Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ўрачыстасцяў у гонар 500-годдзя Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра і 550-годдзя з'яўлення іконы Жыровіцкай Божай Маці правёў учора выязное пасяджэнне ў Жыровіцах. Адміністрацыя Слонімскага раёна і Гродзенскай вобласці, прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў далі справаздачу аб тым, што ўжо зроблена, а якія справы яшчэ наперадзе, і атрымалі даручэнне трымаць на кантролі працэс падрыхтоўкі да юбілею.
На гэты момант працягваюцца рэстаўрацыя званіцы манастыра і рэканструкцыя брацкага корпуса — аднаго з найстарэйшых будынкаў комплексу, ідзе азеляненне тэрыторыі, таксама ў плане неабходных работ абнаўленне дарог і інжынерных сетак, добраўпарадкаванне сацыяльна значных аб'ектаў у пасёлку Жыровіцы. А пры ўваходзе ў манастыр усталююць роставую скульптуру з бронзы — помнік аднаму з падзвіжнікаў веры архімандрыту Серафіму Жыровіцкаму.
Кіраўнік аргкамітэта віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што добраўпарадкаванне, будаўнічыя, рамонтныя работы і падрыхтоўка аб'ектаў для прыёму і размяшчэння гасцей у пасёлку Жыровіцы і ў Слоніме павінны быць завершаны да пачатку мая. Нагадаем, акрамя галоўных урачыстасцяў у Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры 18—20 мая да юбілею прымеркаваныя прэзентацыя новых турыстычных праектаў, у тым ліку віртуальных, правядзенне навуковых канферэнцый, адкрытага фестывалю «Жыровіцкі фэст», круглых сталоў, тэматычных выставак кніг, ікон і жывапісных палотнаў.
Паводле БелТА
Прэв'ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/manastyr
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrovicki-manastyr
[4] https://zviazda.by/be/tags/ikona