Многія сёння падзяляюць меркаванне, што ў нашай краіне шоў-бізнесу не існуе. Але сітуацыя карэнным чынам змяняецца, калі пачынаеш глыбей цікавіцца гэтай тэмай. Да прыкладу, на тыдні з’явілася прыемная навіна: кліп на хіт “Небяспечна” магілёўскага рок-гурта Nizkiz пераступіў адзнаку ў мільён праглядаў на YouTube! Гурта, які пачынаў з невялічкіх клубаў на 100 чалавек, а цяпер мае салдаўт ледзь не на кожным сваім выступленні! І гэта не адзіны прыклад.
У Міжнародны дзень роднай мовы “Звязда” стварыла адмысловы плэйліст, у які ўвайшлі сучасныя артысты самых розных жанраў: ад мадэрновага хіп-хопа да таямнічай электронікі.
Выпускаючы свой першы дыск “Адчувай” у 2017-м, поп-гурт Паліны Цімохінай Pauline каментаваў сваю працу так: “Усё гэта гісторыі чалавека тонкага, шчырага, ранімага, які, можа, нават дзесьці заблытаўся, але ў той жа час моцнага, які заўсёды беражліва захоўвае надзею на нешта лепшае”. Альбом з меланхалічным і лірычным настроем з’яўляўся для сваіх стваральнікаў своеасаблівай вехай, сканчэннем пэўнага творчага этапу. Але цяжка было прадказаць, што ў далейшым адбудзецца столькі зменаў: назва, стыль, нават склад! Абноўлены гурт Paulinn летась прадставіў EP “Мадуляцыя”. “Гэтая праца адметная тым, што ўпершыню я выступіла ў якасці аўтара для дуэту, усе аранжыроўкі рабіліся ўласнымі рукамі і з выкарыстаннем новых для нас метадаў і інструментарыя”, — дзялілася ў размове з музычным парталам Tuzin FM [4] Паліна Цімохіна.
Gleboki Smak. Рэп па-беларуску? Так! Глеб Хамутоў, стваральнік праекта Gleboki Smak, “стрэліў” у 2011 годзе, калі перамог на фрыстайл-батле Street Awards, а праз два гады выпусціў свой першы трэк. Пасля хлопец на некалькі гадоў знік з інфапрасторы, каб вярнуцца сур’ёзна і надоўга з дэбютным альбомам “Drenny ton”. У інтэрв’ю [5] Глеб казаў, маўляў, за апошні час з’явілася шмат новых асобаў, аднак з беларускамоўным рэпам “усё сумна”. “Але ж ёсць Gleboki Smak! Больш вам ніхто не патрэбны”.
Дазволім сабе не пагадзіцца з гэтымі словамі, бо сам Глеб запісаў прыгожы фіт з іншай узыходзячай зоркай беларускамоўнага хіп-хопа — ZRABI. Барбара Гузарэвіч з дзяцінства займалася музыкай: вучылася ў музычнай школе, паступіла ў каледж мастацтваў на эстрадны вакал, які, зрэшты, не скончыла. Творчасцю занялася натхнёная думкай, што беларусы калісьці загавораць па-беларуску.
Спявачка імкнецца “падштурхнуць успомніць пра „сваё“ праз нешта сучаснае” і пазбавіцца адчування, “што беларуская мова — гэта толькі Якуб Колас і Янка Купала, што яна засталася дзесьці ў XX стагоддзі. Я хачу разбурыць папулярныя сярод моладзі стэрэатыпы, што наша мова непрыгожая і не стыльная”.
AKUTE. Магілёўскае трыа па-рознаму апісвае сваю творчасць: “дыска-дэкаданс”, “смерць-рок”… Зрэшты, такія азначэнні толькі выдзяляюць “Акутэ” на беларускай рок-сцэне. Іх разынка — змрочныя аранжыроўкі і мінорна-рамантычная лірыка, натхнёная навуковай фантастыкай XX стагоддзя: Рэем Брэдберы, братамі Стругацкімі, Айзекам Азімавым. Але нязменна на беларускай мове.
У рэпертуары хлопцаў (і дзяўчыны — бубначкі Vicky Fatez) ужо пяць паспяховых альбомаў. Апошні — “V” — прадставілі летась. Гучанне змянілася: падчас запісу музыкі выкарыстоўвалі сінтэзатар. І адзначалі ў інтэрв’ю: гэта рэзультат, да якога яны ішлі ўсю кар’еру, пачынаючы з дэбютнага рэлізу “Дзевачкі і космас”.
