Напэўна, усе, хто хоць раз наведваў дзіцячую спартыўную секцыю, назіралі карціну, як дзіця перад заняткамі са слязьмі не можа адарвацца ад свайго бацькі. Ці як трэнер, не здольны дамагчыся патрэбнага выніку, гарлапаніць на сваіх выхаванцаў. А можа быць, як малады спартсмен, атрымаўшы недарэчную траўму, не рашаецца зноў падысці да снарада і паспрабаваць зрабіць сарваны элемент... Потым, вырастаючы, спартсмены аналізуюць свае няўдачы і кажуць, што правалы часта абумоўлены не фізічнай негатоўнасцю, а псіхалагічнымі праблемамі або хваляваннем. А поспех у вялікім спорце на 50 працэнтаў складаецца менавіта з псіхалогіі. Таму сёння ў кожнай зборнай ёсць не толькі спартыўны доктар, але і псіхолаг, які штодня працуе з атлетамі. А вось ці патрэбны ён дзецям, як правільна вызначыць від спорту, які падыходзіць для вашага дзіцяці, ці варта ўвогуле прымушаць яго хадзіць на трэніроўкі і як дапамагчы вырасці чэмпіёну, расказала спартыўны псіхолаг з пятнаццацігадовым стажам Кацярына БУЧА.
— Кацярына, сёння большасць бацькоў, прыводзячы дзіця ў спартыўную секцыю, хочуць абавязкова вырасціць чэмпіёна, забываючы аб жаданні самога дзіцяці. Ці правільна гэта?
— У гэтым выпадку спачатку бацькам трэба разабрацца са сваімі амбіцыямі, зразумець, што стаіць за іх жаданнем. Часта бацькі адпраўляюць дзіця «стаць чэмпіёнам», таму што самі такімі не сталі. Гэта іх боль, спачатку трэба разабрацца з ім, каб не траўмаваць малое. Трэнеры і бацькі нават прымяняюць фізічнае насілле, каб «выціснуць» з дзяцей гэта чэмпіёнства...
Вельмі разумны падыход практыкуюць у Германіі — на пачатковым этапе ў іх няма дзялення па відах спорту. Да 6 гадоў дзеці проста развіваюць агульныя якасці — каардынацыю, спрыт, хуткасць. Потым ужо ім паказваюць розныя віды спорту з поўным пагружэннем на паўгода. Напрыклад, паўгода яны займаюцца плаваннем, паўгода — баскетболам. Тады дзіця разумее, што яму цікава, а цела і псіхіка ўжо гатовыя да любога віду спорту.
— Калі дзіця не хоча займацца спортам, яго варта прымушаць?
— Трэба разбірацца, чаму не хоча. Магчыма, яму складана расставацца з бацькамі. Літаральна нядаўна назірала, як шасцігодак прывялі на заняткі па хакеі, у аднаго з дзяцей падвышаная трывожнасць, ён не хоча адыходзіць ад таты. А тату сорамна, што ў яго такое дзіця, і ён яго адштурхоўвае, гоніць на трэніроўку. На самай справе, сыну трэба было адваротнае: каб яго абнялі, паказалі, што ён у бяспецы, што бацька побач, і тады ён спакойна пойдзе і будзе займацца. Зноў жа, такая трывожнасць дзіцяці з'явілася нездарма, значыць, бацькі рабілі штосьці не так. Трэба памятаць, у дзяцей праблем няма, праблемы ў дарослых, і калі дзіця сябе дрэнна паводзіць, мы глядзім у першую чаргу на бацькоў.
Важна ўлічваць, чаго хоча само дзіця. У мяне быў выпадак, калі бацькі аддалі малога ў тэніс, маўляў, гэта прэстыжна, адпавядае іх узроўню — а ён футболам хоча займацца. Тэніс — індывідуальны від спорту, значыць, падыходзіць інтравертам, а калі хлопчык хоча займацца футболам, то ён, хутчэй за ўсё, экстраверт, гэта значыць, вельмі таварыскі, зусім іншы склад тэмпераменту.
Таксама часта сустракаюцца выпадкі, калі дзеці з аднаго віду спорту пераходзяць у другі, трэці, бацькі пачынаюць абурацца, а на самай справе для дзяцей гэта нармальна, яны шукаюць. Калі дзіця знойдзе тое, што яму падабаецца, то яго не прыйдзецца цягнуць на трэніроўку. А калі ўсё ж даводзіцца цягнуць, то трэба разбірацца, што не так. Можа, трэнер яго абражае? У мяне цяпер адразу некалькі дзяцей адмовіліся займацца спортам, таму што больш не вытрымліваюць абразы і ціск з боку трэнера.
