Напярэдадні Дня Канстытуцыі Беларусі найлепшым прадстаўнікам моладзі, якія маюць асаблівыя заслугі ў вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці, уручаюць пашпарты ва ўрачыстай абстаноўцы.
«Пашпарт — гэта не толькі дакумент, які пацвярджае вашу асобу. Гэта дакумент, які ўказвае на прыналежнасць краіне, на тое, што за вашымі плячыма — беларускі народ. Гэта ваш першы дакумент у дарослае жыццё. А сталенне — гэта ўсведамленне таго, што вы неабходныя сваёй сям'і, сваёй малой радзіме, сваёй краіне», — звярнуўся да юных суайчыннікаў Ігар Сергеенка.
Якую б прафесію праз некалькі гадоў ні абралі хлопцы і дзяўчаты, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пажадаў ім быць мэтанакіраванымі, добра вучыцца, знайсці сябе ў жыцці — каб перш за ўсё заставацца чалавекам і грамадзянінам, верыць у сябе і верыць у сваю Беларусь.
«За такімі вось дзецьмі — будучыня нашай краіны, і наша краіна такімі людзьмі проста прырастае. Ім ёсць кім ганарыцца: сваёй краінай, сваімі бацькамі, тымі пакаленнямі, якія заваявалі мірнае неба і свабоду, якія адстаялі незалежнасць нашай краіны ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны», — сказаў журналістам Ігар Сергеенка.
Ад імя равеснікаў вучаніца Дзісненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна Паліна ВАЛЕНЦІК і вучаніца сярэдняй школы № 15 Гродна Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА паабяцалі справай даказаць: моладзь — годныя грамадзяне Беларусі. Дзяўчаты падарылі Ігару Сергеенку ляльку ў нацыянальным строі.
«Здорава, калі кожны разумее, што гэта надзяляе асаблівай адказнасцю ў такі ўрачысты момант, таму што ўсе дасягненні і перамогі, якія ёсць сёння ў хлопцаў і дзяўчат, — гэта сапраўды на карысць і сваёй малой радзіме, дзе яны жывуць, і ў цэлым роднай Беларусі», — адзначыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Дзмітрый ВАРАНЮК. Ён падкрэсліў: галоўнае, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб юнакі і дзяўчаты маглі развівацца.
Кожны ўдзельнік цырымоніі атрымаў у падарунак ад БРСМ дзяржаўны сцяг Беларусі і сувеніры. Для юных грамадзян таксама правялі экскурсію па Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Варвара Марозава
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/myorski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/miyorski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/pershyya-pashparty
[7] https://zviazda.by/be/tags/ihar-sierhiejenka