Для стварэння навагодняй атмасферы ў сталіцы ўстаноўлена 30 вялікіх штучных ёлак. Лясгасы ж плануюць паставіць каля 30 тысяч жывых ёлак. Купіць навагоднія дрэўцы на кірмашах можна будзе з 22 да 31 снежня. Аб гэтым расказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Дзмітрый ПЛЯХАНАЎ.
— Для пакупнікоў прапануецца больш за за тры тысячы найменняў ёлачных упрыгожанняў, амаль 450 тысяч салодкіх навагодніх падарункаў. Святочныя кірмашы пройдуць практычна ва ўсіх раёнах сталіцы. На вуліцы Кальварыйскай, 21 з 21 снежня да 15 студзеня ўсіх ахвотных чакае модны кірмаш з фуд-кортамі кухняў народаў свету. Удзел у ім прымуць больш за 40 прадстаўнікоў грамадскага харчавання. Пляцоўка знаходзіцца пад адкрытым небам, уваход бясплатны. У рамках кірмашу — фестываль зімовых напояў, фотазона з каруселлю. Для наведвальнікаў будуць прадстаўлены арт-аб'екты і дызайнерская ёлка, а таксама выстаўка прадукцыі беларускіх рамеснікаў.
Маладзёжная лакацыя з фуд-тракамі «Пясочніца» па вуліцы Куйбышава, 45 будзе працаваць з 25 да 29 снежня, наведаць яе можна з 12 да 21 гадзіны. Плануецца дзевяць пунктаў з ежай, у праграме — выстаўка самавараў і ледзяных фігур, па вечарах — фаер-шоу.
— «Калядны кірмаш» з 12 шклянымі гандлёвымі павільёнамі на Кастрычніцкай плошчы ўжо прапануе паспрабаваць смажаных слімакоў, дранікі і бліны з рознымі начынкамі, бургеры і хот-догі, венгерскія калачы, шашлыкі і стравы, прыгатаваныя на мангале. З навінак — мяса ў тандыры. Традыцыйна ў продажы глінтвейн ды іншыя напоі, — дадаў Дзмітрый Пляханаў. — Гандаль будзе весціся да 7 студзеня з 12 да 23 гадзін, а з 8 да 15 студзеня — з 12 да 20 гадзін. У навагоднюю ноч яго можна наведаць з 23 гадзін да 4 гадзін раніцы.
На пляцоўцы каля Камароўскага рынку 21 снежня адкрыецца навагодні кірмаш «Мяцеліца», дзе будуць размешчаны 24 драўляныя хаткі. Ён будзе працаваць з 12 да 22 гадзін, у навагоднюю ноч — да шасці гадзін. На святочных гандлёвых радах гасцей парадуе гарачая ежа, прысмакі, экапрадукты, напоі, вырабы рамеснікаў.
— У раёне Палаца спорту «Калядны кірмаш» працуе да 15 студзеня з 14 да 23 гадзін у будныя дні і з 12 да 23 гадзін — у выхадныя. У навагоднюю ноч — з 23 гадзін вечара да чатырох гадзін раніцы, — адзначае Дзмітрый Пляханаў. — Пад Новы год на «Калядным кірмашы» з'явіцца больш за 35 драўляных гандлёвых шале з шырокім асартыментам навагодніх тавараў: ад традыцыйных упрыгожанняў і падарункаў да прадукцыі харчовай і лёгкай прамысловасці. Падрыхтавана і насычаная забаўляльная праграма.
Сёлета даўжыня ілюмінацыі ў сталіцы складае 107 кіламетраў, колькасць выкарыстаных гірляндаў пры гэтым — 685 штук, лямпачак — 117 тысяч. Аб гэтым расказаў галоўны інжынер УП «Мінгарсвятло» Аляксандр ВАРАБЦОЎ.
— Дадатковае светлавое афармленне можна ўбачыць па вуліцах Сталетава, Карвата, Чкалава, на Партызанскім праспекце ад вуліцы Куляшова да Кабушкіна. На праспекце Незалежнасці рэкламных расцяжак не будзе, замест іх — аб'ёмныя светлавыя канструкцыі ад вуліцы Свярдлова да вуліцы Янкі Купалы. На фасадзе Дома прафсаюзаў у тэставым рэжыме ўжо працуе навінка бягучага года — светлавая праекцыя.
Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» будзе доўжыцца да 10 студзеня. У межах мерапрыемства — навагодняе свята для хлопчыкаў і дзяўчынак у Палацы Рэспублікі, якое адбудзецца 27 снежня. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр ШАСТАКОЎ.
— А таксама 28 снежня ў Палацы Незалежнасці пройдзе рэспубліканскі «Венскі баль» для моладзі. Іншыя навагоднія святы адбудуцца там жа з 29 снежня да
7 студзеня. У Мінскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі 21 снежня ў 15 гадзін пачнецца навагодняе мерапрыемства «Баль у Палацы» для старшакласнікаў і студэнтаў сталіцы, якія дабіліся поспехаў у вучобе, спорце і іншых сферах. У Белдзяржцырку 26 снежня ў 14.30 для дзяцей пачнецца дабрачыннае прадстаўленне. А з 28 снежня да 5 студзеня на Ратушнай плошчы пройдзе навагодні спектакль «Чароўная скрыначка Дзеда Мароза», 28 снежня — у 20 гадзін, з 29 да 5 студзеня — штодня ў 17.30 і ў 20.30. На Кастрычніцкай плошчы з 28 снежня да 5 студзеня штодня ў 18 і 21 гадзіну будзе пачынацца «Навагодні зорапад». Спартыўна-калядны турнір для аматараў хакея пройдзе на «Чыжоўка арэне» з 3 да 7 студзеня.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/novy-god