«Вуліцы горада напярэдадні былі па-святочнаму ажыўлены. Дамы і клубы ўпрыгожваліся партрэтамі правадыроў у электрычным святле і зелені. Бойка гандлявалі прадуктовыя і прамтаварныя магазіны... Асаблівае ажыўленне наглядалася ў дзіцячых магазінах, ёлкі і цацкі купляліся нарасхват.
На фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі», у клубах металістаў і трыкатажнікаў адбываліся вялікія балы-маскарады. Рабочы калектыў завода сустрэчу Новага года адзначыў арганізацыяй стаханаўскіх сутак. Весела сустракалі Новы год дзеці. У Доме мастацкага выхавання дзяцей, у школах і дзіцячых садах былі арганізаваны навагоднія ёлкі. «Дзякуй Сталіну за вясёлае, радаснае жыццё», — усюды гэты лозунг гарэў яркім агнём электрычнасці. Кінатэатры, кафэ-рэстараны, клубы ў гэтыя дні былі перапоўнены...» («Звязда» за 3 студзеня 1936 года).
Так у 1936 годзе Новы год сустракалі ў Віцебску. Танцы, маскарады, святочныя вячэры, дзіцячыя ёлкі ў тую зіму гудзелі па ўсёй Беларусі. Менавіта з гэтага года свята набыло ўсенародны характар, а да таго яго лічылі буржуазнай забавай. Але і ў дарэвалюцыйныя часы Новы год не быў такі ўжо яскравы і шумны...
На ёлках дзеці атрымлівалі падарункі.
Святочнае меню
Пра тое, як адзначалі Новы год у пачатку ХХ стагоддзя, сведчаць афішы і рэкламныя аб'явы ў старых газетах. Напрыклад, у снежні 1912 года славуты мінскі «Акварыум» (ён размяшчаўся непадалёк ад сучаснай Кастрычніцкай плошчы) прапаноўваў канцэрты, разнастайныя забаўляльныя праграмы, а таксама навагоднюю вячэру з чатырох страў і келіха шампанскага. На першае — боршч ці булён з піражком, на другое — асятрына па-руску, на трэцяе — дзічына. і нарэшце, пламбір. Усё гэта задавальненне цягнула на рубель 75 капеек. Але канкурэнты з атэля «Нова-Маскоўскі» (які знаходзіўся на рагу Захар'еўскай і Губернатарскай) заваблівалі ў свой рэстаран «Фрыц». За чатыры святочныя стравы і келіх шампанскага тут бралі паўтара рубля, пры гэтым абяцалі дамам падарункі і сюрпрызы і «аркестр музыкі». Тыя ж, хто збіраўся святкаваць дома, маглі набыць шампанскае розных марак за 60 капеек і больш. Калі хто перабіраў сваю норму, можна было на наступны дзень звярнуцца ў аптэку па «кефір лячэбны». «Калі да рэвалюцыі ў нас, як і па ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі, Каляды адзначаліся 25 снежня, а Новы год 1 студзеня, атрымлівалася, што заканчваўся пост і на Новы год можна было ўжываць любыя стравы. Пасля таго як у 1918 годзе краіна перайшла на грыгарыянскі каляндар, Каляды па новым стылі перасунуліся на 7 студзеня, Новы год выпадаў на час паста, і ў веруючых з яго святкаваннем узніклі праблемы», — заўважыў краязнаўца Вадзім Зелянкоў на сустрэчы ў «Клубе гісторыі Мінска».
За новы быт
Падшыўкі газет 20-х гадоў сведчаць, што новая ўлада абвясціла вайну ўсяму старому, нават святам. Пачынаюць ладзіцца «чырвоныя» вяселлі (у гэты час нават пярсцёнкі, як «буржуазны перажытак», не насілі). У снежаньскім нумары «Звязды» за 1924 год мне папаўся артыкул, дзе распісана, як адсвяткавалі акцябрыны (савецкая альтэрнатыва хрэсьбінам) маленькай Люцыі (Рэвалюцыі): «Замест таго каб несці дзіця ў царкву да папа, дамашняя работніца аддае яго грамадству, рабочаму класу, які і становіцца «хросным бацькам» дзіцяці... Новы член нашага грамадства будзе залічаны сёння ў члены саюза Нарпіт і членам групы «ваўчанят» арганізацыі «Спартак». Але ў гэтым жа нумары аўтары заяўляюць, што нельга абмяжоўвацца аднымі вяселлямі і «хрэсьбінамі» па-новаму, «трэба перабудаваць усе старыя формы жыцця, стварыць адну дружную сям'ю пралетарыяў. Гэтага можна дасягнуць толькі тады, калі мы створым рабочыя калектывы». Меркавалася, што такія калектывы будуць арандаваць дамы, арганізуюць пры кожным доме бібліятэкі, пакоі для гульняў і іншае. І пры гэтым тыя, хто зарабляе грошы, павінны будуць... утрымліваць сваіх беспрацоўных суседзяў (усё як у вялікай сям'і). Пачалася барацьба з рэлігіяй, дасталася і Калядам.
У газетах друкаваліся артыкулы з заявамі, што «навука даказала, што бога няма», рабіўся аналіз біблейскіх тэкстаў са спасылкай на розныя гістарычныя крыніцы і з высновамі, што калядныя сюжэты — выдумка. Ладзіліся і антырэлігійныя святы. Напрыклад, у 1923 годзе ў Мінску прайшлі «камсамольскія святкі» з лекцыямі, «агітацыйнай п'есай» і антырэлігійным карнавалам. Паведамлялася, што «карнавал будзе асвятляцца сотнямі факелаў, бенгальскіх агнёў, на пляцоўках будуць жывыя малюнкі: пекла, рай, бог, збіццё немаўлят, нараджэнне рэвалюцыі і г. д. Увесь натоўп будзе ражаны і выступіць пад гукі аркестраў, камсамольскіх песень, калядных прыпевак, свісткоў, ражкоў і г. д.» Часта барацьбу з Калядамі падавалі як змаганне з п'янствам. Знайшлі тады і яшчэ адзін дзейсны спосаб, як пазбавіцца ад старых свят: у такія дні патрабавалі ўдарна працаваць, каб хутчэй набліжаць камунізм.
У газетах 20-х гадоў вы не знойдзеце ніякіх згадак пра Новы год, хіба што можна натрапіць на заметкі супраць несанкцыянаваных вырубак елак. Свята ціха адзначалася асобнымі грамадзянамі, а для дзяржавы яго не існавала...
Пакуль у газеце «Праўда» 28 снежня 1935 года не з'явілася публікацыя Паўла Постышава з прапановай вярнуць дзецям ёлку, маўляў, дарэмна аславілі гэта свята як «буржуазную забаву».
Святу быць!
На артыкул у «Праўдзе» ў тыя часы рэакцыя магла быць толькі адна — «будзе выканана!». Ужо праз пару дзён у Мінску гудзелі ёлачныя кірмашы. «Учора менскі трэст зялёнага будаўніцтва арганізаваў апрача сквера на Совецкай вуліцы продаж ёлак на Пляцы Волі, Віленскім скверы, Чэрвенскім рынку і ў самым трэсце. За дзень прадалі 500 ёлак. Значная частка пакупнікоў — рабочыя, служачыя, камандзіры. У вялікай колькасці закупляюць ёлкі арганізацыі», — дакладала «Звязда»
31 снежня 1935 года. 29 снежня ў Мінску адкрыўся вялікі міжраённы навагодні кірмаш. Калгаснікі прывезлі на кірмаш многа сельскагаспадарчых прадуктаў. За першыя два дні кірмашу калгаснікі прадалі на 220 000 рублёў мяса, малака, птушак, агародніны, фруктаў і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў. Народны камісарыят унутранага гандлю БССР нават пастанавіў 31 снежня на дзве гадзіны працягнуць работу ўсіх гастранамічных і прадуктовых магазінаў і абавязаў гандлюючыя арганізацыі забяспечыць магазіны дастатковай колькасцю і асартыментам харчовых прадуктаў і неабходнай колькасцю прадаўцоў для бесперабойнага гандлю.
Ужо 29—30 снежня арганізацыі рапартуюць, што ў школах, дзіцячых дамах і садках, у розных клубах і на кватэрах у рабочых па ўсёй Беларусі будуць ладзіцца ёлкі. Мінгандаль і Гарспажыўсаюз «падбіраюць цацкі і ласункі для дзяцей. Цацкі камплектуюцца ў спецыяльных скрынках». Наогул, у той год была арганізавана шыкоўная праграма для дзяцей на зімовыя канікулы (яны пачыналіся першага студзеня): спектаклі, прагляд фільмаў, канцэрты, сустрэчы з артыстамі, пісьменнікамі, вучонымі, лётчыкамі, інжынерамі, эстафеты на каньках і лыжах, касцюміраваны карнавал на катку на стадыёне «Дынама» ў Мінску, для дзяцей стаханаўцаў — паездкі ў Ленінград, Харкаў, дамы адпачынку...
Але як правесці святы, калі самі арганізатары ўпрыгожаныя ёлкі бачылі ў сваім маленстве хіба што праз шкло, назіраючы, як весяліліся дзеці ў багатых дамах? Таму 1 студзеня 1936 года «Звязда» друкуе артыкул Кандрата Крапівы з карыснымі парадамі. А ў наступныя гады будуць нават выдавацца цэлыя дапаможнікі з распісанымі праграмамі, тэкстамі вершаў і песень...
