Усе людзі, пачынаючы з дзяцінства, аказваюцца літаральна насычаныя самымі рознымі страхамі. Іх ініцыююць бацькі, сябры, настаўнікі — самае блізкае атачэнне. А з часам і сам чалавек, нават не ўсведамляючы, пачынае баяцца ледзь не кожнага свайго рашэння і зробленага кроку.
Наяўнасць страху — з'ява натуральная. Але гэтае пачуццё мае над чалавекам такую моцную ўладу, што можа стаць або рухавіком яго развіцця, або, наадварот, паралізаваць падчас дасягнення мэты. Сутыкнуцца тварам у твар са сваімі страхамі — вялікі і сур'ёзны крок на шляху да таго, каб іх перамагчы. Як гэта зрабіць, расказала псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Мая Аляксеева.
Чым яны небяспечныя?
— Страх — гэта эмацыянальна афарбаваная кароткачасовая эмоцыя ці адносна доўгі псіхічны стан, пачуццё ўнутранай напружанасці, якое выклікаецца перажываннем рэальнай ці ўяўнай небяспекі, — тлумачыць Мая Аляксандраўна. — Пры страху ў арганізме адбываецца шэраг фізіялагічных змен. У работу ўключаюцца гіпаталамус, гіпофіз і кара наднырачнікаў. Выпрацоўваюцца адрэналін і норадрэналін.
Знешне і ўнутрана гэта праяўляецца ростам ціску, пачашчэннем пульсу і дыхання, раскрыццём бронхаў, «гусінай скурай», зніжэннем паступлення крыві да органаў стрававальнай і рэпрадуктыўнай сістэм, пашырэннем зрэнак, выкідам у кроў глюкозы, хуткім спальваннем тлушчаў, павышэннем кіслотнасці ў страўніку і зніжэннем выпрацоўкі ферментаў, адключэннем імуннай сістэмы. Пры рэальнай небяспецы гэта дазваляе хутчэй думаць, лепш бачыць, біць мацней, бегчы хутчэй.
Але калі страх уяўны і пастаянны, то арганізму не ідзе на карысць усё, што адбываецца з ім у гэты момант. Менавіта таму на фоне страху развіваюцца псіхасаматычныя захворванні: парушэнні стулу, ацёк бронхаў, задышка, боль у грудзях.
Такім чынам узнікае замкнёнае кола. Напрыклад, вы баіцеся хваробы і на фоне страху пачынаеце хварэць. Акрамя таго, чым часцей вы адчуваеце страх (а гэта стрэс), тым меней вы можаце правільна ацэньваць сітуацыю, што і выліваецца ў розныя хранічныя фобіі. На ўзроўні псіхікі гэта суправаджаецца трывогай, хваляваннем, зніжэннем настрою.
Мы пачынаем баяцца, калі...
Прычыны страху бываюць як схаваныя, так і яўныя. Часта яўных прычын чалавек не памятае. А пад схаванымі разумеюць боязі, якія ідуць з дзяцінства. Напрыклад, узмоцненая бацькоўская апека, спакусы, наступствы псіхалагічнай траўмы, страхі, выкліканыя маральным канфліктам ці нявырашанай праблемай. Таксама існуюць і кагнітыўна-сканструяваныя прычыны: пачуццё занядбанасці, адзіноты, пагрозы для самапавагі, падаўленасць, адчуванне ўласнай неадэкватнасці, немінучага правалу і іншыя.
Страхі можна падзяліць на тры групы: біялагічныя, сацыяльныя і экзістэнцыяльныя. Да першых адносяцца тыя, якія прама звязаны з пагрозай для жыцця. Самым папулярным страхам гэтай групы з'яўляецца страх хваробы.
Усе сацыяльныя страхі выклікаюць сітуацыі, якія могуць падарваць сацыяльны статус, панізіць самаацэнку. Напрыклад, страх перад атачэннем. У аснове яго ляжыць крытыка, прычым наша ўласная ў першую чаргу. Для пераадолення гэтай праблемы пастарайцеся самі не крытыкаваць, а больш хваліць.
— Чалавеку ўласціва праецыраваць свае недахопы ці праблемы на іншых, гэта значыць у людзях мы шукаем і заўважаем тое, што не прымаем у сабе. І як бы гуляем на апярэджанне, пакуль гэта не заўважылі ў нас. То-бок, мы баімся, што нашы недахопы (прыдзірлівасць, крыўдлівасць, недаверлівасць, канфліктнасць, ілжывасць, нядобрасумленнасць, нерашучасць і іншыя) заўважаць. З гэтай жа нагоды ўзнікае страх здацца смешным, трапіць пад чыйсьці злы настрой. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна навучыцца самому дэманстраваць тое, што вы хочаце бачыць у іншых, — кажа Мая Аляксеева.
Самым папулярным экзістэнцыяльным страхам з'яўляецца страх смерці (сваёй ці блізкіх).
— Гэта самы неадназначны феномен. З аднаго боку, ён можа дасягаць такіх маштабаў, што чалавек зачыніцца ў чатырох сценах і будзе проста «адмотваць» адведзены тэрмін. З другога — гэта нармальны страх, які прымушае нас глядзець па баках, пераходзячы дарогу, — тлумачыць псіхолаг. — Справіцца з ім можна толькі адным шляхам — прыняць. Усе людзі смяротныя. Няма сэнсу бясконца перажываць смерць у думках і азмрочваць гэтым сваё жыццё.
Як пазбавіцца ад таго, што перашкаджае жыць?
Для таго каб пазбавіцца страху, яго варта прызнаць. Гэта самы сур'ёзны першы крок. Амаль у кожнага з нас ёсць нейкія боязі, але яны хаваюцца дзесьці ў глыбіні нашай свядомасці — часта незаўважаныя, непрызнаныя, бо мы іх ігнаруем і робім выгляд, што іх не існуе. Але яны ёсць. І ўплываюць на нас кожны дзень на працягу ўсяго нашага жыцця. Такім чынам, прызнайце вашы страхі.
Святкуйце кожны поспех, нават невялікія дасягненні. Выкарыстоўвайце гэта пачуццё поспеху для таго, каб прасунуцца далей і зрабіць наступны крок.
— Зразумела, што часта мы залежым ад абставін. Але адносіны да абставін залежаць толькі ад нас! Каб не даць страху авалодаць намі і сапсаваць наша жыццё, трэба перагледзець свае адносіны да гэтай натуральнай і малапрыемнай рэакцыі нашага арганізма, — рэзюмуе Мая Аляксеева.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/strahi
[5] https://zviazda.by/be/tags/peramoga
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[7] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue-praktychny-padyhod