Вуліца Першамайская ёсць у большасці нашых гарадоў і вёсак. Тлумачыцца гэта не толькі мілагучнасцю назвы. Усе мы, выбіраючы гэтую лакацыю для свайго жытла, падсвядома імкнёмся знаходзіцца на жыццядайным шляху вясны, аднаўлення. Я прайшоўся з фотаапаратам па мінскай вуліцы, якая мае назву Першамайская. Сустрэў шмат знаёмых. Разам абмеркавалі новы бігборд. Палюбаваліся, як мужчына ў касцюме «Гаркамунгаса» палівае вадою расквечаныя маладой лістотаю кусты. Гэтыя фота і вершаваны роздум над імі я занёс у свой дзённік.
Збіраем дні,
як з-пад сярпа калоссе,
Шукаючы зярняткі мудрых слоў.
Але каму, скажыце, давялося
Пачуць у тым
спрадвечным шматгалоссі
Хоць колькі новых
для сябе высноў?
Мы, ўладары
блакітнае планеты,
Прыцішваем і паскараем час...
Але усё ж, нягледзячы на гэта,
Жыццё дыктуе тыя ж запаветы
І той жа самы наш прад ім адказ.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotaslova-yaugena-pyaseckaga