На беларускай музычнай прасторы гурт Іrdorath — прыклад гісторыі, калі талент сам прабівае сабе месца пад сонцам. Уладзімір (рэжысёр народных абрадаў і свят з залатымі рукамі) пазнаёміўся з Надзеяй (без пяці хвілін юрыстам), а далей — класіка жанру: паверылі ў сваю мару, знайшлі аднадумцаў і працавалі кожны дзень дзеля здзяйснення задуманага. Як вынік — тры альбомы ў стылі фолк-фэнтэзі, пяць кліпаў і гастрольны графік па свеце кожны год. Якраз перад чарговым ад'ездам мы сустрэліся з музыкантамі, каб пагаварыць пра свабоду самавыяўлення, любоў да беларускага і сям'ю.
— Нядаўна вы прадставілі на суд публікі кампазіцыю "Сэрца расколата" і відэакліп на яе. У ім Надзея выступіла ў якасці рэжысёра. Якія ўражанні ад такога вопыту?
Надзея: — Гэта было адказна. Зразумела, раней я мела дачыненне да відэа, бо шмат манціравала для нашага гурта. Напрыклад, так было з кліпамі "Варажэя", "Купала на Івана" і з канцэртнымі відэа, з блогамі. Але разам з тым "Сэрца расколата" — наш пяты кліп, і ніколі не было такога, што мы проста наймаем чалавека, які нам усё робіць. Упершыню я выступіла ў ролі рэжысёра і рабіла ўсё ад пачатку і да канца, паколькі адчувала, што мінулы вопыт ужо дазваляе мне адважыцца і ўзяць на сябе адказнасць за канчатковы вынік. А Уладзімір адказваў за візуал — касцюмы і рэквізіт.
— У апошнім кліпе закранаеце шмат важных тэм, сярод якіх сям'я, спроба разабрацца ў сабе і, адпусціўшы мінулае, здабыць свабоду. Узнікненне песні абумоўлена ўласнымі перажываннямі?
Надзея: — Так, тут вельмі асабісты кантэкст. Калі звярнуцца першапачаткова да тэксту, то ў ім апісваецца ўсё, што адлюстроўвае наша жыццё. Там схавана мая гісторыя... Адна частка згублена ў дарозе — гэта наша пастаяннае намотванне кіламетраў па свеце. Самая шчаслівая — пакінута ў краі далёкім, дзе нам было добра. І так я з дапамогай іншасказальнай мовы Іrdоrath апавядаю гісторыю маіх перажыванняў у канкрэтны час. Але, думаю, такі сюжэт блізкі кожнаму чалавеку, бо наўрад ці знойдзецца той, чыё сэрца ніколі не пакутавала і не разбівалася.
— Як узнікла ідэя ўвасобіць такую гісторыю, дзе акцёрамі стала ваша сям'я?
Уладзімір: — Даўно хацелася паказаць свету, якія мы розныя, хоць і родзічы. У нашай сям'і пяцёра дзяцей, і кожны па-свойму паспяховы ў творчай сферы. Але ніколі нічога мы не рабілі сумесна. Напрыклад, старэйшы брат — фехтавальшчык, акцёр і мае ўласны фрык-тэатр. Другі — лучнік, таксама мае сваю школу. Сястра — мотакаскадзёр... Я займаюся зразумела чым. Толькі малодшы брат пакуль на публіку не працуе — ён экстрэмальны турыст. І нам хацелася сабрацца і паказаць, як мы адно аднаго адчуваем.
Надзея: — Калі я трапіла ў гэтую сям'ю, то вельмі здзівілася і праніклася эстэтыкай іх узаемаадносін. Тым, як маці змагла выхаваць пяцярых дзяцей настолькі творчымі і свабоднымі духам. І мне вельмі хацелася паказаць убачаны свет іншым людзям. Праз восем гадоў зоркі сышліся і з'явілася песня, узнікла ідэя яе ўвасаблення. Калі ты бярэшся гаварыць пра такія сур'ёзныя тэмы і паказваеш гэта на прыкладзе асобнай сям'і, то зрабіць дрэнна проста не маеш права. Таму мы чакалі, калі будзем гатовыя дзяліцца сваім бачаннем.
— Наколькі разумею, менавіта ваша знаёмства паклала пачатак праекту Іrdarath?
Уладзімір: — У мяне была гатовая ідэя, і я шукаў сабе кампаньёна. Выпадкова даведаўся, што Надзея музыкант.
Надзея: — Мы пазнаёміліся на курсах акцёрскага майстэрства. На той перыяд распаўся гурт, дзе я была клавішніцай, і пачуўшы Воваву ідэю, я зацікавілася. Мы ігралі на вуліцах — ён на валынцы, я на барабане. Аднак паколькі я вучылася на юрыдычным, то думала: што будзе, калі мяне ўбачаць мае сакурснікі, словам, сумнявалася. Але Уладзімір паабяцаў пашыць мне прыгожую сукенку для выступленняў, тады згадзілася.
