Спікер верхняй палаты парламента пазнаёмілася з асноўнымі паказчыкамі прадпрыемства, яго вытворчасцю, сустрэлася з працоўным калектывам і адказала на ўзніклыя пытанні. Такая актыўная форма работы ў межах адзіных інфармацыйных дзён дае свой плён. І вось чаму.
Лідар рынку
Старшыня Савета Рэспублікі з'яўляецца ўпаўнаважанай па Мінску, таму яе ўвага да работы сталічных прадпрыемстваў зразумелая. Тым больш што на гэтую кандытарскую фабрыку яна трапіла ўпершыню. Нагадаем, што тут вырабляюць печыва на ўсе ўзросты і любы густ. Зараз «Слодыч» лічыцца лідарам беларускага рынку печыва і кандытарскіх вырабаў з мукі: тут пякуць больш за 100 відаў печыва, а прадукцыя фабрыкі займае 24 % айчыннага рынку гэтай прадукцыі. Ёсць і экспарт, які за тры леташнія кварталы склаў 1,5 мільёна долараў, паведаміў намеснік дырэктара па камерцыйнай дзейнасці Сяргей ТРЫБОЙ. Дзе ўпадабалі беларускае печыва? У 18 краінах свету (большай часткай у Расіі), сярод спажыўцоў ёсць нават В'етнам і ЗША.
Працуюць на прадпрыемстве галоўным чынам жанчыны — іх з больш чым 500 чалавек працоўнага калектыву прадпрыемства 68 %. Што і не дзіўна: смачная выпечка — справа пяшчотных жаночых рук.
Трыадзіная задача
Што сёння хвалюе кожнага работніка прадпрыемства? Безумоўна, узровень аплаты працы. Менавіта гэтая тэма і стала асноўнай у размове з калектывам Наталлі Качанавай, бо тэма адзінага інфармацыйнага дня і гучала як трыадзіная задача — «Заробак. Занятасць. Цэны».
Спікер верхняй палаты парламента акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што рост узроўню аплаты працы павінен залежаць ад росту прадукцыйнасці працы, інакш зарплату нельга назваць заробленай.
Дарэчы, сярэдні па краіне ўзровень заробку ў тысячу рублёў быў дасягнуты. Па выніках лістапада 2019 года гэты паказчык склаў 1113 рублёў, паведаміла прысутным Наталля Качанава. Канешне, сярэдні паказчык па краіне прадугледжвае найвышэйшы і найніжэйшы рэгіянальныя ўзроўні. Першы (па звестках за студзень—лістапад) быў зафіксаваны ў Мінску — 1505,2 рубля, другі — у Магілёўскай вобласці — крыху менш за 900 рублёў.
— Перад губернатарамі стаіць задача выраўноўвання заробкаў супрацоўнікаў, — звярнула ўвагу выступоўца і падкрэсліла, што адна з галоўных задач кіраўніцтва любога ўзроўню — забяспечыць рост прадукцыйнасці працы і, адпаведна, заробкаў.
Што датычыцца занятасці, то старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што сёння занятымі ў эканоміцы краіны з'яўляюцца 4,330 мільёна чалавек. Ёсць рэгіёны, дзе фіксуецца напружанае становішча на рынку працы, а ёсць — дзе, наадварот, адчуваецца недахоп рабочых рук. Напрыклад, ёсць дэфіцыт работнікаў на Аршанскім ільнокамбінаце з заробкам 1600 рублёў. Дарэчы, нароўні з кухарамі, швачкамі і будаўнікамі ў краіне адчуваецца недахоп спецыялістаў ІТ-профілю і лекараў (асабліва апошніх — у сталіцы і Гомельскім рэгіёне).
Між іншым афіцыйная статыстыка сцвярджае: на 10 тысяч беспрацоўных прыпадае больш за 90 тысяч вакансій на рынку працы.
На думку Наталлі Качанавай, найбольш уразлівай катэгорыяй з пункту гледжання незанятасці ў эканоміцы з'яўляецца моладзь, таму неабходна браць на асаблівы кантроль яе працаўладкаванне.
Характарызуючы ўзровень цэн, спікер верхняй палаты парламента звярнула ўвагу на іх адрозненне ў розных рэгіёнах краіны. Асабліва гэта датычыцца сферы паслуг: у сталіцы цэны вышэйшыя, чым на перыферыі. Але ж, згодна са статыстыкай, і даходы жыхароў сталіцы большыя, чым у тых, хто жыве за межамі кальцавой аўтамагістралі...
Наогул пытанне цэнаўтварэння і канкурэнтаздольнасці — адно з істотных. Гэта датычыцца і кандытарскай фабрыкі «Слодыч», ад павелічэння лінейкі прадукцыі якой залежыць яе прывабнасць для пакупнікоў, а таксама павелічэнне экспартнага патэнцыялу.
— Уся справа ў нас саміх: калі мы на сваіх месцах будзем добрасумленна выконваць ускладзеныя на нас абавязкі — ніякіх праблем не будзе ўзнікаць, — звярнула ўвагу Наталля Качанава.
