Урэзку стрэлкі паміж Аўтазаводскай і Зеленалужскай лініямі метрапалітэна намечана правесці ў трэцяй дэкадзе сакавіка, паведамілі [1] агенцтву "Мінск Навіны" ва УП "Мінскметрабуд".
Як адзначыў генеральны дырэктар УП "Мінскметрабуд" Леанід Стухальскі, арыентыровачна 21 і 22 сакавіка часова будзе закрыты для эксплуатацыі ўчастак падземкі ад станцыі "Фрунзенская" да станцыі "Каменная Горка". У дадзены перыяд метрабудаўнікі плануюць правесці ўрэзку стрэлкі, злучэнне рэйкавых пуцей паміж дзеючай Аўтазаводскай і будуемай Зеленалужскай лініямі.
- Ветка з'ездаў будзе рабіцца на перагоне ад станцыі "Плошча Францішка Багушэвіча" і выйдзе паміж станцыямі "Фрунзенская" і "Маладзёжная", - адзначыў Л. Стухальскі. - Тэхнічна гэта вельмі складаная задача. На перыяд правядзення гэтых работ прадпрыемствам "Мінсктранс" будзе арганізаваны кампенсацыйны наземны транспарт з прыпынкамі ля кожнай станцыі метрапалітэна.
Адзначым, станцыя "Каменная Горка" з'яўляецца адной з самых загружаных у сталічнай падземцы. У мінулым годзе яе паслугамі скарысталіся звыш за 22,4 млн пасажыраў. Бліжэйшай да яе станцыяй па пасажырапатоку была "Плошча Леніна" - амаль 19,8 млн. У цэлым у 2019 годзе паслугамі метрапалітэна скарысталіся каля 294 млн пасажыраў.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/soedinenie-putej-vtoroj-i-tretej-linij-metro-planiruyut-provesti-21-i-22-marta/
[2] https://zviazda.by/be/tags/minski-metrapaliten