Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Бабруйск. У раённым цэнтры Прэзідэнт азнаёміўся з працай ААТ «Славянка». Адзін з найбуйнейшых вытворцаў адзення з лютага пачаў шыць ахоўныя маскі. Штодня выпускаецца каля 150 тысяч штук. Таксама «Славянка» асвоіла вытворчасць аднаразовага адзення для медыцынскага персаналу.
Прэзідэнту таксама далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці, супрацьдзеянні распаўсюджвання каранавіруса, аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па павелічэнні вытворчасці айчынных сродкаў медыцынскай аховы.
Перш за ўсё Прэзідэнт пацікавіўся ў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца, як праходзіць у рэгіёне пасяўная кампанія. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на апрацоўку грэчкі. Лукашэнка патлумачыў гэта тым, што расіяне адмовіліся працаваць з Беларуссю.
Таксама ён спытаў, як ідзе сяўба іншых культур, ці ёсць у прадпрыемстваў пытанні з наяўнасцю паліва і ўгнаенняў. Леанід Заяц адзначыў, што істотных праблем няма. «Своечасова ўсё пасеем», — запэўніў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба звярнуць на дэфіцыт вільгаці. «У некаторыя нізкія месцы мы не можам улезці, нават у Гомельскай вобласці. Трэба цяпер паставіць тэхніку, каб разараць гэты дзірван», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц далажыў, што амаль усе галіны эканомікі вобласці спрацавалі дынамічна.
«Добра, але не думай спыняцца з-за нейкага псіхозу. Мы павінны выканаць тыя планы, якія перад намі стаяць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, на працягу месяца сусветная эканоміка, у тым ліку і ў найбліжэйшых суседзяў, пачне працаваць. «Еўропа пачала адчыняцца. На працягу месяца, я ўпэўнены, сусветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расіі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт праінфармаваў, што міжнародныя банкі і фонды дапамогуць Беларусі сродкамі на ахову здароўя.
«Нам вельмі моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды — менавіта пад ахову здароўя. Я хачу, каб мы, карыстаючыся момантам, убачылі слабыя месцы ў нашай ахове здароўя і падцягнулі яе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы даручыў, каб усе грошы, якія краіна атрымае ад МВФ, Сусветнага банка, Банка рэканструкцыі і развіцця, пайшлі на ахову здароўя. «І самае галоўнае, мы павінны там, дзе ёсць слабое звяно інфекцыйных бальніц, падцягнуць іх», — сказаў Лукашэнка.
Па меркаванні Прэзідэнта, Беларусь апынулася лепш гатовая да барацьбы з каранавірусам дзякуючы захаванню неабходных структур у сістэме аховы здароўя.
«Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што б укусіць Лукашэнку, Беларусь — яны выбіліся з ладу. Так не трэба здзіўляцца. Усё гэта таму, што мы захавалі сістэму і прывялі яе ў парадак. І так здарылася, што мы больш-менш апынуліся гатовыя да гэтай заразы і не толькі да яе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён зноў звярнуў увагу на тое, што праз каранавірус і падобныя інфекцыі памірае значна менш людзей, чым, напрыклад, ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў, анкалогіі і цукровага дыябету. «Нада мной паджартоўваюць, асабліва ў Расіі (як быццам больш няма пра што гаварыць, усе сталі вялікія): вось Лукашэнка кажа, што ў Беларусі ад каранавіруса ніхто не памёр. Яшчэ раз паўтараю: ад каранавіруса нават у вас у Магілёўскай вобласці ніхто не памёр. Усе паміраюць ад хранічных хвароб, а любы вірус жа б’е па слабым, у каго імунітэту няма. Вось што я меў на ўвазе», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ні ў якім разе не пераставаць лячыць іншыя захворванні і працягваць планавыя медагляды грамадзян, бо інакш можна не заўважыць у пацыента сур’ёзную хваробу.
Калі ў краіне пачаўся рост пнеўманій і выпадкаў каранавіруса, Прэзідэнт даручыў падключыць старшынь аблвыканкамаў і стварыць штабы, у якія кожную раніцу дакладваюць інфармацыю.
