Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка параіўся з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Андрэем Раўковым і кіраўнікам Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Сергеенкам.
Нагодай для сустрэчы стала заява прэм’ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна аб закрыцці [4] мяжы з Беларуссю.
«Не тое што нас вельмі ўжо хвалюе і ў нас тут ужо ці не паніка, не. Але тэма вартая таго, каб падумаць, як нам дзейнічаць адпаведна і адэкватна. Дзіўна, што ў расійскім урадзе ніхто не ведае, што ў нас мяжы няма. Яна не дэлімітавана і не дэмаркавана. У нас няма мяжы, таму закрываць няма чаго», — канстатаваў Прэзідэнт.
Ён зрабіў здагадку, што расійскі бок усталяваў мяжу ў сябе. Здзіўляе менавіта «закрыццё» — не ўвядзенне кантролю хворых на каранавірус ці нейкіх іншых мерапрыемстваў. У адказ Прэзідэнт асобным «гарачым галовам» можа толькі параіць думаць перш, чым казаць.
«Справа ў тым, што закрыць — як і пачаць нейкую вайну, яшчэ чагосьці — заўсёды прасцей, чым потым з гэтай сітуацыі выходзіць. Таму што пасля закрыцця прыйдзе перыяд, калі трэба будзе адкрываць. А я ведаю, як гэта. Гэта ўсё вельмі няпроста. Я асабіста не жадаў бы, каб гэта ў маім жыцці паўтарылася», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Расія закрыла мяжу ў якасці меры барацьбы з новым каранавірусам. Але, на думку Прэзідэнта, вірусолагі разумеюць, што змагацца з вірусам тэрытарыяльна немагчыма, асабліва ў нашым глабалізаваным свеце. Больш за тое, па логіцы Расіі, граніцы трэба закрываць ужо рэгіянальна, працягнуў Аляксандр Лукашэнка.
«Расія велізарная. Навошта ж адрэзалі Беларусь ад Расіі, не падумаўшы аб наступствах? Мне здаецца, там больш заклапочаныя тым, як Маскву нейкім плотам агародзіць і думаць: крый Божа, урад заразіцца. І пачалі здалёк», — напаўпажартаваў беларускі лідар.
Ён упэўнены: з вірусамі трэба змагацца па сутнасці, прафесійна, кропкава. Прэзідэнт выказаў здзіўленне тым, што расійскі бок бясплатна прапанаваў Беларусі тры тысячы тэстаў. У Міністэрстве аховы здароўя такой дабрачыннасці нават не зразумелі. А усходняя суседка патлумачыла: для абароны на мяжы з Польшчай.
«Сапраўды, мы гэта робім (кантроль тых, хто ўязджае — «Зв.») ужо два месяцы амаль, як толькі сігнал пайшоў. На ўсіх межах, акрамя Расіі, правяраем людзей. Вось яны нас праспансіравалі, прызналі, што мы гэта робім правільна», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
На агульнай заходняй граніцы і трэба было зрабіць акцэнт замест таго, каб закрываць мяжу з Беларуссю, упэўнены лідар краіны. Калі Расія сама прызнала сваю сітуацыю складанай, лагічна было б ад нашай краіны чакаць боязі.
«Вы ж чаго баіцеся Беларусі? Пры такім нашым кантролі і стаўленні да гэтай праблемы — давайце разам гэта рабіць. Не. Закрылі. Ну што ж, гэта іх справа. Мы мусім сёння вызначыцца, што нам рабіць у гэтай сітуацыі, каб не пацярпелі ні людзі, ні эканоміка: за год 110 мільёнаў тон грузу перамясцілася транзітам! Чым думалі людзі, калі прымалі такія рашэнні?» — не разумее беларускі лідар.
Ён прадбачыць велізарныя чэргі фураў, незадаволенасць людзей, нязручнасць для беларусаў у Расіі і расіян у Беларусі... Аляксандр Лукашэнка плануе па тэлефоне абмеркаваць праблему з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Падыход адзін: людзі пацярпець не павінны. Адпаведны комплекс мер лідар краіны даручыў выпрацаваць разам з урадам.
Варвара МАРОЗАВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] http://zviazda.by/be/news/20200316/1584330448-dzmitryy-kisyalyou-rasiya-na-getym-tydni-zakrye-myazhu-z-belarussyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/andrey-raukou