Сёння AKUTE — заўсёднікі шматлікіх беларускіх фестываляў.
:B:N:, альбо “Бяз назвы” — бадай, самы пазітыўны беларускі рок-калектыў. Датай яго заснавання лічыцца 1999 год. У 2002-м гурт перамог на “Басовішчы” і выпусціў свой першы дэма-альбом — “Пра сябе”. За сваю далейшую гісторыю :B:N: стварыў шмат “стадыённых” хітоў, такіх як “Жыве рок-н-рол!”, “Канюшня”, “Вяртанне”, “Табе ўсё мала”, “Паралельны свет”, якія заўсёды гучаць на канцэртах. Апошні ж на гэты момант альбом — “#коджыцця” — пабачыў свет у 2018 годзе. У яго таксама ўвайшлі песні з папярэдняй пласцінкі — “Шукай сваё”.
Цікавы факт: лідар “Бяз назвы” Алесь Лютыч — муж бубначкі AKUTE Vicky Fatez. Музыкі маюць уласны праект Lovestory.
Nürnberg. Малады беларускі дуэт працуе ў вельмі папулярным сёння стылі — пост-панку з рэтра-вэйвам 1980-х. Назва паводле нямецкага горада аказалася для хлопцаў прарочай: дэбютная касета (!) пабачыла свет у сталіцы Германіі. Зрэшты, Ян (вакал, бас) і Алег (гітара) працягваюць тварыць у Беларусі, у адрозненне ад звышпапулярнага ў Еўропе і амаль невядомага ў нас гурта “Молчат дома”, які грае ў той жа стылістыцы.
А сёння прапануем паслухаць альбом “Скрывай” 2018 года.
“Мутнаевока”. Мінскі гранжавы праект заснаваны Яўгенам Змушкам (вакал, гітара) у 2005-м. За гады дзейнасці каманда паспела выступіць на адной сцэне з вядомымі расійскімі калектывамі Animal ДжаZ і Noize MC, а таксама “разагравала” Палац спорту перад канцэртам фінаў The Rasmus (пазней гэтаксама выступалі AKUTE). Што да рэпертуара — запісаны тры альбомы. Зараз фанаты чакаюць новую пласцінку, з якой ужо выдадзеныя два сінглы: “Лініі” і “Розныя”.
Цікавая адметнасць жывых выступленняў “Мутнаевока”: Яўген Змушка паміж песнямі чытае ўласныя вершы, а выраз “Добрай раніцы, краіна!” — яго фірмовае вітанне.
Shuma. Гэты дуэт пераасэнсоўвае старажытныя беларускія спевы, спалучаючы іх з сучаснымі накірункамі электронікі (дып хаўсам, даб тэхна, мінімалам). Прыхільнікі называюць трэкі дуэта “гукавымі знахарамі”, а эксперты адзначаюць узнагародамі: альбом года, найлепшы электронны альбом, найлепшы беларускі альбом…
Shuma добра вядомая ў Беларусі. Гурт выйшаў у фінал нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2018 з песняй “Хмаркі”, а яго лідарка Руся разам з этна-трыа “Троіца” ўдзельнічала ў запісу саўндтрэкаў для гульні World of Tanks. І нават паспела стаць голасам мінскага чыгуначнага вакзала!
Акрамя таго, летась яна стала мамай… і выпусціла аб гэтым альбом. Me, mother — пра розныя станы мацярынства і перажыванні ўзаемаадносін чалавека з маці, ад эйфарыі да агрэсіі. Гучыць мягка і гіпнатычна.
Арсеній ЧУПРЫГІН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/arseniy-chuprygin
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://tuzinfm.by/performer/mp3/3640/adcuj.html
[5] https://tuzinfm.by/article/4397/gleboki-smak-tak-hucyc-sucasny-bielaruski-rep-audyjo-videa.html
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/artysty
[8] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-muzyka
[9] https://zviazda.by/be/tags/pop
[10] https://zviazda.by/be/tags/alternatyva
[11] https://zviazda.by/be/tags/elektronika
[12] https://zviazda.by/be/tags/hip-hop