— У нас ёсць праблема з псіхалагічнай падрыхтоўкай дзіцячых трэнераў?
— Яны, безумоўна, павінны яе праходзіць, але не вельмі хочуць. Ва ўніверсітэце фізкультуры выкладаюць спартыўную псіхалогію, і таму многія лічаць, што яны ўсё ведаюць. Я 15 гадоў у гэтай сферы і шмат чаго не ведаю, вучуся да гэтага часу, у тых жа дзяцей. Калі тлумачу, чаму трэнеры крычаць на іх, па-першае, кажу, пра страх. Трэнеру страшна, таму што з яго таксама патрабуюць вынік. Вынік — гэта яго заробак, заробак — гэта абавязак пракарміць сям'ю і гэтак далей. Трэнер павышае голас, бо не ведае, як па-іншаму. А да кожнага дзіцяці трэба шукаць індывідуальны падыход.
— У якім узросце дзіця эмацыянальна гатова да сур'ёзных заняткаў спортам?
— Па-рознаму. Я перастала прывязвацца да ўзросту. Да мяне неяк прыйшоў сямігадовы хлопчык і расказаў, што цалкам разлічыў, колькі ён будзе трэніравацца, колькі яму на гэта трэба часу, якія нарматывы неабходна выканаць і нават які ў яго будзе заробак. А ёсць дзеці, якія ў 10 гадоў проста гуляюць з усім, і пераконваць іх у тым, што яны павінны быць дарослымі, бессэнсоўна.
— Спорт значна памаладзеў, у многіх відах з дзяцей гадоў да 15 выціскаецца іх максімум, а потым яны аказваюцца непатрэбнымі, не могуць знайсці сябе ў жыцці...
— Cпартсменам, якія да мяне прыходзяць, я заўсёды задаю пытанне: «Што потым? Якая ў цябе канчатковая мэта, куды ты ідзеш у сваім спорце і куды ў жыцці?» Раблю гэта для таго, каб яны разумелі, чым будуць займацца пасля. Тады не будзе адчування, што іх кінулі. У нас вельмі баяцца казаць пра траўмы, якія могуць спыніць кар'еру ў любым узросце, а гэта няправільна, да такой будучыні трэба быць гатовым. Часта былыя спартсмены знікаюць, співаюцца, ідуць працаваць трэнерамі і ненавідзяць сваю работу, таму што ў спорце яны былі зоркамі, якім плацілі вялікую зарплату, а тут яны — работнікі з малым заробкам. Адсюль з'яўляецца агрэсія ды іншы негатыў. Я б казала пра тое, што будзе пасля сыходу са спартыўнай арбіты, ужо з дзяцінства. Трэба, каб у дзіцяці было нейкае цікавае хобі, акрамя спорту. Чаму яўрэяў вучылі іграць на скрыпцы? Каб, калі наступяць галодныя часы, ты выйшаў, адыграў і на ежу сабе зарабіў. Выдатна, калі ёсць «запасная» прафесія, якая цябе пракорміць. Да таго ж, дзіцяці трэба вучыць правільна распараджацца грашыма.
— На жаль, часам дзеці сутыкаюцца з траўмамі, з'яўляецца страх выконваць тое ці іншае практыкаванне, выходзіць на гульню.
— З гэтай праблемай да мяне звяртаюцца вельмі часта. Са страхам важна разабрацца і дастаць да самага дна, зразумець, чаго канкрэтна баіцца спартсмен. У нас не прынята баяцца, лічыцца, што гэта сорамна. На самай справе, у страху ёсць функцыя — паведаміць аб парушэнні бяспекі, таму, калі страшна, трэба глядзець, дзе парушаецца бяспека. Для спартсмена парушэнне бяспекі — гэта няправільнае выкананне дзеяння. Траўма адбываецца з-за таго, што здзейснены няправільныя тэхнічныя дзеянні, парушана механіка рухаў. Работа над страхам — гэта няпросты алгарытм, мозгу трэба зразумець, што і як ты робіш. Чым больш дэталёва чалавек у ім разбярэцца, тым менш будзе баяцца. Мозг дакладна ведае, дзе спартсмен можа памыліцца, проста трэба дазволіць яму ўбачыць гэтую карціну. Таму спачатку я прашу спартсмена прамаляваць у галаве поўную карціну таго, як ён выконвае практыкаванне, у які момант памыляецца, як падае і што робіць пасля падзення. Каб мозг супакоіўся, яму трэба «паказаць», што калі нейкая падзея адбудзецца, ён будзе ведаць, што рабіць. Другі крок — прадумаць, што трэба зрабіць, каб пазбегнуць траўмы. Тут ужо мы глядзім тэхніку, усё распісваецца па алгарытмах і пракручваецца ў галаве з візуалізацыяй. Далей ідзе адпрацоўка на ўзроўні рэфлексаў, бо калі спартсмен на гэтым узроўні не можа зрабіць рух, то на спаборніцтвах яго не выканае. Дакладней, выканае, але верагоднасць памыліцца вельмі высокая, таму што на спаборніцтвах вельмі высокі ўзровень стрэсу. Часта спартсмены кажуць, што на трэніроўцы ўсё атрымліваецца, а на спаборніцтвах не. Усё проста — на трэніроўцы мозг недастаткова загружаны, а вось на спаборніцтвах ён заняты дадатковай працай, спартсмен пастаянна думае, што на яго глядзяць, што на яго спадзяваюцца, а ці зможа ён выканаць усё беспамылкова, і гэтак далей. Такім чынам, калі на трэніроўцы выкананню задання спартсмен аддае каля 80 працэнтаў увагі, то на спаборніцтвах, у лепшым выпадку, іх застаецца 40.
Звычайна праблема заключаецца ў тым, што мы не ўмеем кіраваць сваім мозгам. Зразумела, кіраваць ім вельмі складана, але дамовіцца, навучыцца адчуваць — магчыма. Таму я са спартсменамі працую над усведамленнем дзеянняў, вучу свядома выконваць рухі, гэта значыць, адчуваць рух, як смак ежы. Калі чалавек можа кіраваць і кантраляваць рух, страху няма. Каб выправіць рух, кажуць, патрэбны тысячы паўтораў, а праз усвядомленасць можна зрабіць гэта за 15 хвілін.
— Яшчэ адна праблема — пераход з дзіцячага спорту ў дарослы. На ваш погляд, яна сапраўды існуе?
— Так, таму што патрабаванні змяняюцца. Дапусцім, у падлеткавым узросце чалавек паспяховы ў сваім відзе, ён пераходзіць у дарослую каманду і становіцца ўжо не зоркай, а звычайным спартсменам, як мноства іншых. Але ён прывык быць зоркай, а гэта значыць, ім усе захапляюцца, пры тым, што сам спартсмен не асабліва і напружваецца. А тут атрымліваецца — не захапляюцца. Няма захаплення — «зорка» пачынае чахнуць, псіхалагічна ламаецца. Бацькам і дзецям трэба разумець: калі спартсмен пераходзіць у дарослую каманду, яму працаваць трэба так, быццам ён нічога не ўмее. Дарэчы, у амерыканцаў такой праблемы няма. Там спартсмены па-іншаму ставяць мэты. У нас важна трапіць у зборную ці трапіць у Нацыянальную хакейную лігу, напрыклад. Я кажу такому чалавеку: можна паехаць у ЗША ці Канаду, купіць білет на матч і трапіць у НХЛ. Канчатковая мэта павінна быць іншай: не трапіць у зборную, а выйграць чэмпіянат свету, напрыклад. Я вучу спартсменаў ставіць мэты па сістэме SMART. Мэта павінна быць пэўная і канкрэтная, якую можна вымераць, дасягальная, рэлевантная і актуальная, гэта значыць, неабходная (гэта павінна быць сапраўды тое, чаго жадае чалавек), але абмежаваная па часе. Тэрміны абавязковыя. Мы прапісваем, якія спаборніцтвы, на якім этапе спартсмен павінен выйграць. Аналізуем, якімі якасцямі ён валодае, а якіх яму не хапае.
— Часта кажуць пра «характар чэмпіёна». Ці сапраўды ёсць якасці, якія вызначаюць пераможцу?
— Ёсць, але вызначыць у дзяцінстве, хто «стрэліць», немагчыма. Ведаю, што цяпер папулярная тэма — даследаваць гены. Так, вы можаце вызначыць, што ў дзіцяці ідэальны набор генаў, але самае галоўнае — тое, чаго яно само хоча. У кожнага свае здольнасці. Аднаму ўсё даецца хутка, і ён не шануе гэтага, а іншаму даецца цяжка, але за кошт сваёй працы, характару і здольнасці выпаўзці «на зубах» ён пакажа вынік. Шмат што залежыць ад трэнера і ўмоў трэніровак. Вельмі многае сёння залежыць ад бацькоў, бо спорт памяняўся, цяпер у ім вельмі вялікая канкурэнцыя. Дзяцей шмат, трэнеры не ўсім могуць надаць аднолькавую ўвагу, і калі мэта — чэмпіёнства, не выключана, што давядзецца наймаць і дадатковых настаўнікаў. Калі такой мэты няма, задача бацькоў — проста падтрымліваць дзяцей, дапамагаць, натхняць.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/spartyuny-psiholag
[4] https://zviazda.by/be/tags/chempiyony
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci