Праграма капрамонту ў сталіцы на 2021—2025 гады мае на мэце комплексны падыход: мадэрнізавацца будынкі будуць па кварталах, а плошча рамантаванага жылля — вызначацца часам яго стварэння. Пры гэтым планавыя лічбавыя паказчыкі будуць падзелены па раёнах Мінска з улікам гадоў забудовы жылфонду, а не пароўну, як раней. Дзе больш старых будынкаў — там і больш работ. Сёлета, дарэчы, мяркуецца павялічыць аб'ём штогадовага капрамонту ва ўсёй краіне з 2,8 да трох і болей працэнтаў.
— Адна арганізацыя павінна займацца і перадпраектным абследаваннем, і праектаваннем, каб у выпадку чаго можна было прад'явіць ёй усе прэтэнзіі, — кажа Уладзімір ЛЕБЕДЗЬ, галоўны інжынер Мінскай жыллёвай гаспадаркі. — А каб вытрымаць адзіны падыход падчас капрамонту ў межах квартала (адразу на пяці-шасці дамах), заказчыку забаронена ўносіць буйныя змены ў праектна-каштарысную дакументацыю. Калі ж такое спатрэбіцца, значыць, дакументы былі распрацаваны неналежным чынам, і арганізацыя атрымае штраф па максімуме.
У межах комплекснага рамонту адбываецца таксама канцэнтрацыя рэсурсаў на добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, заўважыў міністр ЖКГ Аляксандр ЦЕРАХАЎ:
— Падобныя рашэнні дазваляюць не дапусціць да капрамонту нядобрасумленных камерсантаў, з аднаго боку, забяспечыць работай свае спецыялізаваныя прадпрыемствы — з другога — і дасягнуць адзінага архітэктурнага ансамблю — з трэцяга. Такі вопыт трэба ўвесці ў межах абавязковага.
У Мінску збіраюцца распрацаваць спецыяльны модуль для галіны ЖКГ, які змесцяць на ўсіх сайтах адміністрацый раёнаў сталіцы. Жыхарам кожнага асобнага дома, у якім будзе праводзіцца капрамонт, яшчэ на стадыі праектавання выдадуць спецыяльныя паролі для ўваходу ў сістэму. Тут будзе змешчана ўся неабходная інфармацыя па планаваных работах, а таксама прапановы і заўвагі ўласнікаў. Можна будзе тут і прагаласаваць за пэўнае рашэнне.
Камунальнікі задумваюцца і над супрацоўніцтвам з мабільнымі аператарамі па інфармаванні грамадзян праз СМС. Магчыма, для яго задзейнічаюць уласныя рэсурсы галіны ЖКГ. Пры гэтым папяровых анкет і рэальных сустрэч-сходаў з жыхарамі ніхто не адмяняе.
— Мадэратарам сайта павінен быць кіраўнік капітальнага рамонту. Калі няма пляцоўкі для выказвання, абгрунтавання і адстойвання сваёй думкі, то дзяржорганам давядзецца займацца разглядам зваротаў, і ў выніку ўсё роўна камунальнікі будуць вырашаць праблемныя пытанні капрамонту. Работа павінна быць і будзе арганізавана непасрэдна ў тым таварыстве, дзе жывуць людзі, — запэўніў міністр ЖКГ.
Падобная праграма мусіць стаць платформай, дзе будуць захоўвацца ўсе звесткі пра жыццёвы цыкл дома. Стварэнне жылля — досыць кароткі працэс: год-паўтара. Яго надзейная эксплуатацыя — 30—40 гадоў, падчас якіх адбываюцца бягучыя рамонты, капрамонт. Уся гэтая гісторыя дамоў павінна захоўвацца ў поўным аб'ёме. І электронная ЖКГ — якраз тое, што мае мэтай назапашванне і захоўванне гэтай інфармацыі, падкрэсліў міністр.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/kapitalny-ramont
[5] https://zviazda.by/be/tags/kapitalny-ramont-doma
[6] https://zviazda.by/be/tags/kapitalny-ramont-zhyllya