— Азіраючыся на пройдзены шлях амаль у дзесяць гадоў, скажыце: што сёння для вас самае складанае?
Надзея: — Гастрольны графік. Усе ўдзельнікі нашай каманды, у тым ліку тэхнік, кіроўца і гукарэжысёр, падстройваюць сваё жыццё пад расклад выступленняў. У Іrdarath варта быць гатовым да таго, што не трапіш на дзень народзінаў да сябра ці на юбілей да мамы, бо некаторыя даты канцэртаў мы ведаем за год, а іншыя даведваемся за тыдзень да паездкі. Тут няма такога, што хочаш — едзеш, хочаш — адмаўляйся... Увесь сезон мы разам, выступаем, а як выпадае магчымасць адпачыць, то робім тое толькі па агульнай дамоўленасці і тады, калі няма фестываляў.
Уладзімір: — Таксама важна быць гатовым да доўгіх пераездаў па 20 гадзін, да работ ы на фестывалях. Бо адна справа, калі ты даеш канцэрт у клубе, дзе любое надвор'е не страшнае, дзе можаш працаваць у камфорце, і іншая — калі выступаеш пад адкрытым небам.
Надзея: — І трэба, каб быў узровень прафесіяналізму, а калі ў нечым не дацягваеш, то неабходна шмат працаваць. Мы кожнага ў камандзе матывуем расці і развівацца.
— Зразумела, для стварэння музыкі, шоу неабходна ўкладацца творча і фінансава...
Уладзімір: — Я не столькі захапляўся музыкай, як мне заўсёды хацелася перфомансу вакол сябе. Першыя ідэі былі пра стварэнне вулічнага тэатра, дзе можна было б паяднаць музыку, пластычны тэатр, фаер-шоу. Гэта быў творчы пошук, і мы прыйшлі да таго, што выступаем самі і са сваёй музыкай, ствараючы ўласнае шоу... Дакладна разумеем: не прыйдзе нехта і не прафінансуе нас. Але ёсць людзі, якія натхняцца тваёй творчасцю і падтрымаюць ідэю. Напрыклад, першы наш альбом «Ad Astra» запісвалі сваімі сіламі і з падтрымкай сяброў. Менавіта яны далі абсталяванне, якое дазволіла запісаць кружэлку.
Надзея: — Вялікую ролю ў стварэнні нашых шоу іграе Уладзімір, бо ён сваімі рукамі шые сцэнічныя касцюмы, абутак, робіць дэкарацыі. У нас на сцэне знаходзіцца дэкарацыя ў выглядзе крылаў цмока, якая стаіць на адной апоры. Яшчэ на этапе яе прамалёўкі ўсе казалі, што яна не будзе трымацца, а ён прыдумаў, як гэта здзейсніць. Альбо: стойка для інструментаў зроблена ў выглядзе галавы аленя памерам паўтара метра ў размах. Там таксама свае сакрэты, каб можна было ўсё зручна манціраваць і перавозіць. Многае ў нас робіцца сваімі рукамі.
— Раскажыце пра інструменты, якія таксама з'яўляюцца неад'емнай часткай выступленняў. Дзе вы іх знаходзіце, у каго вучыцеся на іх іграць?
Уладзімір: — Гадоў дзесяць таму я шмат мог бы расказаць пра гэта. А сёння ўсё робіцца ў некалькі клікаў. Інтэрнэт, на жаль, многае абясцэніў, але разам з тым і даў шмат магчымасцяў. Памятаю, калі шукаў сваю першую валынку, то спачатку праз выкладчыка па габоі выйшаў на чалавека ў Мінску, які займаўся даследаваннямі беларускіх народных інструментаў. Той даў кантакты іншых людзей, і потым я даведаўся, што ў сталіцы існуе тусоўка валыншчыкаў, і там ужо трэба было знайсці таго чалавека, з якім і дамовіўся пра выраб інструмента для сябе... З часам мы пазнаёміліся з майстрам, які робіць розныя музычныя інструменты для сусветна вядомых калектываў, і цяпер у любы час можам прыехаць да яго і замовіць нешта альбо адрамантаваць. Цяпер ужо не праблема зрабіць інструмент, важна, чаго хочаш на выхадзе. Напрыклад, дзіджэрыбон (духавы інструмент абарыгенаў Аўстраліі) звычайна дае толькі адну ноту, а ў нас ён слайдавы, што дазваляе граць мелодыю на ім, як на трамбоне.
— Як аднесліся да выбару быць музыкантамі блізкія?
