Украіна і Міжнародны валютны фонд (МВФ) дамовіліся аб новай праграме супрацоўніцтва. Дамоўленасць дасягнута па выніках тэлефоннай размовы, якая адбылася ў мінулую суботу 7 снежня паміж прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскі і кіраўніком МВФ Крысталінай Георгіевай. Пра гэта паведамляе прэс-служба [1] прэзідэнта Украіны, інфармацыю пацвярджае прэс-служба МВФ.
"Я запэўніла прэзідэнта ў гатоўнасці МВФ падтрымаць палітычную праграму ўладаў па падтрыманні макраэканамічнай стабільнасці і падняць эканоміку на шлях больш высокага, устойлівага і ўсёабдымнага росту, у тым ліку з дапамогай новай праграмы, якая падтрымліваецца МВФ", - прыводзяцца ў паведамленні МВФ словы Георгіевай.
"Супрацоўнікі МВФ дасягнулі пагаднення з уладамі адносна палітыкі, якая ляжыць у аснове новага трохгадовага пагаднення на суму 4 млрд спецыяльных правоў запазычання (каля 5,5 млрд долараў) у рамках механізму пашыранага фінансавання", - дадала яна.
Кіеў разлічваў да канца года заключыць пагадненне аб новым пакеце дапамогі ад МВФ. Для атрымання дапамогі Міжнародны валютны фонд вылучаў Кіеву шэраг умоў. Сярод іх - актыўныя крокі па барацьбе з карупцыяй у краіне і адмена мараторыя на продаж сельскагаспадарчых зямель.
Спасылкі
[1] https://www.president.gov.ua/ru/news/ukrayina-ta-mvf-dosyagli-domovlenosti-shodo-novoyi-programi-58781
[2] https://zviazda.by/be/tags/mvf
[3] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[4] https://zviazda.by/be/tags/milyon-dolarau