Цалкам новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Кропкі моцы», работа над якой доўжылася амаль паўгода, неўзабаве пачне прымаць экскурсантаў у філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы» — у вёсцы Харужынцы Лагойскага раёна. Менавіта тут, на Лагойшчыне, у фальварку Акопы жылі маці і сёстры паэта, да якіх Купала прыязджаў на працягу 16 гадоў, тут былі напісаныя больш за 80 яго твораў, у тым ліку славутая п'еса «Паўлінка» і драма «Раскіданае гняздо».
Экспазіцыя размяшчаецца ў пяці залах, кожная з якіх адпавядае пэўнаму раздзелу — «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «За свабоду сваю», «З цэлым народам гутарку весці», «Крыніца натхнення», «Па Бацькаўшчыну!». Таксама зладжаны асобныя зоны ў фармаце «актыўнага музея», дзе наведвальнікі могуць выйсці з ролі пасіўных назіральнікаў і стаць дзеючымі асобамі інтэрактыўных інсталяцый, што перадаюць настрой і дух пэўнага часу, месца і звязаных з імі асабістых гісторый.
Пра некалькі такіх частак «актыўнага музея» «Звяздзе» расказала загадчык філіяла «Акопы» Алена МІКУЛІЧ:
— Напрыклад, пры ўваходзе ў музей змешчана вялізная карта, якую дзеці могуць запомніць і далей скласці на асобным стале з маленечкіх картачак, паводле тых ці іншых дат і падзей у жыцці і творчасці паэта. У інтэрактыўнай бібліятэцы можна далучыцца да твораў Купалы. Яшчэ ў нас ёсць слуп, складзены з літар — з іх можна сабраць словы «Купала», «шчасце», «кветка» і «сонца». Адна з цікавых зон — тэатральная зала, у якой на рассоўных панэлях намаляваныя сцэны з «Паўлінкі» і «Раскіданага гнязда», а на падлозе ляжаць вялізныя кубікі, на кожнай грані якіх змешчаны фрагменты гэтых самых выяў: іх зноў жа трэба скласці, каб паўтарыць малюнак. Потым ёсць у нас вулей, з якім звязаная асобная гісторыя... Словам, пералічваць усе інтэрактыўныя пляцоўкі можна доўга, аднак, на маю думку, лепш прыйсці і ўбачыць на свае вочы, тым больш яны зацікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых: у нас ёсць і што паглядзець, і што паслухаць, і ў што пагуляць.
Інтэрактыўныя пляцоўкі, дарэчы, зблытаць з іншымі немагчыма — яны адмыслова вылучаныя белым колерам, у той час як гістарычныя часткі экспазіцыі, інтэр'ер жылых пакояў наўмысна зроблены цемнаватымі, як, уласна, было пры Купалу на пачатку ХХ стагоддзя. Экскурсіі будуць праводзіцца на беларускай мове, а для шматлікіх расійскіх турыстаў — на рускай. Пачнуцца яны, цалкам магчыма, ужо на гэтым тыдні — сачыце за навінамі музея!
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота супрацоўнікаў музея
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekspazicyya