Пагаварылi журналiсты «Звязды» з кiраўнiкамi Ленiнскага раёна Мiнска i аб яго перспектывах. Звязаны яны перш за ўсё з шырокiм вядзеннем будаўнiцтва жылля i сацыяльных аб'ектаў. Тлумачэннi дае намеснiк кiраўнiка адмiнiстрацыi Вольга Русiновiч, якая адказвае за групу эканамiчных пытанняў.
— Асноўнай перспектыўнай пляцоўкай для будаўнiцтва аб'ектаў, у тым лiку жылля, на тэрыторыi нашага раёна з'яўляецца жылы раён Лошыца, якi будзе развiвацца з улiкам забудовы мiкрараёнаў Лошыца-5, 7, 8, 9, 10.
I вось прыемная ў гэтым сэнсе навiна. У 2020 годзе плануецца забяспечыць увод у эксплуатацыю адразу дзевяць жылых дамоў агульнай плошчай 80,6 тысячы квадратных метраў. З iх шэсць жылых дамоў — для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, у тым лiку тры жылыя дамы агульнай плошчай 23 тысячы квадратных метраў.
I сёлета КУП «УКС Мiнгарвыканкама» плануе пачаць будаўнiцтва 10 жылых дамоў у мiкрараёне «Лошыца-8» для шматдзетных сем'яў, а КУДП «УКС Ленiнскага раёна Мiнска» збiраецца прыступiць да будаўнiцтва двух жылых дамоў у мiкрараёне Лошыца-7.
Акрамя жылля вядзецца праектаванне i будаўнiцтва сацыяльных аб'ектаў. У студзенi 2020 года ўведзена ў эксплуатацыю падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогi ў раёне вулiцы Сыракомлi. Завершаны работы i чакаецца ўвод у эксплуатацыю пажарнага дэпо ў Лошыцы.
Хачу прывесцi яскравы прыклад комплекснага вырашэння сацыяльных задач. Цяпер вядзецца праектаванне дзiцячай палiклiнiкi на 480 наведванняў у змену ў мiкрараёне Лошыца-9. Прыступiць да ўзвядзення гэтага аб'екта плануецца ў трэцiм квартале. Там жа, у Лошыцы-9, ужо будуецца дзiцячы сад на 230 месцаў з уводам у эксплуатацыю ў жнiўнi. I побач узводзiцца сярэдняя агульнаадукацыйная школа на 1020 навучэнцаў з басейнам. Наваселле запланавана на пачатак 2021 года.
— А што акрамя мiкрараёна Лошыца, Вольга Уладзiмiраўна? Раён жа вялiкi.
— Праз непрацяглы час будаўнiкi змогуць парадаваць жыхароў вулiцы Янкi Лучыны. Камунальнае прадпрыемства «Аква-Мiнск» праектуе тут фiзкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнамi i трэнажорнымi заламi. Прыступiць да ўзвядзення збiраюцца ўжо ў трэцiм квартале.
Вядуцца работы па трансфармацыi забудовы раёна вулiц Стралковай — Рыбалкi — Станiслаўскага (гэта раён мотавелазавода) пад жылую i грамадскую забудову. Так, цяпер ААТ «БЕЛАТЭП» вядзе праектаванне квартала забудовы, а менавiта сямі жылых дамоў у канструкцыях. Плануецца, што да будаўнiцтва першага этапа — трох жылых дамоў — ААТ «МАПIД» прыступiць ужо ў другiм квартале гэтага года.
Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-hilkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/leninski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[7] https://zviazda.by/be/tags/loshyca