Надзея: — Мама выйшла замуж за чалавека, з якім пазнаёмілася на маім канцэрце. У яе да мяне ўвогуле не можа быць прэтэнзій.
Уладзімір: — У нас у сям'і так склалася, што маці выхоўвала пяцярых дзяцей у дзевяностыя. Ёй даводзілася шмат працаваць і займацца пытаннямі выжывання, як і ўсім тады. І тут галоўнае ў тым, што маці выхавала нас людзьмі. Яна была пераканана: так мы абавязкова зможам знайсці сваё месца ў свеце. Варта толькі верыць у нас, даваць нам свабоду і давяраць. За што я ёй вельмі ўдзячны.
— Геаграфія гастроляў гурта вельмі шырокая. На ваш погляд, што аб'ядноўвае людзей, якія прыходзяць да вас на канцэрты?
Надзея: — Напрыклад, возьмем Германію, дзе нас найбольш любяць і дзе беларускае фэнтэзі, якое мы прадстаўляем у сваёй творчасці, цікавіць публіку больш чым у Беларусі. Там увогуле развіта фестывальная культура, на выхадных людзі едуць не на дачу смажыць шашлык, а збіраюцца, шыюць касцюмы і наведваюць розныя тэматычныя фестывалі. Гэта дазваляе ім пасля працоўных будняў самавыявіцца і адпачыць. А ў нас жа зусім па-іншаму: людзі шмат працуюць, і ім заўсёды не да адпачынку. За мяжой намі цікавяцца, таму што для іх наша творчасць каларытная, нязвыклая. Бо мы менавіта аўтарскі праект, творчасць якога грунтуецца на беларускай міфалогіі. Ім цікава, што гэта за краіна і што за культура. Можна сказаць, мы флагманы беларускай сучаснай культуры, якія распаўсюджваюць яе ў Еўропе.
— Што для вас значыць «быць беларусамі»?
Надзея: — За гады вандровак усведамлялі розныя моманты: ад «тут няма ніякай перспектывы» да «гэтая краіна дае нам свабоду перамяшчэння». Бо мы можам паехаць куды заўгодна, і ніхто не будзе мець прэтэнзій, што мы беларусы. Але галоўнае — гэта прыналежнасць да культуры, дзе ёсць беларуская мова, фальклор і творчасць Уладзіміра Караткевіча. І мы кожны раз адчуваем радасць, перасякаючы мяжу, бо вяртаемся дадому.
— Вядома, што творчасць у любым праяўленні, па-першае, дазваляе самавыявіцца, а, па-другое, дае магчымасць дзяліцца з аўдыторыяй уласнымі поглядамі на праблемы, падзеі... Аб чым вам хочацца гаварыць праз сваю музыку?
Надзея: — Зараз я магу сказаць, што мае погляды на гэтыя моманты ў працэсе развіцця змяняліся. Быў перыяд, калі мы ставілі перад сабой задачу проста развесяліць і «растанцаваць» людзей. Потым з'явіліся мары і запісалі альбом «Ad Astra» з сур'ёзнай музыкай і з пасылам, як важна верыць у сваю мару і дасягаць яе. Гэта і стала лейтматывам далейшай гісторыі. Потым шмат ездзілі па свеце і бачылі тое, якая культура разнастайная, якія людзі цікавыя і не падобныя адно да аднаго. У нас узнікла шмат пытанняў, і на іх глебе з'явіўся другі альбом «Dreamcather». Плюс мы ўжо выраслі як музыканты, з'явіўся пэўны настрой, пасыл. Потым пачалі разважаць над тэмай нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і зрабілі выснову, што перш за ўсё яна ў тым, як успрымаюць нас іншыя людзі. Запісалі альбом «Wіld», у якім расказалі пра тое, кім з'яўляемся. І вось цяпер кампазіцыя «Сэрца расколата», дзе ўжо пачынаем гаварыць пра асабістае, але ў стылістыцы Іrdоrath.
Уладзімір: — Увесь час нас непакоіла пытанне адносна меседжу, бо ў большасці гуртоў гэта пратэст ці яшчэ нешта. Але калі, напрыклад, іграеш на зборных канцэртах, фестывалях, то абсалютна не важна, што ты спяваеш, галоўнае — наколькі ты ў гэта верыш. Выконваючы тое, што ў самім не адклікаецца, ты будзеш хлусіць і нікога не зачэпіш. Менавіта ў гэтым, мне здаецца, і ёсць наш пасыл — быць сапраўднымі і свабоднымі, не абмяжоўваючы сябе рамкамі грамадства.
Алена ДРАПКО
Фота дадзена гуртом
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/irdorath
[5] https://zviazda.by/be/tags/gurt
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-na-marshy