Жыллёвае пытанне — адно з галоўных
Безумоўна, усё залежыць ад кадраў, і з гэтым нельга не пагадзіцца. Але нароўні з такім фактарам, як узровень аплаты працы, ёсць і іншыя, якія ўплываюць на замацаванне на рабочых месцах спецыялістаў. Адзін з іх быў агучаны ў якасці пытання, якое было зададзена падчас сустрэчы. Работніца з ліку маладых спецыялістаў пацікавілася магчымасцю будаўніцтва жылля ад прадпрыемства, бо менавіта тут таксама вядзецца ўлік тых, хто мае патрэбу ва ўласных «метрах».
Як растлумачыў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Кандытарская фабрыка «Слодыч» Аляксандр НЯЧАЙ, на балансе прадпрыемства няма ні ўласнага інтэрната, ні арэнднага жылля. Між тым у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў зараз знаходзяцца 38 работнікаў. Атрымаць жыллё камерцыйнага выкарыстання праз адміністрацыю Партызанскага раёна Мінска таксама дастаткова складана. Яе кіраўнік Валерый ВАРАНІЦКІ агучыў звесткі за мінулы год: летась было выдзелена 37 кватэр камерцыйнага выкарыстання на раён, а чаргавікоў у Партызанскім раёне налічваецца каля 7 тысяч чалавек.
На думку Наталлі Качанавай, за арэндным жыллём будучыня, таму трэба канкрэтна падысці да вырашэння жыллёвай праблемы работнікаў сталічных прадпрыемстваў, напрыклад, праз будаўніцтва дома не аднаму, а некалькім суб'ектам гаспадарання — своеасаблівай талакой. Тым больш што такі вопыт у краіне ўжо існуе.
— Як гэта зрабіць, мы абмяркуем з кіраўніцтвам горада больш дэталёва і паведамім вам, — запэўніла Наталля Качанава.
Важная інфармацыя для парламентарыяў
Падобныя сустрэчы падчас адзіных інфармацыйных дзён даюць свой плён, упэўнена спікер верхняй палаты парламента:
— Сустрэчы вышэйшых службовых асоб, кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый у працоўных калектывах праводзяцца на рэгулярнай аснове. Гэтая форма работы будзе набіраць абароты, таму што мае вялікае значэнне: калі людзі лепш інфармаваныя, у іх менш узнікае пытанняў, — падкрэсліла яна ў размове з журналістамі. — Заўсёды цікава паслухаць, чым жывуць работнікі канкрэтнага калектыву.
Яна звярнула ўвагу на значнасць тых праблем, якія хвалююць работнікаў канкрэтнага прадпрыемства. Як правіла, гучаць пытанні, якія датычацца жылля, сістэмы адукацыі і аховы здароўя, бо гэта тыя сферы, якія закранаюць інтарэсы кожнага чалавека ў краіне.
Наталля Качанава адзначыла, што сустрэча з прадстаўнікамі працоўнага калектыву, знаёмства з дзейнасцю прадпрыемства, яго вытворчымі паказчыкамі, спосабамі вырашэння сацыяльных пытанняў, умовамі працы і заробкамі людзей і наогул маральна-псіхалагічным кліматам у калектыве — гэта выдатная форма зносін з людзьмі, якая будзе выкарыстоўвацца надалей.
Спікер верхняй палаты парламента лічыць, што такія сустрэчы даюць магчымасць ацаніць, наколькі эфектыўна працуюць прадпрыемства і яго кіраўнік.
— Я мяркую, што гэта апраўданая форма работы з людзьмі і яна абсалютна дакладна дае свае вынікі, — упэўнена яна.
Між іншым журналісты пацікавіліся, якім чынам такія зносіны ўплываюць на заканадаўчую дзейнасць.
— А як без таго? Прэзідэнт дакладна сказаў: законы павінны быць ад зямлі. А для гэтага ты павінен мець зносіны з людзьмі, ведаць, што адбываецца. Калі на прыёмах па асабістых пытаннях ці сустрэчах з людзьмі бачыш: гэтую норму, магчыма, трэба адкарэкціраваць, тут паглядзець, як суаднесці з існуючым законам, а можа, дзесьці ўжо трэба прымаць і новы. Але там, дзе гэта неабходна. У нас прынята каля трох тысяч законаў, якія працуюць эфектыўна, але жыццё не стаіць на месцы. Змяняюцца знешнія ўмовы, эканамічная сітуацыя ўнутры краіны, таму, канешне, яны патрабуюць сваёй карэкціроўкі і нейкіх навацый, але гэта павінна быць суаднесена з тым, што адбываецца ў жыцці, на нашых прадпрыемствах, у нашай краіне. І гэта абсалютна правільна, — рэзюмавала Наталля Качанава.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/slodych
[6] https://zviazda.by/be/tags/kalektyu
[7] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne