20 снежня ў музеі замкавага комплексу «Мір» возьме старт міжнародны выставачны праект «Аб'ядноўваючы прастору і час», на якім будуць прадстаўленыя ўнікальныя гістарычныя карты ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў, дзе адлюстраваныя беларускія землі таго часу. Праект стаў вынікам супрацоўніцтва музея Мірскага замка, Нацыянальнага музея старых картаў і кніг (Румынія), гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі і калекцыянера, дызайнера ды рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага.
На выстаўцы, расказалі «Звяздзе» ў аддзеле ўліку і захавання фондаў музея замкавага комплексу ў Міры, сабраныя рэдкія гістарычныя дакументы і іх копіі: карты работы славутых галандскіх, французскіх і нямецкіх майстроў Пітэра Шэнка, Міціаса Шутэра, Нікаля Сансона, Петруса Берціуса ды іншых. Як змяняліся з часам межы навакольных дзяржаў, куды рухаліся тыя ці іншыя ваенныя паходы і дзе ў выніку заключаліся мірныя дамовы, як наогул пашыраліся геаграфічныя веды — адказы на ўсе гэтыя пытанні можна атрымаць з дапамогай картаў.
«Асаблівай увагі заслугоўвае карта Вялікага Княства Літоўскага 1631—1650 гадоў, якая на працягу наступных двух стагоддзяў заставалася недасягальным узорам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай — як па ўзроўні афармлення, так і па аб'ёме інфармацыі, змешчанай на ёй, — анансуюць адну з цікавінак экспазіцыі супрацоўнікі музея. — Гэту карту, якая цяпер захоўваецца ў фондах нашага музея, стварыў вядомы гравёр Томаш Макоўскі на замову князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Дарэчы, партрэт самога фундатара можна будзе таксама ўбачыць на выстаўцы — на старонках кнігі «Перэгрынацыя, альбо Паломніцтва князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла ў Святую Зямлю», датаванай 1683 годам».
Выстаўка працягне сваю работу да канца сакавіка 2020 года, а трапіць на яе можа кожны наведвальнік музея замкавага комплексу «Мір» — па квітку ў музей.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Прэв'ю: fotex.biz
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/mirski-zamak
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryka-kulturnaya-kashtounasc
[8] https://zviazda.by/be/tags/kultura