Вучоныя Беларусі сабралі багаты матэрыял пра адзін з унікальных аб'ектаў запаведнага фонда краіны — балота Дзікае, якое знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Гэта трэцяе па памерах балота ў Беларусі і адзін з найважнейшых прыродных аб'ектаў у свеце. Тут гняздуецца 140 відаў птушак, 39 працэнтаў з якіх маюць міжнародны ці нацыянальны стасус аховы.
На працягу шматгадовых палявых даследаванняў балотнага масіва і прылягаючых тэрыторый вучоныя збіралі звесткі пра клімат, рэльеф, гідралогію і гідраграфію, стратыграфію тарфяных залежаў, ландшафты асабліва ахоўнай тэрыторыі. Апісаны флора і фаўна, складзены спісы рэдкіх і ахоўных раслін і жывёл. Да таго ж прааналізаваны рэкрэацыйны і сацыяльна-эканамічны патэнцыял раёна, звесткі пра гісторыка-культурную спадчыну.
Усю гэту інфармацыю можна знайсці ў выданні «Балота Дзікае», падрыхтаваным калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй намесніка дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Дзмітрыя Грумо. Гэтае выданне распачынае серыю пра водна-балотныя ўгоддзі міжнароднага значэння на тэрыторыі Беларусі, якія ахоўваюцца ў адпаведнасці з Рамсарскай канвенцыяй.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/balota
[5] https://zviazda.by/be/tags/belavezhskaya-pushcha