«З урачэй трэба і пытаць. Ты ж з сялян пытаешся за пасяўную кампанію, з кіраўніка гаспадаркі пытаешся, дык і урач няхай адказвае за сваё месца, а галоўнае, ўрач — за бальніцу, бяспеку ўрачэй, каб у іх усё было», — звярнуў увагу беларускі лідар, адзначыўшы, што «расслабляцца нельга нікому».
Урачы павінны толькі лячыць і выратоўваць людзей — чарговы раз нагадаў Прэзідэнт, а задача вертыкалі — ім зараз дапамагчы. І па словах Лукашэнкі, зараз яны з гэтым спраўляюцца.
Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне мясцовым уладам самастойна вырашаць праблемы з забеспячэннем ахоўных сродкаў.
Яшчэ перад размовай Прэзідэнту арганізавалі невялікую экскурсію па «Славянцы» — ён наведаў цэх па вытворчасці масак і вытворчасці побытавых павязак. Размаўляючы са швеямі, Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, як яны ставяцца да таго, што дзеці пайшлі ў школы. Таму гэта пытанне ад працоўных не стала для кіраўніка краіны нечаканым. Асноўны пасыл яго на гэтую тэму прагучаў так: «Дайце дзецям магчымасць працаваць, жыць і вучыцца так, як гэта было да канікул».
Па яго словах, ён гэтым часам назірае за рэакцыяй бацькоў. «Людзі розныя, і я іх за гэта не асуджаю. І як некаторыя ў нас так названыя апазіцыянеры пачалі папісваць у бандыцкіх гэтых тэлеграм-каналах, жоўтай прэсе. „Вось Лукашэнка пераклаў адказнасць на бацькоў“, — дзікасць поўная. Я нават залішне бяру на сябе адказнасць і на сябе гэты груз усклаў, хаця многія кажуць: прэзідэнцкія выбары, не трэба наперадзе каня бяжаць і наперадзе колаў. Як не трэба? Я ж Прэзідэнт — я за гэта адказваю. Усклаў адказнасць, не ўсклаў, усё роўна з мяне спытаеце», — падзяліўся ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ніхто не будзе настойваць на тым, каб бацькі адпраўлялі дзяцей на вучобу. Пачынаць школьныя заняткі ён рэкамендуе паступова і паціху ўцягвацца ў працэс. Па словах кіраўніка краіны, да студэнтаў падыход іншы — яны дарослыя людзі, самі ведаюць свае магчымасці і імкненні.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што няма патрабавання хадзіць у школу дзецям у масках, назваўшы гэта поўным глупствам: «Такога патрабавання не было. Калі дзесьці гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць. Ладна гелі, ды і яны, па-мойму, гаручыя, а этанол гэты і іншае. Як гэта дзецям, асабліва малым, у сумку пакласці бензін? Гэта глупства, ніхто гэтага не патрабаваў».
Адна з супрацоўніц звярнула ўвагу, што ў новым мікрараёне Бабруйска не хапае школы. Яе сыну даводзіцца на шляху па веды пераадольваць некалькі прыпынкаў. Па адказ на пытанне Прэзідэнт звярнуўся да старшыні гарвыканкама Андрэя Студнева, ён далажыў, што школа там не будзе лішняй.
Але тут Аляксандр Лукашэнка таксама падняў праблему — што будзе са школамі ў тых раёнах, якія больш не развіваюцца? Так атрымалася ў сталіцы і некаторых іншых гарадах — установы адукацыі ў цэнтры напалову загружаныя, а ў новых даводзіцца будаваць. Для рашэння магчыма было б і пусціць школьныя аўтобусы, як зрабілі ў вёсках.
Аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта па павелічэнні вытворчасці айчынных сродкаў медыцынскай аховы даклала старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна. Па яе словах, за некалькі месяцаў былі мабілізаваны ўсе магутнасці айчыннай лёгкай прамысловасці ад буйных дзяржаўных прадпрыемстваў да мікрабізнесу.
«Па выніках сакавіка мы выйшлі на сутачную магутнасць па вытворчасці масак мільён штук у дзень, — адзначыла старшыня канцэрна. — 15 красавіка выпусцілі 2 мільёны 230 тысяч масак, пачынаючы з 60 000 за суткі».