З газетных публікацый 1936 года даведваюся, як выглядалі першыя савецкія ёлкі: «Велізарныя пышныя дрэвы, якія верхавінамі краналіся столі, былі багата ўпрыгожаны. На ёлках «выраслі» яблыкі, цукеркі, пячэнне, розныя цацкі. Прыгожую ёлку зрабілі ў піянерскім атрадзе 4-га класа 5-й менскай школы. Яе галінкі абвівалі рознакаляровыя стужкі. Пазалочаныя арэхі, цацкі, ласункі, блёсткі ў святле рознакаляровых электрычных лямп надавалі ёлцы багаты выгляд. Вакол ёлкі дзеці вадзілі карагоды, пелі, плясалі, выступалі з нумарамі мастацкай самадзейнасці...
Куды схадзіць на святы, падказвала рэклама.
Ніз ёлкі ўслалі белай ватай, абсыпалі блёсткамі, у налітых вадой талерках плавалі лебедзі і рыбкі». Вельмі многія ёлкі ўпрыгожваліся партрэтамі правадыроў і лозунгамі.
Дарэчы, пра тое, чым упрыгожвалі навагоднія дрэвы, вялася гаворка і ў «Клубе гісторыі Мінска», Вадзім Зелянкоў пералічыў, якія пазіцыі былі ў прэйскуранце на цацкі сістэмы прамкааперацыі: кот у ботах, клоўн, гняздо, садавіна, Дзед Мароз, санкі, лыжнік, сумачка, барабан з цэлафанам, хлапушка папяровая залачоная, паўмесяц вялікі, рак кардонны, карова малая, яшчарка, вярблюд кардонны штампаваны, конь, рыбкі пазалочаныя і сярэбраныя, мядзведзь, муха, певень, ліхтарык, вінаград, груша, пражэктар ручны, жолуд з лісточкам, яечка з жалабком, самалёт, кавун фарбаваны, мядзведзь аксамітавы. Ён жа расказаў, як у тыя часы пошта спрабавала вырашаць праблемныя пытанні: Мінскі цэнтральны тэлеграф прапаноўваў грамадзянам і арганізацыям віншавальныя тэлеграмы адпраўляць загадзя за некалькі дзён з пазнакай «датэрмінова», каб пазбегнуць спазненняў у дастаўках. Гэтыя тэлеграмы абяцалі «ўручыць адрасату 31 снежня роўна ў 24 гадзіны».
Жыць стала весялей
Свята ладзілася не толькі для дзяцей. Першы Новы год у Беларусі адзначалі з асаблівым размахам — да традыцыйных зімовых спаборніцтваў, урачыстых адкрыццяў каткоў, спаборніцтваў мастацкай самадзейнасці, ударных стаханаўскіх змен дадаліся балі-маскарады і феерверкі. У Бабруйску «1600 стаханаўцаў, гаспадарнікаў, спецыялістаў, партыйных і профсаюзных работнікаў прышлі 31 снежня ў памяшканне гарадскога тэатра на навагодні вечар-бал... Пад музыку двух аркестраў танцавала каля
500 пар». «У клубе імя Сталіна тысяча рабочых кандзіцерскай фабрыкі «Комунарка» ўсталі са сваіх месц і стройным хорам заспявалі «Інтэрнацыянал»... Файе клуба імя Сталіна пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі. Рознакаляровыя шары ўздымаліся над галовамі людзей. Са столі густой сеткай звісалі чырвоныя, сінія, зялёныя і другіх колераў істужкі. Адзенне ўсіх пасыпала канфеці... Вось з'яўляецца работніца ў касцюме, на якім этыкеткі прадукцыі фабрыкі. На касцюме выдзяляецца яркі надпіс: «Жыць стала лепш, жыць стала весялей»... Касцюм і маска інжынера завода імя Кірава тав. Лапідуса былі аформлены на тэму «рост завода», сакратара комсамольскай арганізацыі тав. Гурвіча на тэму «фашызм». Рабочыя-кіраўцы спявалі і танцавалі пад музыку свайго заводскага джаза...» Так гудзеў Мінск. Дарэчы, 1 студзеня, пасля шумнай ночы, 500 работнікаў «Камунаркі» сабраліся ў паход у працівагазах да сваёй падшэфнай часці. Іншыя рабочыя ў гэты час выпраўляліся на партвучобу, лыжную эстафету ці ў кінатэатр, каб загадзя набыць білет на «новае дасягненне совецкай кінематаграфіі» — агучаны на рускай мове амерыканскага гукавога фільма па рамане Герберта Уэлса «Чалавек-невідзімка».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/novy-god