Сярэдняя тэмпература зімы 2019–2020 гадоў у нашай краіне склала плюс 1,5 градуса. Гэта на 5,5 градусаў вышэй за кліматычную норму. Як адзначыла на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы намеснік начальніка ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» Святлана Кузьміч, такая цёплая зіма на тэрыторыі Беларусі адзначаецца ўпершыню за ўвесь час інструментальных нацыянальных назіранняў (140 гадоў).
Згодна з нацыянальнымі нормамі тэмпературы ў халодны перыяд, кліматычная зіма на тэрыторыі нашай краіны так і не наступіла. Ва ўсе зімовыя месяцы так і не адбыўся пераход сярэдняй тэмпературы праз нуль у бок паніжэння. На гэты раз мы атрымалі сярэднееўрапейскую зіму, якая адзначаецца станоўчымі тэмпературамі, змяшанымі ападкамі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, а таксама поўнай адсутнасцю снежнага пакрову.
Разам з тым, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра кліматычных даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Уладзімір Логінаў адзначае, што ў Еўропе такая анамальна цёплая зіма ўжо назіралася 200 гадоў таму назад. Ёсць дакладныя звесткі, што ў 1819 годзе ў Еўропе ў лістападзе і снежні квітнелі сады.
Сярэдняя тэмпература вясной у нашай краіне складае плюс 6,9 градусаў. У сакавіку — плюс 0,2 градуса, у красавіку — плюс 7,3 градуса, у маі — 13,3 цяпла. Дык вось, згодна з сінаптычнымі мадэлямі кліматычнага цэнтра СМА ў Беларусі ў сакавіку і красавіку сярэдняя тэмпература будзе на 0,5–1 градус вышэйшай за кліматычную норму. А ападкі будуць у межах нормы.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: meteoprog.ua
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore