявілася, адбыўся суд, у выніку якога Андрэй атрымаў і тэрмін, і іск. Паколькі змог разлічыцца і не мае заўваг ад адміністрацыі ўстановы, разлічвае ў хуткім часе развітацца з «хіміяй». І хоць тут не калонія, больш ільготны рэжым, Андрэй пастараўся зрабіць усё, каб вярнуцца да нармальнага жыцця. Амністыя «скінула» яму тэрмін амаль на год. І гэта вельмі добры шанц пачаць нешта новае пасля трох гадоў выпраўленчай работы, лічыць Андрэй. За гэты час у яго жыцці многае змянілася.
— З гараджаніна я стаў селянінам, замест былога будаўніка — памочнікам фермера. Напачатку гэта было нязвыкла, нават не думаў, што змагу працаваць на вёсцы, у сельскай гаспадарцы, — заўважае суразмоўнік.
А ўсё пачалося з таго, што яго накіравалі на работу ў фермерскую гаспадарку непадалёк ад Гродна. У абавязкі ўваходзіла работа па доглядзе за свінакомплексам. Для былога будаўніка справа не зусім звыклая, хутчэй, наадварот. Між тым гаспадар быў зацікаўлены ў памочніку, добра яму плаціў, і нават паабяцаў аплачваць кватэру ў Гродне.
— Мне падабаецца фермер, ён хоць і малады, але вельмі руплівы і адказны, дзякуючы добрай зарплаце, я змог датэрмінова «пагасіць» запазычанасць, а гэта 1125 рублёў. Дапамагаю дзецям, — раказвае Андрэй.
Цікаўлюся, ці падтрымлівае хто з родных, ці наведвае? Як відаць, сямейнае жыццё не склалася, двое амаль дарослых дзяцей жывуць сваімі інтарэсамі. А вось сёстры трымаюць сувязь, нават прыязджалі яго наведаць. Вядома, гэта важна, калі ёсць блізкія, на якіх можна абаперціся, але не менш важна самому стаць на ногі. Відаць, у Андрэя гэта атрымалася толькі ў сценах выпраўленчай установы. Кажа, раней не думаў, што можа зноў ажаніцца, не імкнуўся да гэтага, але зараз адчувае, што трэба пасталець, асесці на месцы. Спрыяе гэтаму і культура паводзін. Значную ролю адыграла і адміністрацыя ўстановы, лічыць Андрэй.
— Далёка не ўсе сачылі за парадкам, хтосьці прыбірае за сабой, а хтосьці не хоча, але тут прывыкаеш да гэтага, і ўжо не дазваляеш сабе смецце кінуць абы куды. Нават у дробязях навучыліся не парушаць нормы — дарогу пераходзіць па правілах, праезд аплачваць, хопіць праблем з законам, гэта не санаторый. Думаю, так скажа кожны, хто гэты «хлеб» пакаштаваў, — падводзіць вынік Андрэй.
Падчас амністыі ўстанову пакіне 40 чалавек. У адміністрацыі лічаць, што гэта нямала. Усе пакрылі шкоду, хоць у некаторых сумы даходзілі да сямі тысяч рублёў. Пераважная большасць — жыхары Гродзенскай вобласці.
— Як правіла, усе, хто выходзяць на волю, маюць жыллё. Так не бывае, што асуджаны пакідае папраўчую ўстанову і ідзе ў нікуды, — кажа старшы інспектар па працоўным і бытавым уладкаванні Дзмітрый Шапяцюк. — Калі такія праблемы ўзнікаюць, чалавека накіроўваюць у пакоі часовага наведвання, якія ёсць у кожным раёне. Але ў асноўным усе вяртаюцца альбо ў сям'ю, альбо да сваякоў. Пры неабходнасці асуджанаму ўзнаўляюць дакументы. Некаторыя прадпрыемствы ў лік броні пакідаюць яму месца, і тады чалавек адразу пасля вызвалення пачынае працаваць.
Многіх прыводзіць за краты неўладкаванасць у жыцці, няўменне знайсці свой уласны шлях. Таму такая дапамога — сапраўдны шанц на будучыню. У гродзенскай выпраўленчай установе адкрытага тыпу зазначылі, што большасць асуджаных станоўча ацэньваюць магчымасць выйсці на волю датэрмінова.
— Тыя, хто вызваляецца датэрмінова, як правіла, рэдка трапляюць сюды зноў, — кажа намеснік начальніка папраўчай установы Дзмітрый Дубатоўка. — Працэнт рэцыдыву невысокі. Хто сам імкнецца трапіць на волю, што-небудзь выправіць у сваім жыцці, заслугоўвае таго, каб дзяржава паверыла ў яго і дала магчымасць пасля вызвалення жыць па-іншаму.
Чалавек многае можа, упэўнены ў адміністрацыі ўстановы. Не толькі страціць сябе, але і знайсці.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/amnistyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/asudzhanyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/vypraulenchaya-ustanova