Па яе інфармацыі, амаль 500 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці ўключыліся ў гэтую працу. Удалося запоўніць не толькі аптэкі, але і закрываць рэзервы.
Задача была адна — насыціць свой рынак гэтай прадукцыяй.
«А сёння іншая праблема: куды яе дзяваць? Зноў урад хутка не зарыентаваўся, не трэба трымаць. Калі нам не трэба, мы насыцілі рынак, у нас ёсць у запасе мільёны, на складах ляжыць тавар — прападзе, — расказаў Прэзідэнт і дадаў пра наяўнасць попыту ў свеце на такую прадукцыю: — Сотнямі мільёнаў, мільярдамі прадаюць па ўсім свеце гэтую маску, нядрэннай якасці, але і вы не горш робіце. Чаму не прадаць? Ёсць просьбы і ад расіян, і ад латышэй, усе вакол просяць “дайце”. І ўкраінцы, ведаю, звярталіся. Трэба дапамагчы. Нам дапамагалі, і мы павінны дапамагчы».
«Чаго мы чакаем? Хай прадаюць, гэта тавар. Усе прадаюць маскі», — здзівіўся лідар дзяржавы, заўважыўшы, што неабходна праяўляць гібкасць у вытворчасці. Менавіта: перапрафіліравацца пад патрэбы краіны, але і не забывацца пра традыцыйную прадукцыю, каб яе не давялося купляць за мяжой.
Ствараюць айчынныя легпрамаўцы і ахоўныя кацюмы, халаты, бахілы і шапкі — тое, што замаўляе Мінздароўя.
Традыцыю насіць маскі ў перыяд ВРВІ, па меркаванні Прэзідэнта, трэба захаваць і надалей: «У ахове здароўя жалезна будзем патрабаваць і настойваць: урачы заўсёды павінны быць у пальчатках і масках у звычайны перыяд».
Яшчэ адна звычка, якая павінна захавацца і пасля пандэміі, — апрацоўка вуліц, дамоў, грамадскага транспарту, асабліва ў летні перыяд. «Не кожны дзень, але хаця б адзін-два разы на тыдзень мы павінны вуліцы апрацоўваць. Гэта наш вопыт, і мы яго павінны захоўваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Азнаёмілі Прэзідэнта са скуранымі вырабамі і верхнім адзеннем з іншых матэрыялаў, якія шыюць на «Славянцы». Падрыхтавалі для Аляксандра Лукашэнкі і прэзент — куртку. «Грошы не трэба плаціць, бо я прарэкламаваў», — пажартаваў ён.
Адказваючы на пытанне журналістаў, ці не збіраецца Аляксандр Лукашэнка перанесці правядзенне рэспубліканскага суботніка, кіраўнік дзяржавы адказаў, што не бачыць для гэтага падстаў. Таму што людзі ўсё роўна працуюць у пятніцу, і калі яны прыйдуць на працу ў суботу, гэта ні на што не паўплывае.
«Калі я прымаў гэтае рашэнне, я быў адназначна за суботнік. Па-першае, той, хто працуе, — яны адпрацуюць. Мы, чыноўнікі, свае заробкі таксама пералічым у фонд гэтага суботніка. Святая справа», — дадаў ён.
Грошы будуць пералічаны на будаўніцтва дзіцячых лагераў, санаторыяў, 75-годдзе Перамогі. На медыцыну яны не будуць пералічвацца, бо, па словах Прэзідэнта, хопіць сродкаў і з іншых крыніц.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што традыцыйна ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС прыязджае ў пацярпелыя раёны, на поўдзень краіны. Так будзе і сёлета, таму і ў рэспубліканскім суботніку ён паўдзельнічае ў гэтым рэгіёне.
Развітваючыся з Прэзідэнтам, кіраўнік «Славянкі» Тэймураз Бачарышвілі падарыў фотаздымак, зроблены з кіраўніком краіны падчас яго візіту на фабрыку 20 гадоў таму, і запрасіў Аляксандра Лукашэнку зноў у Бабруйск праз 10 гадоў — на векавы юбілей.
«Нават калі на пенсіі буду, прыеду», — паабяцаў лідар краіны.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/aat-slavyanka-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/babruysk